Зламанае дрэва стаяла ў канцы поля. У студзеньскую блакаду, калі немцы абстрэльвалі з гармат левы бераг, снарадныя асколкі падсеклі бярэзіну, і верхавіна яе зламалася, але не адвалілася, моцна ўперлася галінамі ў зямлю і цяпер расла, зелянела, як бы звязаная на зломе. Дзіўная нейкая лістота на ёй: на галлі, ля камля густая, зялёная, а на верхавіне дробненькая, бляклая і рэдзенькая. I сапраўды, блізка ж зусім бярэзіна. Калі да яе дапаўзці — паратунак, бо лес непадалёк. А па лесе — у атрад! Падмогу паклікаць!.. Верны, відаць, шанц на паратунак. У карабіне — абойма цэлая: Гонта прыкрые. Можа, сапраўды рызыкнуць? Ці лепей счакаць? Счакаць тут, у гэтым надзейным акопчыку?..
Гонта сурова абсек Алега:
— Трэба дзейнічаць! — I гэтак жа сурова загадаў, працягнуўшы руку: — Давай сюды карабін!
Алег адсунуў ад сябе карабін, і Гонта схапіў яго. Ні баязлівасці ў позірку Гонты, ні разгубленасці: глядзяць вочы заклапочана і сур’ёзна, быццам чалавека непакоіць нейкі вельмі важны, але дужа будзённы і просты клопат.
— Што, не можаш адважыцца? — спытаў Гонта, ва ўпор, немігатліва зыркнуўшы на Алега.— Трэба, Алежак, паўзці. Трэба, Алежак!..
Гэты ласкавы зварот ужываў толькі бацька, і цяпер, пачуўшы яго з чужых вуснаў, Алег скалануўся. Яму падалося, што бацька недзе побач, за дзічкамі, і гэта адтуль прагучаў яго голас, што Гонта толькі паўтарыў бацькаў загад.
— Ты дапаўзеш… Я ведаю: дапаўзеш,— лагодна, з адценнем нейкае віны прамовіў Гонта.— Іншага выйсця ў нас няма. Адзіны гэта ў нас шанц… I, калі што, даруй мне…— як бы спахапіўшыся, што сказаў не тое, што трэба было, дадаў стражэй, падпіхнуўшы Алега ў плячо; ён ыават не падпіхнуў, а неяк ласкава дакрануўся, быццам спрабуючы дапамагчы Алегу прыўзняцца:— Ну, паўзі, Алежак!..
Пасля мулкага і халоднага камення зямля ў разоры здалася Алегу незвычайна цёплай і мяккай. Яна не была гэткая, калі ён клаў туды бульбу. Значыцца, угрэлася на сонцы. I як прыемна пахне яна вільготнай жарствой і прэллю і як крохка рассыпаецца пад пальцамі. Але ж вельмі цяжка паўзці — няма ў што нагою ўперціся. I неяк дзіўна ціха зноў. Яго, відаць, яшчэ не заўважылі. Каб заўважылі — стралялі б, напэўна! А можа, чакаюць, пакуль ён падпаўзе бліжэй? А што, як паўцякалі фашысты? Навошта ж тады ён туліцца і носам зямлю рые?.. Ч-чорт, ён жа зусім мала прапоўз — побач іх каменны акопчык. Гонтава галава над брустверам тырчыць. Не, гэта камень, які ён, Алег, выпхнуў з яміны. Трэба, відаць, было ляжаць там, пад аховаю каменнага бруствера, і чакаць. Чакаць ночы! Чакаць падмогі!.. Ноч далёка… А бярэзіна хіба ж бліжэй? Як да яе дапаўзеш? I лугавіна ж дужа шырокая і чыстая, і на ёй яго адразу заўважаць. Гонта гэтага, мабыць, не прадбачыў. Але задума ў яго верная — адзіны гэта ў іх шанц на паратунак. Адзіны? Чаго ж тады Гонта так напорыста аддае яго, гэты адзіны шанц, яму, Алегу?.. «I, калі што, ты даруй мне…» Што Гонта прасіў дараваць? Што? Здагадацца не можаш? Ён жа гэтае поле прасіў дараваць! Абяцаў жа і маці, і Лысюку падалей хлопца ад бяды звесці. А што зрабіў? Пад кулі прывёў. I ты, між іншым, за гэты паратунак і ўхапіўся. А Гонту — кінуў! Кінуў? А як іначай скажаш? Гэтак, браце! Гэтак! I Гонта цяпер адтуль не выберацца. Ды, напэўна ж, і не будзе ён адтуль выбірацца. Ён застаўся там, каб выбраўся з бяды ты! Каб толькі ты адзін уратаваўся!..
Ад вязаў загрукацеў кулямёт. Разрыўныя кулі залопалі на грабянях ворыва, як водгулле стрэлаў. I адразу ж ад крушні гучна ўдарыў карабін — страляў Гонта.
— Трэба, Алежак, паўзці!..
Алег паўтарыў уголас Гонтавы словы, быццам пераконваў сябе ў тым, што павінен рабіць менавіта гэта. І зноў як бы бацькаў голас пачуўся яму. Ведаў: трэба паўзці. I не поўз. Дзіўная кволасць апанавала яго. Сіла была, ён адчуваў яе, але яна не падпарадкоўвалася яму, і ён не поўз, ляжаў, лічыў стрэлы з карабіна.
Другі патрон… «Навошта ён страяяе? Ён жа бачыць, што я не паўзу!»
Трэці патрон!
«Навошта ён страляе? Ён жа бачыць, што я не магу паўзці!..»
Чацвёрты патрон!!.
«Што ён робіць? Што ж гэта ён робіць! Пяты патрон застаецца. Апошні патрон… Не, няма ўжо і яго…»
Пяты стрэл з карабіна здаўся Алегу нейкім асабліва гучным і рэзкім. I разуменне таго, што ў Гонты няма больш патронаў, увайшло ў сэрца болем. Але Алег сцяўся не ад гэтай думкі: яму падалося, што Гонта зрабіў гэты, апошні стрэл не па ворагу, што ён збярог апошнюю кулю для сябе…
Думка была неверагодная, жудасная, і ад яе каляным мячыкам забухала пад рэбрамі сэрца. Алег павярнуўся. Не! Гонта жывы! Гонта нешта гукае! Крычыць Гонта нешта… I чамусьці дужа блага відаць усё наперадзе, як мроіва лягло на вочы. Не, ад зямлі гэта!..