Выбрать главу

— У-у! Ты, выяўляецца, сапраўдны трактарыст.

— Я і разам з таткам ездзіў. I адзін учора імчаў!

Бацька і раней прывучаў Алега да трактара. Расчулены ж гаворкаю з настаўніцай, якая і яму расказала пра выдатнае Алегава сачыненне, ён сапраўды дазволіў яму праехаць адну гонку. Поле там было роўнае, трактар добра слухаўся кожнага руху рукі, і плугі аніводнага разу по ўзбіліся на камень, ішлі роўненька, бы па шнурочку адвальваючы шырокія пласты. Увечары бацька, задаволепы, доўга расказваў дома за вячэраю пра тое, як Алег працаваў на трактары. Бацькавы словы ўспрымаліся зусім натуральна. Так, ён, Алег, бацькаў памочнік і сапраўдны трактарыст.

Бацька казаў усё гэта з гонарам. А Гонта казаў з нейкаю прытоенай кпінаю, глядзеў паблажліва, быццам увесь час падсмейваўся.

— I адзін нават? У-у-ух ты! Пакажы ж мне гэтае высокае майстэрства, сапраўдны трактарыст!

— Магу паказаць. Няцяжка…

Гонта не сышоў з трактара, сеў побач з Алегам на жалезнай скрыні ля правага кола. Бацька дык не сядзеў! А гэты — не давярае, баіцца. I неяк дужа ж хвалюешся, калі табе ў спіну глядзяць, за кожным рухам сочаць. I няхай Гонта сочыць! Трактар слухаецца, ідзе роўна. Цяпер толькі ў канцы поля павярнуць як след. Бацькаў трактар значна цішэй гудзе. Але гэты паварочваецца лягчэй…

Гонта нейкі час моўчкі сачыў за Алегам, потым выгукнуў узрушана:

— Кідай ты ў багну сваіх галаўнёў. Давай да нас, у брыгаду! Ай ды Алежак! Ай ды Лявонаў сын! Гатовы трактарыст! — і ўжо сур’ёзна, без ценю жартаўлівасці: — Гані цяперака на той край. А я тым часам бочкі на дарогу падкачу. Па іх машына павінна прыехаць. Нашто ж ёй папарам коўзацца, я на дарогу іх выпру…

Алег пачаў спяваць ад радасці, як толькі застаўся адзін на трактары. Сапраўды, трэба кідаць тыя вуды і садзіцца на гэтую вось машыну. Як хутка ідзе трактар! Цяпер вось тут, ля ўзмежка, трэба павярнуць улева — па новую гонку. Але што з трактарам робіцца? Нейкая глыбокая разора… I зямля глеістая, пярэднія колы ажно схаваліся ў ёй. І трактар, як дурны конь, занатурыўся… Трасе яго і падкідвае. I дужа ж раве матор. I зусім не слухаецца трактар, прэ на бярозы! А там, за тымі дрэвамі, роў глыбокі… Гонта бяжыць цераз поле. Трасе кулакамі. I роў блізка! Трэба павярнуць! Іначай — канец! Іначай —зваліцца ў роў трактар! Як жа яго павярнуць! Не паддаецца ж зусім ён, не хоча слухацца! Не, паварочваецца!..

«Я павярнуў яго! Я павярнуў яго!»

Алег нават не зразумеў, як гэта адбылося, адчуў толькі, што трактар зрабіўся паслухмяны: выраўняўся, пайшоў цішэй. I матор ужо не грымеў, працаваў рытмічна. I якую роўную чорную палосу пакідаюць за сабой драпакі. I як блізка Гонта! I які злосны ў яго твар! Ну, зараз ён зробіць уклейку! Э-э, у цябе ж дрыжаць рукі. Не, гэта ад напружання, ад таго, што грукоча матор!..

Гонта, ускочыўшы на трактар, стаў за Алегавай спінаю, шумна, зморана дыхаў. Нават праз гул рухавіка было чуваць яго сіпатае дыханне. Але ж чаго маўчыць Гонта? Збіраецца, мабыць, з сіламі, зараз пачне лаяцца…

— Гані, гані, хлопец! — Гонта зарагатаў, радасна затрос Алега.— Добра. Асядлаў ты яго, ідала! Давай яму жызні! Дава-а-ай!..

Трактар марудна поўз уверх па схілу поля. Аднак Алегу здавалася, што ён імкліва імчыць па жоўтым разліве свірэпкі, і гэтак жа імкліва ляціць, імчыцца насустрач яму блакітнае неба з-за ўзгорка…

Увечары бацька, які даведаўся — аб усім падрабязна далажыў Гонта — пра здарэнне на полі, хмурна загадаў Алегу:

— Болей на трактар адзін не садзіся.

— Чаму? Гонта кажа, што я добра асядлаў трактар.

— Ён мне папарасказваў пра гэтае тваё сядланне. Ты ж траха ў рове не быў! А каб зваліўся? Галава твая не ацалела б у тым рове. I Гонту ж тады — пад суд!

— А ён мяне не лаяў. Аніводнага благога слова не сказаў.

— Затое я кажу,— яшчэ больш хмурна адсек бацька.— Трактар — не забаўка. Спачатку навучыцца трэба як след. Зразумеў?

— Ну…

— Па-людску адказаць не мошаш?

— Так, зразумеў.

— Гэта добра, што зразумеў,— і ўжо лагодна, са смяшком: — Носа толькі не вешай. Навучышся… Абы ахвота была…

Як выразна ўсё прыгадалася! I голас бацькі, і грукат трактара, што занатурыўся, быццам спуджаны конь, і смех Гонты, і жоўтае ад свірэпкі поле… Але ж матор гудзе сапраўды! Недзе блізка вуркоча!..

Алег прыўзняў галаву, потым імкліва сеў. Ад гэтага яго руху падхапіўся Гонта, прыўзняў фуражку, спытаў, быццам і не драмаў зусім:

— Чаго табе не ляжыцца?

— Зноў матор пачуў. Але цяпер — не чуваць. Як на Дзвіне недзе. Пайду да ракі, зірну.

— Карабін прыхапі абавязкова. I не вытыркайся дужа, асцярожна…— Гонта зноў адкінуўся на спіну, закрыў твар фуражкаю, і ўжо адтуль, з-пад фуражкі, прагучаў яго кароткі загад: — Адгані каня ад крушні. За вольхамі травіца добрая. Туды адгані.