Выбрать главу

— Я ж табе тлумачу: блізка падыдзем і ручкамі — прывецік ім. Гранаткі і пакоцяцца. Гэтак і пройдзем — рукі ўгару…

Алег глядзеў на Гонтавы рукі, у якіх чарнела рабрыстая «эфка», глядзеў, як пальцы ўвішна і лоўка адгінаюць тонкія, зверху адшараваныя да бляску, вусікі чакі, і з дзіўным хваляваннем думаў пра тое, што гэты малюнак ён ужо недзе бачыў. Дзе? Перад тым як табе паўзці, тут, у гэтым жа акопчыку, Гонта запхнуў у рукаў «эфку» і потым гладзіў гузак, што быў амаль непрыкметны пад самым локцем… Ты ж бачыў усё гэта! Чаму ж тады не падумаў пра тое, што Гонта рыхтуецца ісці на верную смерць?

Як жа не падумаў? Ён жа сказаў, што гэта смерць, калі з гранатамі… Сказаў? Так, сказаў! I, тым не менш, папоўз з акопчыка! Папоўз, як бы ўцякаючы ад тае бяды, па якую збіраўся ісці Гонта… Не! Быў загад. I ён выконваў загад!.. А можа, ён, Алег, нешта не разумее ў задуме Гонты? Не разумеў тады, калі поўз па разоры, і не разумее цяпер?.. Не, усё ён робіць правільна. Дзве гранаты — у Гонты. Дзве — у яго! Значыцца, удвая болей шанцаў на поспех…

— Як пойдзем? — спытаў Алег і са здзіўленнем заўважыў, што вочы ў Гонты неяк незвычайна пабліскваюць, бы слёзы на іх.— У бок лугавіны?

— На лазнякі.

— А чаму?.. Хаця… Калі скочым з узвала — свішчы тады нам!..

— 0т каб скочыць. Тады я, братачка, кум каралю. Рукавы ў цябе шырокія?.. Не, самы акурат. Пачакай. Спачатку зброю прыхаваем…

Гонта пачаў завальваць каменнем і вурваллем пасохлай леташняй дзярніны аўтамат, які ляжаў побач з карабінам, і Алег адной рукой пачаў яму дапамагаць.

- До, до,— сказаў Гонта,— цяпер дапамажы мне гранату ў правы рукавок пакласці,— ён адагнуў і сціснуў пальцамі белыя, дзе-нідзе ў дробных крапінках іржы, вусікі гранаты, прасунуў указальны палец у колца,— Потым я табе іх прымайструю. Толькі, прашу, асцярожненька. Не спяшацца, галоўнае, нам…

Металёвую планку, як жывую, выпірала спружына, і Алег міжвольна прыціснуў яе да рабрыстай бакавіны гранаты. Пальцы здрыгануліся; здалося, што ў напружанні дрыжыць не рука, а халодны рабрысты корпус; у пазах паміж рэбрамі асеў жоўты пыл, быццам граната некалі была выпэцкана глінай, а потым не вельмі была абшаравана. Алег баяўся расціснуць пальцы і трымаў гранату моцна, і крыху прыплюшчыў вочы, і яму падалося, што гэты жоўты пыл на рабрыстай бакавіне гранаты ўзвіўся і курыцца, як пасля выбуху.

5

— Гатовы? — нецярпліва спытаў Гонта.— Гатовы ты?

Гонта ўтаропіў вочы ў Алегаў твар, і Алегу зрабілася жахліва, неяк зябка нават ад пранізліва-ўважнага і, разам з тым, тужлівага позірку Гонты, і ён сказаў, адчуваючы, што болей не можа вытрымліваць позірк гэтых зыркіх, як бы заплаканых і ласкавых вачэй:

- Так. Гатовы!..

— Толькі нічога не зблытай, Алежак! Чуеш?

— Не зблытаю. Гранаты — на зямлю. Самі — пад узвал. Каб у лазнякі адразу…

— Далёка гранаты не кідай,— голас Гонты загучаў загадна, строга: — На два крокі ад сябе — не больш каб…

— Адну кідаю наперад. Другую — направа.

— Правільна. Я кідаю адну за спіну. Адну — улева. Кола тады вакол нас.— I нечакана скасаваў загаднасць і строгасць, спытаў павесялелым голасам і бадзёра: — Фарштэен?

— Фарштэен, фарштэен,— пажартаваў і Алег.

— I не хвалюйся. Меней на іх, гадаў, глядзі. Ідзеш сабе — і ўсё. I адно ведай: мы шчэ з табою пажывём! Нас шчэ мора тваё чакае…

— I дранічкі.

— Будуць дранічкі, Алежак! Будуць!..— і ўпёрся локцем яму ў грудзі.— Ты што? Ты што? Руку не апускай! Выслізне калі з рукава — назад не пакладзеш!..— і спытаў весела, адчайна: — Хадзем?

— Пайшлі.

— Ну, каб удачна!..— I Гонта, зухавата падміргнуўшы Алегу, тройчы папляваў праз левае плячо і ўзняўся.

Алег пераступіў бруствер акопчыка разам з Гонтам.

Ад рэзкага руху спачатку ў правым рукаве, потым у левым пасунуліся ўніз гранаты, і Алегу на міг здалося, што яны зараз зваляцца яму на галаву. Ён тут жа супакоіў сябе, супакоіў думкай простай і зразумелай: гранаты не выслізнуць з рукавоў да таго часу, пакуль ён трымае рукі над галавой. I якія яны халодныя, гранаты гэтыя. І цяжкія. На поясе калі цягаеш, дык і не заўсёды адчуваеш іх вагу. А тут ажно локці цісне. Няёмка ісці, трымаючы рукі над галавою. А як іначай? Іначай фашысты і блізка іх не падпусцяць, ссякуць адной чаргою! А цянер — не ссякуць! Цяпер яны стаяць і чакаюць: ідуць партызаны, узняўшы рукі ўгару. Відаць, ніколі ў жыцці гэткага не бачылі. Таму і глядзяць здзіўлена… Каб жа толькі нічога не заўважылі. Ды не, не павінны яны нічога заўважыць здаля. Ды і зблізку не прыкмеціш гранаты — гузачок на рукавах, не больш! I нейкая дужа ж цёплая граната зрабілася ў правым рукаве — ад цела нагрэлася. А ў левым — халодная. Відаць, з таго, што кратаецца ўвесь час памалу ў рукаве, штораз новым бокам да цела. Каб жа толькі планкаю потым не зачапілася! Не, планка гладзенькая, яна не зачэпіцца. Значыцца, з левага рукава — наперад. 3 правага — управа. Здорава, аднак, Гонта прыдумаў з гэтымі гранатамі. Ды яшчэ каб карабін сюды ды аўтамацік Гонтаў!.. А можа, не трэба было пакідаць зброю ў тым акопчыку? Схаваць неяк пад адзенне… Не, не схаваеш. Дый без патронаў чаго яна варта, тая зброя?..