— Я не кажу, што асабістае. Людзей камандаванне, ведама ж, падбірала. I заданне гэтае толькі знешне простае. У Лысюка — бой. I ў нас бой, калі паглядзець і ўзважыць усё, не менш адказны.
— Адказнае дык адказнае,— сказаў Алег, хаваючы крыўду на Лысюка, якая зноў ажыла. Лысюк, значыцца, падбіраў людзей! Мог жа і каго-небудзь яшчэ паслаць да Гонты. А паслаў яго, Алега! I Гонта дарэмна суцяшае. Яму больш па душы той, першы, бой. Але ён атрымаў загад і будзе добра і шчыра яго выконваць.
— I наш бой, думаеш, лёгка выйграць? — вёў сваё Гонта.— Ты зірні наўкола. Вёскі папаліў гэты ірад, гэты Гітлер пракляты… Аблогаю поле ляжыць. Пустэча. А людзям жа есці трэба. I райком мудра прыдумаў: кожны атрад — узвод на пасяўную! Адны хлеб пасеюць. Другія — бульбачку пасадзяць. Бульбачку ж ты любіш?
Алегу прыгадаліся Лысюковы словы, і ён, адчуваючы, як у душы меншае крыўда, сказаў са смяшком:
— Дранікі я люблю!
— А я, браце ты мой, клёцкі люблю. Каб і скварачка там у іх, і цыбулька, кмен. I клёцачкі ў юшачцы густой, паварыстай. Клёцачкі калі лыжачкаю раскроіш — дух! Ажно галава кругам ідзе ад яго!
— Татка мой дужа клёцкі любіць.
— I ў маёй хаце яны невыводныя былі. Мая жонка іх рабіла па-царску. Але як гэта гаворыцца? I няўмека пячэ, калі з засеку цячэ. Галоўнае, каб засек — поўны. А гэта — цяжка. Бачыш, якою сілаю на бой працоўны? — ён кіўнуў галавою на дзве фурманкі, што каціліся ззаду за імі па дарозе.— Тры канякі ў нас усяго. А там жа — аблога! Маёй даваеннай брыгадзе — на поўны дзень работкі…
У голасе Гонты гучала даверлівасць, нават нейкая устрывожанасць, і Алег таропка, дужа ўпэўнена паабяцаў:
— Справімся!
— Як справімся, дык будзе відно. Але ж і папацець давядзецца.— Гонта ўздыхнуў.— Гэта ж, як і Лысюку за Дзвіною: не на гулянку выбраліся.
— А навошта вы мяне ўвесь час суцяшаеце?
— Нікога я не суцяшаю. Крыўдна часам. Некаторыя ж на наш гаспадарчы ўзвод скоса паглядаюць: спрэс лайдакі там, кажуць, сабраліся.
— Я гэтага не чуў.
— А мне даводзілася. Але я блізка тое да сэрца не бяру. I табе раю: крыўду ў сэрца не пускай.
Сваю параду Гонта выказаў без націску, тонам сяброўскім і спачувальным, быццам не толькі добра разумеў Алегаву крыўду, але і падзяляў яе, і лічыў, што Алег не мае права браць яе блізка да сэрца і не возьме.
— А я і не бяру!
— I добра робіш,— ухваліў Гонта.— Ты хлопец з галавою. Гэта — добра… Н-но, міла-ай!
Ён тузануў лейцы, потым зноў эаціснуў іх пад мех з бульбаю, адразу адключыўся ад ранейшай гаворкі і нечакана заспяваў па-ўкраінску, голасна і душэўна:
Дывлюсь я на нэбо та й думку гадаю:
Чому я не сокіл, чому не літаю?..
Песня была знаёмая Алегу. I дужа знаёмым было гэтае працяглае — «нэ-э-эбо-о-о-о» і нібыта бясконцае — «літа-а-аю-ю-ю-ю…», і гэтая пастава Гонты — галава схілілася амаль да пляча, вочы змружаныя, як засынае чалавек. I як імгненна адасобіўся ён ад усяго, бы раптоўна і адразу на ўсё забыўся. Не, вочы не змружаныя! Неяк прагна ўзіраюцца яны на поле, дзе трымціць сінявае, бы рэдзенькі туманок, мроіва — хоча чалавек як мага лепей усё разгледзець наперадзе. I які ласкавы, мяккі, летуценны голас… I як знаёма пахне насенне! Ані з чым не пераблытаеш пах бульбы, якую нядаўна выцягнулі з бурта. Саладжавы пах дужа… Гэтак заўжды вясною пахне ў хаце рассыпаная на падлозе пад акном насенка — каб хутчэй прарастала…
Алег пакратаў рукою мех, гузаваты ад бульбы і шмат дзе палаплены каляровымі латкамі, у радасным узрушэнні таксама змружыў вочы. Якое далёкае адразу зрабілася поле! I як дзіўна трымціць і вагаецца над ім мроіва, бы рэдзенькая, сіня-белая пара!
«I мы з тваім бацькам пад яблыняй гутарылі…»
Гонтавы словы выплылі нечакана, і ўспаміны пра той далёкі дзень, які нядаўна прыгадаў Гонта, зноў прыйшлі да Алега, і Алегу на нейкі міг здалося, што ён не едзе на дрыготкай фурманцы, а спяшаецца са школы дамоў. Ён бяжыць ад школы з крыўдай на свайго сябра, які прыляпіў яму дурную мянушку, бяжыць да свае хаты, за якой у гародзе поўным ходам ідзе праца,— бацька і маці саджаюць бульбу.
— Гэ-эй, памочнік! — гукае бацька.— Давай уключайся!
— А я плацую,— пахваляецца Сярожка, калі Алег падбягае да весніц.— Я ўсё злабіў…
Маці выходзіць з гарода, смеючыся, гладзіць Сярожку па галоўцы:
— Без яго б нам і не ўправіцца. Крэпка ён нам з татам памагае. Стаханавец! Спраўна гэтак насенку ў кош ладкуе, што мы саджаць не паспяваем. Што ў школебыло?
— Сачыненне пісалі.
— Ты зрабіў? — непакоіцца маці.
— Зрабіў. Вельмі лёгкае сачыненне.
— То і добра. Хадзем у хату, малака папі. А тады ўжо і работку будзем канчаць.