Алег затрос галавой, заміргаў, каб стрэсці з веяў пыл. Але ад гэтага яшчэ больш запарушыліся вочы, пачалі слязіцца ад поту і пылу. Ворны пласт, да якога ён прытуліўся галавою, здаваўся вялізнай чорнай скалой, і за ёй, побач з пышнай белай дзічкаю, у дрогкай, як бы белай снегавой завеі, марудна гайдалася Гонтава галава. Рукі яго, падобныя на зламаныя крылы, былі согнутыя над галавою, і ён махаў імі.
— Паўзі! — зноў крыкнуў Гонта, і цяпер Алег добра пачуў загад.— Паўзі-і-і!
Журботна-адчайнае «паўзі-і-і» было працяглае, і Алегу здалося, што гэтая высокая шчымлівая нота ўсё пашыраецца, узвіваецца ў вышыню і расце, але расце не ў ім, Алегу, а там, пад крушняй, што Гонта паранены і крычыць ад болю. I ён загадаў сабе ўслых:
— Паўзі да яго! Туды паўзі!
Ён ведаў, што яму трэба паўзці туды, да Гонты, ведаў, што папаўзе, і нечага чакаў, як бы асэнсоўваючы прынятае рашэнне, як бы ўзважваючы і правяраючы, ці не нарабіў ён тут памылак, і злуючы на сябе за тое, што марудзіць.
Алег крутнуўся ў вузкай разоры, павярнуўся і папоўз назад. Ён поўз, рыючы плячом мяккую, падатную бакавіну разоры, поўз, абдзіраючы аб дробнае і вострае каменне пальцы да крыві і тут жа змазваў кроў глеістым сіпаком, поўз, сціскаючы зубы ад болю і адчаю, баючыся, што спозніцца, не паспее дапаўзці і не ўбачыць Гонту жывым, поўз, аглушаны шалёным буханнем сэрца ў грудзях.
Ад напружання заняло дыханне, сухая горыч разлілася ў роце. Зноў нейкай далёкай і расплывістай зрабілася дзічка, быццам закрытая сеткай дажджу, і яму падалося, што яго параніла і кроў залівае твар.
«Гэта пот на веях,— супакоіў ён сябе.— I пыл…»
Алег пакруціў галавою, абціраючы твар аб рукаў, і мройная сетка знікла з вачэй, як раптоўна звалілася на зямлю, і дужа выразным і вялікім зрабілася і каменне на крушні, і выгоністыя мяцёлкі суданкі, што падпіралі, здавалася, галіны дзічак. Неяк раптоўна і дзіўна праясніліся думкі, і сярод усіх іншых адна была незвычайна выразная і суцягаальная — думка пра тое, што робіць правільна, што прыняў адзіна вернае рашэнне. Ён не пакіне Гонту аднаго, не пакіне паміраць на гэтым полі! Ён будзе разам а ім! Ён будзе побач з ім да самай апошняй хвіліны, якой бы горкай яна ні была!..
Перакуліўшыся цераз каменны бруствер, Алег адчуў дзівосную і радасную палёгку, быццам усе нягоды і небяспека засталіся там, ззаду, у той разоры, па якой ён толькі што гробся; цвёрдае халоднае каменне акопчыка падалося мяккім, ласкавым, і ад яго бруіліся дзіўны спакоЙ і надзейнасць.
— Добра тут! — Ён шчасліва і задаволена ўсміхнуўся.— Як жа тут добра!
— Ты гэта што? — нядобра прасіпеў Гонта і двойчы паўтарыў, злосна скрывіўшыся: — Ты гэта што? Ты гэта што?
Алег сцяўся ад злоснага сіпення. Яму здавалася, што Гонта ўзрадуецца, ухваліць яго рашэнне, і цяпер, сустрэўшы гэтую злоснасць, ён зразумеў усю недарэчнасць свае радасці, адразу прыгасіў яе, скаааў абыякава:
— Анічога,— і тут жа дадаў, разумеючы, што павінен усё і адразу патлумачыць: — Не буду я ўцякаць! Не хачу!
— Ён — не хоча! Ха-ха! — усё гэтак жа сіпла рагатнуў Гонта.— Табе які загад быў? Які загад табе быў, я пытаюся?
— Які шчэ загад? Я не хлапчанё… Ведаю ўсё!
— Ён — ведае! — і вызверыўся: — Што ведаеш? Што? Ды я табе…
На правай шчацэ Гонты, перапэцканай у сіпаку, прыляпілася вузкая, як лязо, сцябліна суданкі, прыляпілася толькі адным канцом, танчэйшым, а таўсцейшы, з кропелькай белага соку, звісаў і соўгаўся, неяк дзіўна трымцеў, калі Гонта гаварыў, і Алегу здалося, што Гонта ўвесь трымціць ад напружання.
— Не трэба крычаць,— ціха, але ўпарта папрасіў Алег.— Я ўсё роўна застануся разам з вамі. Тут.
— Дурны! Тут да нас адно прыкоціць — смертачка!
— Я не баюся,— і паўтарыў словы, якія чуў нядаўна ад Гонты:— Да яе яшчэ далёка…
Гонта вылаяўся, і гэтая лаянка не адрасавалася Алегу:
— Капцы, здаецца… Заходзяць, гады, і ад лугавіны.
— Прарвёмся! 3 гранатамі прарвёмся!
— Заходзяць, гады, і ад лугавіны,— паўтарыў Гонта нейкім незнаёмым, глухаватым голасам,— Гэта я, дурань, вінаваты. Я! — Ён рвануў кашулю на грудзях, забедаваў ціха, але адчайна, як застагнаў: — Дурань і ёлуп стары! Даўно ж трэба было! Даўно трэба было табе паўзці! Калі патроны ў мяне былі,— раптоўна аціх, доўга глядзеў на Алега, нібыта толькі цяпер заўважыў яго, потым спытаў, і ў голасе не было адчаю: — Дык што рабіцьмом, Алежак, га?
— Прарывацца! 3 гранатамі! Падпаўзём бліжэй і па іх — гранатамі.
— Хэндэ хох трэба рабіць. Паўзці — глупства цяпер.
— Як? — не зразумеў Алег.— У палон?