— Цікавая цытатка,— зазначыў Алег.
— Цытатка? — Гонта паблажліва, быццам было перад ім малое і неразумнае даіця, паглядзеў на Алега.— Гэта, браце дарагі ты мой, жыццё. Цудоўнае, светлае жыццё. Яго я ўсе гэтыя гады, бы кавку, прыгадваю… Я ж тады, ва актыве тым, у прэзідыуме быў. Побач — Смоліч сядзеў. Убачыў, што я ў блакноціку — гэткія вось блакноцікі ўсе тады ў кіёску пакуплялі — запісы раблю, нахіліўся да мяне. «Ці не збіраецеся выступаць?» — пытаецца. «Збіраюся»,— кажу. Я, разумееш, ніякіх там накідаў не рабіў, проста асобныя месцы з выступленняў запісваў, сам выступаць не збіраўся. Але гэтак ён даверліва мяне папытаў, што падалося: раіць выступіць, просіць нават. Ну, з трыбуны я і выдаў: удвая, маўляў, наша брыгада павялічыць да канца года выпрацоўку на трактар. Пад воплескі садзіўся я на сваё месца. Дарогаю ж, як у калгас ехалі, дырэктар мне прачоску закаціў. «А з брыгадаю ты, пражэкцёр, узгадніў?» Брыгада, кажу, мяне падтрымае. «А як пляснешся ў гразь і мяне пасадзіш? На ўвесь жа свет — ганьба». Я кажу: у гразь, маўляў, пляснуцца не думаю, ганьбы не баюся, бо ніякай ганьбы не будзе. Дырэктар на мяне — крыкам зноў. «3 народам ты раіўся? Са мною асабіста ты, пражэкцёр, раіўся?..» Слухаю, крыўдна, ведама. У брыгадзе ж нашай два трактарысты ды два зменшчыкі — цяжка хіба параіцца! Але — маўчу: слушная прачоска. 3 брыгадаю я не параіўся. Дырэктара МТС не папярэдзіў — на трыбуну папёр. Праўда, з бацькам тваім у нас гаворка была, на полі была, калі ўчотчык прыходзіў: гаманілі мы тады пра тое, што можна лёгка нормы перакрыць, бо машыны ў нас з ім новыя, цягнуць, як звяры… Прыехалі дамоў. Дырэктар назаўтра ж сход нашай брыгады сабраў: якая, маўляў, у астатніх думка. Усе мяне падтрымалі: дамо дзве нормы. Бацька твой болей ад усіх падтрымаў. Памятаеш, як я прыходзіў у той дзень да вас?
Алег не памятаў, але прызнацца было няёмка.
— Вы да нас часта прыходзілі,— няпэўна прамовіў.
— У той дзень вы на сотках сваіх бульбу саджалі. I мы з тваім бадькам пад яблыняй гутарылі. Памятаеш, кадушка яшчэ пад яблыняй у вас стаяла?
— Чырвоная, яе мы фарбавалі з Сярожкам.
— Колер не ў памяці. А вось як Сярожка твой на кані хацеў ехаць — памятаю. Адно і адно патрабаваў: даць яму лейцы і на каня пасадзіць. У школе ў вас заняткаў у той дзень не было.
Успаміны супакойвалі, настройвалі радасна, і Алег прамовіў з усміхам:
— Як жа не было! Былі заняткі. Мы ў той дзень сачыненне пісалі. I я з хлопцамі пасварыўся. Мянушку яны мне прыляпілі.
— Крыўдную?
— Сіваграк. Смешна цяпер з тае крыўды.
— Крыўда, скажу табе, справа паганая. Трэба імкнуцца заўсёды вышэй быць. I крыўду ў сэрца не пускаць. У любым выпадку не пускаць. I чужому воку яе не паказваць…
Гонта павольна закрыў блакнот, патрымаў на далоні, быццам узважваў, потым асцярожна паклаў у кішэню заношанага і змятага карычневага пінжака. Штрыфлі і каўнер пінжака былі па краях як наваксаваныя, і ён пагладзіў іх рукою і, прыжмурыўшы вочы, глядзеў у той бок, куды вяла затравелая, амаль з полем зраўняная дарога. Справа ад яе, зусім блізка на ўзгорку, у сінявым мроіве чарнелі коміны спаленых хат, нейкія няроўныя, як у тры колеры: задымленыя ўверсе, потым чырвоныя, быццам яшчэ не астылыя ад агню, і белыя ўнізе, з чорнымі зеўраламі печаў. Вецер гайдаў быльнёг, які падняўся ўжо на попелішчах, і здавалася, што з тых чорных ямін унізе печаў паціху пачаў выпаўзаць і скочвацца на зямлю зеленаваты гнуткі дым.
— Імкнуцца лёгка,— пагадзіўся Алег і тут жа запярэчыў: — А вось узняцца вышэй крыўды, як вы гаворыце, цяжка.
Запярэчыў і заўважыў, што зрабіў тое дарэмна: размаўляць болей Гонта не захацеў. Выцягнуў з-пад мяха лейцы, звязаў канцы вузлом, потым пакруціў у паветры каля сваіх ботаў: каня ён не падганяў.
— Бачу, крыўдна табе,— пасля доўгага маўчання прамовіў Гонта, ціха гайдаючы ў руках лейцы, звязаныя вузлом.
— Крыўдна? 3 чаго вы гэта выводзіце?
— Разведчыка ды ў гаспадарнікі!
— Загад ёсць загад.
— Разумна гаворыш. I калі крыўда на Лысюка ёсць — дарэмна. Райком партыі загад гэты паставіў — не Лысюк прыдумаў.
Упершыню пасля гаворкі з Лысюком Алег засмяяўся:
— Дзіва! Райком асабістае заданне Сверыну дае!