— Яго і пераконвай.
— А навошта яго пераконваць? Падрыўнік — пасада самая ганаровая,— і, павярнуўшыся да Алега, самаўпэўненым голасам прамовіў: — Залічым цябе ў падрыўнікі. Пойдзеш?
— Не, не пайду.
— А чаму?
— Разведчык — гэта той жа самы падрыўнік, толькі вышэйшага гатунку.
— Чуў? — у голасе Лысюка прагучала непадробленая, шчырая радасць.— Чуў? Залатыя ў разведцы птушкі. I даражэйшыя за тое золата!..
Кароткі гэты ўспамін яшчэ больш абвастрыў разгубленасць. Як можа Лысюк пакрыўдзіць чалавека, якім увесь час захапляўся, якім ганарыўся? Але ж вось пакрыўдзіў, нічога не ўзяў пад увагу… Да камандзіра атрада хіба звярнуцца? Не, нельга! Гэта ж — як скарга на Лысюка. А скардзіцца ён, Алег, не будзе. Мужчына, так любіў казаць бацька, не павінен скардзіцца, бо той, хто скардзіцца,— слабы і нікчэмны…
...Нешта ж не затрымаўся ў камандзіра атрада Лысюк. Выскачыў з камандзірскай зямлянкі незадаволены, нейкі ж дужа заклапочаны ў яго твар…
Алег глядзеў на Лысюка, які ішоў ад камандзірскай зямлянкі, і адчуваў — зараз ён пачуе тое, у што хочацца верыць, чаго прагне сэрца.
Лысюк убачыў Алега, са здзіўленнем зыркнуў на яго:
— Ты што тут шукаеш?
— Чакаю вас.
— Мяне? Навошта?
Лысюк мезенцам пакратаў старую прастудную больку на ніжняй губе, якая закарэла і была падобна на маленькі ссохлы грыбок. Яго ўказальны палец упіраўся ў ноздры, і ад гэтага кароткі, бы наўскасяк адсечаны, нос дзіўна пакруглеў, быццам імгненна раздаўся ўшыркі. У раптоўных зменах твару, у нядобра звужаных сініх вачах Алег убачыў прысуд, з якім не хацеў змірыцца па-ранейшаму.
— Дазвольце з вамі пайсці, таварыш камандзір,— папрасіў ён ціха, але ўпарта.— Дазвольце пайсці…
— Я ж загадаў: у распараджэнне Гонты. Выконвай!
Усё: апошняя кропка пастаўлена. Ніхто і нічога не зменіць. Загад ёсць загад, і яго трэба выконваць.
Алег чотка, па-вайсковаму казырнуў:
— Ёсць ісці ў распараджэнне Гонты!
Ён марудна дыбаў па сцежцы да канавязі, дзе, гамонячы, завіхаліся ля калёс партызаны гаспадарчага ўзвода. Падалося: Лысюк глядзіць яму ўслед, глядзіць вінавата. Карцела павярнуцца, Алег прыгасіў у сабе гэтае жаданне толькі на кароткі міг і павярнуўся, і не ўбачыў Лысюка. На душы зрабілася прыкра. Зноў апякла крыўда. Быццам нейкае пакаранне яму: усе разведчыкі ідуць на баявое заданне, а ён стане поркацца з нейкай там бульбаю. I як Лысюк не разумее, што яму, Алегу, потым будзе сорамна перад сваімі баявымі сябрамі. Адседзеўся, скажуць. Схаваўся ад бою, скажуць.
«Лысюк ва ўсім вінаваты! Лысюк!»
Алег разумеў, што робіць нядобра, абвінавачваючы свайго камандзіра. Але ён нічога не мог парабіць са сваімі думкамі, якія ўпарта вярэдзілі душу: яму здавалася, што чалавек, якога ён любіў і паважаў, якім заўсёды ганарыўся, цяпер здрадзіў яму.
2
Алег скоса зыркаў на Гонту, які абыякава сядзеў на перадку калёс. У лесе Гонта быў гаваркі, увесь час жартаваў з Алегам, а тут, на полі, імгненна змяніўся, зацята маўчыць, сядзіць нерухома, падціснуўшы лейцы пад мех з насеннай бульбай. Не, заварушыўся нечага, дастаў з кішэні зашмальцаваны блакнот, гартае яго. Краем вока Алег бачыць старонкі, спрэс спісаныя, бачыць, як дзіўна мяняецца Гонта: то галавой паківае, то выгне губы падкоўкаю, то сцісне трубачкаю, бы збіраючыся нешта насвістваць.
Калёсы падкідвала на выбоінах, і ад кожнага штуршка доўгія, рудыя Гонтавы вусы, падобныя на абыржавелыя абцужкі, уздрыгвалі, ападалі ўніз, бы заціскалі тоўстую ніжнюю губу. Зялёная армейская фуражка час ад часу ссоўвалася на лоб, амаль закрываючы абламаным і вызубленым пасярэдзіне казырком бровы, потым, скокнуўшы ўверх, адкрывала ўвесь лоб, парудзелы ад сонца толькі вузкай паласою над бровамі і белы ля валасоў.
— Як учора тое было… Як учора! — ціхім і радасным голасам, бы гаворачы сам-насам, прамовіў Гонта і, урачыста паглядзеўшы на Алега, пастукаў пальцам па блакноціку. Потым пстрыкнуў сабе па вусах, і яны, як рудыя стрэлкі, прыўзняліся над верхняй губою.— Ты зірні, што ёсць у гэтай маёй памінальніцы!
Ён паднёс да Алегавага твару блакнот, разгорнуты на тым месцы, дзе да старонкі была прыклеена нататка з газеты, моўчкі чакаў, і Алег зразумеў, што павінен нешта казаць.
— 3 нейкай газеты,— прамовіў ён няпэўна.
— 3 нейкай? Гістарычная, браце ты мой, газета! — Гонта паднёс цяпер запісную кніжку бліжэй да свайго твару, прачытаў узнёсла, па-святочнаму: — «Узорам добрай арганізацыі працы на веснавых палявых работах для ўсіх механізатараў раёна можа служыць трактарная брыгада Уладзіміра Гонты, якая дасягнула самай высокай выпрацоўкі на мяккім ворыве…» — урачыста ўзняў блакнот, трымаў яго на ўзроўні правай скроні.— Вось як некалі пра Гонту казалі! Сам Смоліч, сакратар абкома — выступаў ён у нас на раённым партактыве перад вайною,— казаў! Вось тут, у блакноціку, кавалачак справаздачы, што «раёнка» тады давала на ўсю паласу, у мяне і захаваўся.