Выбрать главу
Ваўкі завылі непадалёк. На асінах залопала лісце... Але адшпіліць Хоць адзін медалёк Рукі не падняліся.
А ў змроку Стары пугач галасіў, Яхкаў вяпрук галодны. I не было ў чалавека сіл Цягнуць на сабе ўзнагароды.
Паклікаць людзей, Ад бяды ўцячы Не далі чалавеку Рэгаліі. I моўчкі ваўкі маладыя ўначы Ягоны шкілет абглыдалі...
...Таго чалавека Зусім не шкада. Ды недзе ж Ляжыць на выгодзе Яшчэ не пусты Той мяшок — I бяда, Калі яго нехта знойдзе...
1970
* * *
Каб было усё гучней і ўрачысцей, Не тлуміся, рабі ўсё прасцей: Пляц расквець, ды трыбуну начысці, Ды пакліч ганаровых гасцей.
I пасля малаці сябе ў грудзі, Не зважай, што ўсе ціхенька спяць, Распінайся, як добра ў нас будзе I праз год, і праз тры, і праз пяць.
Можа, дурань які і паверыць. Толькі ты не хвалюйся дарма, Бо не прыйдзе ніхто, каб праверыць, З таго раю, якога няма.
1979
* * *
Яны здзяцінелі даўно. Нібыта немаўляты тыя, То круцяць пра сябе кіно, То дзеляць Зоркі Залатыя.
I паміж іх — Славуты самы, Наш новаспечаны айцец Махае ўзбуджана брывамі I ўсё не можа узляцець.
1981
* * *
Сучасны свет бязлітасна старэе: Хто з барадою, Хто без барады — Дзяды ў Кітаі, I дзяды ў Карэі, I ў нас, куды ні кінешся, Дзяды.
Мітынгаваць усё яшчэ ахвочыя, Хоць падпірае дыхаўку трыбух. Абвіслі шчокі. I патухлі вочы. Але нястомна рвуцца да трыбун.
Бяссільнай зграяй збіліся з дарогі. Рыпяць, як перасмяглыя драчы. Памочнікі перастаўляюць ногі I замяняюць сківіцы ўрачы.
Запоўнены трызненнямі і тлумам, Свет з імі занудзіўся і азяб... Калі ўжо аб жыцці не могуць думаць, Пра смерць сваю падумалі хаця б.
Але няма для іх жыцця і смерці. Іх сцяў адзін — Уладу страціць — Жах. Трасуць галовамі — I цэлы свет трасецца I ўжо не хоча старасць паважаць.
1982
* * *
Якая гаспадарка не аслабне, Як пакіруюць трэць стагоддзя ў ёй Мікіта-кукурузнік, Лёнька-бабнік I Косця-пісар З бандаю сваёй?!
1985

Разлукі чашу выпіў я да дна

* * *
Так ужо заведзена спрадвеку — Можа, прымха, Можа, Божы знак — Толькі на Радзіме чалавеку Ходзіцца і дыхаецца ўсмак.
I заўжды здаецца нават зверу Найцяплейшай родная зямля. Гэта ўсё я на сабе праверыў, Даўшы па планеце кругаля.
Не прыжыўся я за акіянам, Не прыняў замежны той рэжым Як прыехаў я туды нязваным, Так і з'ехаў я адтуль чужым.
Лёгка збыў красу чужуго тую I пяшчотна да душы тулю Ціхую, змарнелую матулю — Родную, знябытую зямлю.
* * *
Як я рваўся дадому здалёк, Каб пабачыць вясёлыя вочы, Каб наслухацца полацкіх песень I напіцца з палескіх крыніц! А сустрэў Горкі сум, I няўцямлівы позірк сірочы, I халодны адчай, I зняважлівы смех чужаніц.
Не пазнаць родны край, Дзе знаёмыя сцежкі і нівы, Дзе аздобіла вокны Налічнікаў тонкая вязь... Колькі ж можна цярпець? Колькі можна маўчаць палахліва? Колькі можна ўсміхацца, Калі цябе топчуць у гразь?
Хто за нас нашы хаты ачысціць Ад хлуяу і бруду, Хто за нас Абароніць ад варвараў Нашых багоў, Калі грозна таўкуцца на плошчах Тупыя прыблуды I размахваюць Чорнымі крыламі царскіх сцягоў?