Генадзь Бураўкін
УЗМАХ КРЫЛА
Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Узмах крыла. Новыя вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 111 с.
Рэдактар: Р. I. Барадулін
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Маўклівая, цярплівая душа
* * *
Якое шчасце —
Жыць на белым свеце,
Піць водар траў і цішыню бароў,
Твар падстаўляць пад чабаровы вецер
I мець сям'ю, работу і сяброў!
Якое шчасце —
Жыць зусім звычайна:
Браць кнігі з перапоўненых паліц,
I наліваць вадой крынічнай чайнік,
I ў садзе лісце прэлае паліць!
Якое шчасце —
Даланёй сялянскай
Адчуць слухмянасць гэбля і касы
I з нечаканай прадзедаўскай ласкай
Расчулена пагладзіць каласы,
У засені схавацца за адрыну,
Дзе дуб калыша свой зялёны шум,
I сцішанаю песняю адрынуць
I адзіноту, і бетонны сум,
Аднойчы выйсці ў поле на дасвецці,
Каб зразумець —
Да ачышчальных слёз,—
Якое шчасце —
Жыць на белым свеце
Сярод вясёлак, птушак і бяроз!..
Малітва
Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ не вырваліся з пут...
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдскім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом!
* * *
Вы, хто сягоння на крутой арбіце,
Хто пазаймаў чужыя рубяжы,
Збалелую душу маю вазьміце
I разапніце на сваім крыжы.
Вам хочацца зрабіць яе пакутнай —
Даўно ў мяне пакутная яна.
Няўдзячнасцю людскою, як атрутай,
Скалечана, прапалена да дна.
Навошта ж вам цяпер яна такая? —
Ні славы не дадасць, ні барыша.
Як ранішняя свечка, патухае
Маўклівая, цярплівая душа.
Вам хочацца забіць яе навекі.
Няўжо ў вас мала без яе граху? у
...I душы растаптаныя — як вехі
На вашым інквізітарскім шляху.
* * *
Маім зацятым крытыкам
Зайздросьце, любыя, зайздросьце,
Што ў гэты невясёлы час
Я прыязджаю толькі ў госці —
I, зразумела, не да вас,—
Што ў мітынговай калатнечы
Я дараванняў не прашу
I маю гонар чалавечы
I незламаную душу,
Што мілай Бацькаўшчыны справа
Дае мне радасць і спакой
(Хаця вам гэта нецікава
У вашай лютасці сляпой).
I не забудзьце, ягамосьці,—
Вам час расплату прынясе:
Ва ўласнай зайздрасці і злосці
Пазахлынаецеся ўсе.
* * *
Адгудуць гады перабудовы
Адляцяць расчараванняў дні.
I калі не скруцяць нам галовы,
Мы яшчэ збяжымся пры агні.
Дружна памаўчым не без прычыны,
Крыўды і абразы праглынём
I ўдыхнём глыбей дымок айчыны,
Што віецца ціха над агнём.
Глуха прашумяць над намі дрэвы,
Крактануць замшэлыя камлі.
Зразумеем мы,
Што памудрэлі,
Толькі вось не ўсіх мы збераглі.
Хоць былі і ў копаці, і ў пыле
I жыццё пашкуматала нас,
Ні сяброўскіх сцежак не забылі,
Ні агонь агульны не пагас.
* * *
На нашай зямлі ад помнікаў цесна,
Цесна ад лозунгаў і трыбун.
Ламаюць,
Мяняюць высокія крэслы
Пад крыкі:
«Грамі!»
«Абвяргай!»
«Патрабуй!»
Столькі напору!
Столькі эмоцый!
Аж падгінаюцца ножкі ў сталоў.
Носяць і носяць,
Колькі ёсць моцы,
Груды
Праектаў,
Дэпеш,
Пастаноў.
Месяць паседжанняў прэснае цеста,
Не прыпыняючыся ні на міг.
Цесна ад сходаў.
Ад мітынгаў цесна.
Цесна ад планаў
I клятваў дурных.
Змоўклі б хаця
Мегафоны і горны
I блаславёны спакой надышоў.
Стала б для думак,
Для працы прасторна,
Стала б прасторна
Для цёплых дажджоў.
~ 1 ~