Выбрать главу

Алег рыхтуе ўрокі на сваім звычайным месцы — ля акна, што выходзіць у сад. За яблынямі відзён блізкі зусім лес, і над ім вісяць пляскатыя белыя, як з паперы выразаныя, аблачынкі. Ён цікуе гэтыя аблачынкі, чытае верш, які трэба завучыць на памяць, і слухае, як спявае Гонта.

Потым памалу пачынае падпяваць бацька, і песня ў іх ідзе наладна, прыгожа…

Тую ж песню цяпер спявае Гонта. Не, змоўк, нечага ўздыхае.

— Ты чаго не падцягваеш? — папракнуў Гонта, узіраючыся ў сінявае мроіва над полем.— Слоў не ведаеш?

— Ведаю. Не ўсе, праўда.

— А вось бацька твой, памятаю, і слоў зусім не ведаў, а песня ў нас з ім адразу склалася. Харошы ў цябе бацька. Скончыцца вайна — будуць звесткі. Толькі якія будуць тыя звесткі — ніхто не ведае,— і, спахапіўшыся, што сказаў не тое, што трэба, паспешліва дадаў: — Добрыя ты атрымаеш звесткі. Бацька ў цябе смелы. Яго куля не зачэпіць.— Гонта зноў зацягнуў песню, але тут жа абарваў, пачаў расказваць: — Перад самай вайною, у сакавіку, мне пуцёўка выпала — на Чорнае мора. Паехаў. Санаторны пакой вялікі, светлы. Два трактарысты апроч мяне ў ім жылі — украінскія хлопцы. О-ой, мастакі спяваць былі. Мы на тэрасе ўвечары пасядзем, на мора глядзім, на сады. Вясна — ва ўсе застаўкі. Цёпла, сады ружовыя ад квецені. I мы з хлопцамі як урэжам песню — гэтую вось. Адтуль, з мора, я і прыхапіў яе, хвацкую такую песню. Люблю дужа… Э-эх, а каб ты хоць калі зірнуў, што гэта за прыгажосць — мора!

— А я бачыў.

— Як? — страпянуўся Гонта.— Калі? Стой, стой… Гэта ж вашаму класу прэміроўка была — у «Артэк» пуцёўка?

— Не ўвесь жа клас ездзіў. Толькі адно наша звяно — мы болей за ўсіх каласкоў на полі сабралі.

— Значыцца, на хвалях марскіх і ты пагайдаўся,— задаволена адзначыў Гонта.

— Не дужа.

— А чаго? Мора халоднае было? Там, між іншым, гэта здараецца.

— Не, цёплае. Але купаліся мала. Увесь час — зборы, паходы, гульні…

— Паехаў бы зноў?

— 3 ахвотаю!

— Тады вырашана,— цвёрда, з націскам прамовіў Гонта, і Алег не адразу сцяміў, што той жартуе.— Гэтае рашэнне і запісваем.

— Якое рашэнне?

— Паедзем зноў на мора. Вайна скончыцца — едзем. Сядзем з табою вось на гэтага рысака — і па-акацілі.

Алег, тоячы смяшок, падтрымаў жарт.

— Паедзем. Толькі калі ж дацягнемся. Зусім не блізкі свет!

— А што нам спяшацца? Будзем гарады глядзець, людзей, жыццё… Мяне ўвесь час наш камандзір атрада запрашае — у Адэсу да яго прыехаць. Але я хачу туда, дзе быў,— у Ялту. Значыцца, падпісана? У Ялту коцім...

— А можа, у Адэсу спачатку?

— А што ты думаеш? Сапраўды: спачатку — у Адэсу. Потым — у Ялту. Толькі глядзі, каб не перадумаў.

— Не перадумаю.

У жартоўных словах Гонты была дзіўная прыцягальная сіла, якая бурыла мяжу паміж рэальным жыццём і вясёлай прыдумкаю. Рабілася добра на душы і ўсцешна, лёгка і проста верылася ў далёкую, зманлівую будучыню.

Сапраўды, чаму не зрабіць тое, пра што гаворыць Гонта? Скончыцца вайна, вернуцца дамоў бацька, мама з Сярожкаю… Вернуцца? Куды вернуцца? На попелішча? Гэткія ж вось, як тут, узбоч дарогі, чарнеюць коміны на месцы роднай Рудні…

— Чаго, сокіл, засумаваў? — засмяяўся Гонта.

— Гляджу на коміны, на аблогу… Хаты былі, людзі жылі… А цяперка — пустэча…

— Значыцца, марыць залішне Гонта? Куды ж да мора таго ехаць, калі галаву прыхінуць не будзе дзе — гэтак думаеш?

— Прыблізна.

— Яно і сапраўды: аднаўляць спачатку ўсё давядзецца,— Гонта ўздыхнуў і голасам новым, цвёрдым і радасным дадаў: — Адновім. Усе разам павалімсм — і адновім. Жыццё наладзім, а потым і паедзем. Я ад свайго не адступлюся! Паедзем да мора — гэта точна табе кажу. Э-ээх, слаўныя будуць дзянькі! Давай мы песню з табою ўрэ-жам, га? Бісава ж песня, як тыя мае хахлы казалі, — і не заспяваў, а ціха, як разважаючы сам-насам, прамовіў:

I ласки у зірок, у сонця просить,

I в світі іх яснім все горе втопить…

Гонта памаўчаў, потым сказаў разважліва, але ў голасе прагучала горыч:

— Прасі ці не прасі ласкі ў зорак і сонца — адно і тое ж чалавеку. Ласку тую самому трэба здабываць, працаю. Калі ўжо здабыў — у тваіх руках і будзе.— Гонта пакруціў лейцамі, зноў зацягнуў песню спачатку:

Ды-ывлю-юсь я на нэ-э-э-бо-о-о…

Алег слухаў, як спявае Гонта, і глядзеў у сінюю прастору, над палямі, і яму зноў прыгадваўся той дзень, калі ён дапамагаў бацьку саджаць бульбу ля хаты. Хораша, аднак, спявае Гонта. Яны з бацькам тады ў садзе, помніцца, да позняга вечара спявалі. Сядзелі пад яблыняй — і спявалі. У атрадзе ж Гонта, здаецца, ніводнага разу не спяваў. А можа, спяваў? Ты ж у гаспадарчым узводзе мала калі і быў. А ў разведчыкаў — свае песні. Не, гэтую песню Лысюк таксама любіць, спявалі яны яе шмат разоў. Мелодыя дужа лёгкая, напеўная. А вось словы — не ўсе ў памяці…