Выбрать главу
А я стаяў між малітоўцаў I зразумець ніяк не мог, Чаму па-нашаму ні слоўца У Мінску не гаворыць Бог?..
* * *
Забуду трывогі і стому, Адкіну шаўкі і парчу, Як вольная птушка, Дадому Праз тысячу вёрст палячу.
Аб вецер ламаючы крылы Высільвацца буду туды, Дзе родныя дрэмлюць магілы I спяць чараты ля вады, Дзе маці квяцістаю хусткай Махае з грады маладой. Абмыю сасмяглыя вусны Салодкай крынічнай вадой.
Прысяду над плыткай ракою. Пачую начных салаўёў. I там я навек супакою Знямоглае сэрца сваё.
* * *
Ноччу сёння зноў крычалі гусі, Будзячы вярэдлівы ўспамін. Ведаю, Яны да Беларусі Не дацягнуць свой крыклівы клін.
Толькі, можа, у смузе аблокаў На хвіліну спыняцца яны I разгледзяць хоць краёчкам вока Берагі зялёныя Дзвіны.
Хай бы памаўчалі ў паднябессі I, нібыта боскую расу, На бары наддзвінскія атрэслі З цёплых крылаў Мой бяссонны сум.
* * *
Заморская вясна Парасчыняла скарбы, Рассыпала спаўна Свае густыя фарбы.
Унізе і ўгары, Як выдумка былая, То жоўтае гарыць, То белае палае.
Ды тыя фарбы штось Душа не заўважае.
Чужая прыгажосць Яна і ёсць чужая.
А ў сонны лес ідзеш — Пралеска дагарае. Някідкая, Але ж Такая дарагая.
Пераміргнуцца з ёй Так проста і так добра: То ж сон зямлі маёй, Маёй журбы аздоба.
Прыгожая яна Для сэрца і для вока, Як даўняя вясна, Што ад мяне далёка.
* * *
Над бясконцасцю акіяна Цьмяна ўспыхвае зараніца. Ад бяссонніцы акаяннай Мне да раніцы не адбіцца.
Сярод скал бесхацінцам пахілым Адзінота згубілася недзе. Мне ж за выцвілым небасхілам Ні бароў, ні сяброў не разгледзець.
Так далёка-далёка ад дому. Б'ецца сэрца трывожна і гулка. Настальгію сваю і стому Я схаваў пад падушкай мулкай.
Дагарае апошняя знічка На чужым раўнадушным небе. А радзіма мяне не кліча. Я радзіме, відаць, не патрэбен.
Што ж, ізноў, як сын нелюбімы, Застануся з надзеяй і болем... А мая дарагая радзіма Мне патрэбна ўсё болей і болей.
* * *
Пад стук вагонных колаў, Прымружу вочы ледзь, Гучыць унукаў голас: «Не трэба, дзед, Не едзь».
Ён над вакзальным тлумам Махае мне рукой, Глядзіць з дарослым сумам I светлаю тугой.
Не ўразумець адразу Яму законаў лес — Службовы абавязак, Дзяржаўны інтарэс.
А я ў замежжы дальнім Вяртаю ўсё назад I позірк развітальны, I просьбу як загад.
Калі ж адчай прыдушыць,— Маленькі мой мядзведзь, Ты мне шапні на вушка Здалёку: «Дзед, прыедзь!..»
* * *
Можа, за дзесятым небасхілам Край дзіцячай радасці і ўцех. Я б туды, Каб меў такія сілы, Птушкай пералётнай паляцеў.
Крылы ж мне адлегласцю звязалі. I сярод бязадрасных размоў Я жыву, нібыта на вакзале, I чакаю цягніка дамоў.
Хай то будзе учарашні жорсткі Ці імклівы сённяшні экспрэс, Толькі б ён спыніўся каля вёскі, Дзе рачулка чыстая і лес, Дзе над студняй — Журавель пахілы, Залатыя пчолы — Ля вулля, Дзе на ўзгорку — Родныя магілы, А навокал — Родная зямля.
* * *
У смугу акіянскую Неба Апускае вячэрні кумач... Гэтак многа сказаць хацеў бы, А не пішацца, Хоць ты плач.
Як самотнікі па пустыні, Разбрыліся словы ў нудзе. Адбалелае сэрца стыне. Утрапенне ў радок не ідзе.
Іншаземныя яркія дзівы Не ўзрушаюць зусім мяне... Вершы пішуцца на Радзіме. Сэрца цешыцца на Дзвіне.