Выбрать главу

«Я глядзеў на неба, каб не думаць пра бяду. I Гонта робіць тое ж!»

Толькі цяпер адкрыўся Алегу сэнс таго, што рабіў і што казаў Гонта. Гонта гэтак жа, як і ён, Алег, разумее ўсю непапраўнасць таго, што здарылася, разумее няўмольнасць таго, што чакае іх наперадзе. I не толькі разумее, але і імкнецца адцягнуць той міг, калі давядзецца стаць з бядою тварам у твар, калі трэба будзе апусціць цяпер узнятыя над галавою рукі, апусціць, каб гранаты пакаціліся на дол…

Ён абсачыў позіркам дол ля сваіх ног і наперадзе, нібыта выбіраў месца, куды кідаць гранаты. Наперадзе быў зялёны ўзмежак, а пад нагамі шарэў сіпак, спрэс у карэннях травы, якое падрэзаў і вывернуў плуг.

«Бяда з намі, як карэнне гэтае, счапілася, сплялася…»

Нечаканае адкрыццё і параўнанне на нейкі міг захапіла Алега, і ён глядзеў сабе пад ногі, на густое спляценне карэнняў асоту і пырніку; плуг падрэзаў карэнне, і яно, быццам вяроўкі, скручанае і звязанае, выпіналася з зямлі, навісала над разорамі. У асоту карэнне роўнае, быццам верацёнка, белае, з тонкімі атожылкамі-валасінкамі, а ў пырніку яно доўгае, звілістае, падобнае на жоўтыя драцінкі, якія спачатку скруцілі, а потым нядбайна выраўноўвалі. I які глыбокі сятчасты след пакідае на ворыве Гонтаў чаравік. Не, гэта ж ён след пакінуў, калі за плугам ішоў. Падэшва спрэс у цвіках, цвікі зношаныя па краях падэшвы, і след ад гэткай падэшвы падобны на маленькую сетку. Сетка як зрэзаная па вуглах. У Гонты боты трафейныя. Нямецкія.

«Ён узяў іх у ворагаў. Цяпер боты вернуцца да ворага…»

Думка была недарэчная. Але сутнасць, якая заключалася ў ёй, нечакана паўстала перад Алегам аголена, рэальна і была гэткая ж чыстая, як толькі што абадраная ліпка. Усе маленькія хітрыкі, усе наіўныя спадзяванкі на нейкае шчаслівае збавенне ад бяды і паратунак імгненна выпарыліся і пакінулі яго сам-насам з жорсткай і няўмольнай рэальнасцю таго, што адбываецца і што адбудзецца на гэтым полі.

«Заб’юць… I аднаго заб’юць… I другога…»

Ён прыняў гэтую думку як дзіўную і нечаканую выснову, што не патрабавала доказаў, не вымагала тлумачэнняў. Яго нават не дзівіла абстрактнасць у разважаннях, якую ён дапусціў і на якой пабудаваў сваю выснову аб непапраўнасці бяды; ён нават лічыў, што ў вызначанай меры гэтая непапраўнасць не тычыцца яго асабіста, не тычыцца Гонты, а скіравана супраць нейкага «аднаго» і нейкага «другога», да якіх ён, Алег, і Гонта не маюць аніякага дачынення. Але лічыў ён так толькі адно імгненне, бо следам за гэтай думкай нарадзілася новая, у якой ужо не было аніякай абстрактнасці і якая ранейшую думку аб тым, што непапраўнасць не тычыцца яго і Гонты, крэсліла і адкідала бязлітасна і канчаткова.

«Заўтра мы з Гонтам ужо не ўбачым гэтага неба, гэтага поля, гэтых лазнякоў… Заўтра? Сёння ты ўжо не ўбачыш ні неба, ні поля, ні лазнякоў… I Гонта не ўбачыць!»

Алег ведаў цяпер дакладна, што неўзабаве адбудзецца, і думка пра будучую смерць не спалохала, не спарадзіла адчаю, а выклікала нечаканую ярасць. Чаму яго і Гонту павінны забіць вось гэтыя чужынцы ў чорным адзенні? Чаму яго жыццё і жыццё Гонты павінна абарвацца тут, абарвацца цяпер, абарвацца гэтак неспадзявана, па-дурному?.. Па-дурному? Не, не па-дурному яны загінуць. Наўрад ці ацалее і хто-небудзь з тых, што стаяць на ўзмежку. Значыцца, добры дзесятак фашыстаў не будзе страляць па нашых! Ён і Гонта дорага аддаюць сваё жыццё. Аддаюць? Не-е! Яны выконваюць сваю партызанскую прысягу, у якой кляліся, што калі ўжо і давядзецца паміраць у баі, дык стаць тварам да смерці, аддаць жыццё як мага даражэй, аддаць у імя Перамогі. Гэта ён, Алег, і робіць. Гэтак робіць і Гонта! Добры дзесятак фашыстаў знойдзе сабе магілу тут, на ўзмежку, і ўжо ніколі не возьме ў рукі зброю. I таму на нейкі час раней Перамога прыйдзе сюды. I нехта павінен памерці ў імя таго жыцця!..

«Няхай памірае ён, вораг!..»

Думка гэтая, выразная і абвостраная да болю, выкрышталізавалася з усіх іншых, і Алега здзівіла не яе чоткасць, а тое, што ён чамусьці да гэтага часу не разумеў, што з самага пачатку бою яна стаяла на першым месцы, што ён падпарадкоўваў ёй кожнае імгненне, падпарадкоўваў нават у той міг, калі, выконваючы Гонтаў загад, выкуліўся з акопчыка і поўз па разоры. Але цяпер яна, гэтая думка, з дзіўнай выразнасцю і жывіла лютую нянавісць да ворага, і акрэслівала, не давала растаць разуменню непапраўнасці бяды, разуменню, якое, здавалася, ён пахаваў канчаткова і якое, як рэха ў гаі, цяпер зноў вярталася да яго.