* * *
Гартае восень жоўтыя лісты —
Старую кнігу вечных успамінаў
Пра беззваротны век свой залаты,
Дзе доўгі спіс сакрэтаў і правінаў.
Лагодна ціша селіцца ў душы,
Але, з былым сустрэўшыся, няйначай,
То светла заўсміхаецца ў цішы,
То ачышчальна ўпотайкі заплача.
Прылёг свавольны вецер 'на мяжы,
Дзе колецца іржэўнік цёплай шчэццю,
Дзе віснуць зоркі выспелых ажын
I павуцінне серабрыста тчэцца.
А цень лясоў ужо хавае стынь.
З лагчын плыве туман сівы і рэдкі.
Сціхае смех.
I ападаюць кветкі...
Гартае восень жоўтыя лісты...
* * *
Абыходжу родныя аселіцы,
Строгія агледзіны раблю.
Новыя суседзі дружна селяцца,
Абжываюць глёўкую зямлю.
Цёткі з цягавітасцю спрадвечнаю
У дварах вядуць сялянскі рэй,
А бабулі з шумнаю малечаю
Разганяюць качак і курэй.
Люстраю ці лямпай мадэрноваю
Зырка свеціць кожнае вакно...
Толькі вось парою вечароваю
Гаманы на прызбах не чутно.
У застоллях песні не спяваюцца,
Як было ў ранейшыя гады.
I пахмурна мужыкі співаюцца
Ад нядбальства, тлуму і нуды.
Замяло мае сады юначыя
Скразнякоў сцюдзёнае крыло...
Нешта горка, незваротна страчана.
Нешта непрыкметна аджыло.
Невядомасць віратлівай стромаю
Рушыць мой запас душэўных сіл.
I кажу суседу незнаёмаму:
— Мне не чарку —
Песню
Паднясі.
* * *
Удача —
Сяброўка такая,
Што лішне ў адданасць не вер.
То лашчыцца,
А то ўцякае,
Як позна прыручаны звер.
То весела скача,
То плача,
То славіць цябе,
То кляне.
Чужая каханка —
Удача
Аднойчы была і ў мяне.
Гуляла са мной
I спявала,
Збірала сяброў да стала
I ноччу з пустога вакзала
У сінім вагоне ўцякла.
Як здань, адплыла ў наваколле,
Растала ў сутонні бароў...
А мне засталося вуголле
Ад зыркіх бяседных кастроў...
* * *
Як вецер лісце шугане
Па скверу,
Ты засумуеш без мяне —
Я веру.
З-за хмар збяжыць змяркання міг
Па промню.
Як добра нам было ўдваіх,
Я помню.
Плыла ад поўні паласа
Скразная.
Ты страхам поўнілася ўся —
Я знаю.
На зоркі клаўся цень крыла
Ціхутка.
Ноч тая цёплая прайшла
Так хутка.
Ёй грэцца ў памяці маёй,
Як цуду.
Да скону дзён маліцца ёй
Я буду.
* * *
Не перанось спатканне на пасля.
Хто ведае, што заўтра нас чакае —
Ці то ад шчасця спыніцца зямля,
Ці напаткае нас бяда якая.
Сагрэй мне вусны сённяшнім агнём.
Абмый душу мне сённяшняю ўсмешкай.
Хай кажуць,
што жывём кароткім днём,
А не халоднай вечнасцю няспешнай.
Хвіліны нават не паўторыць час,
Хоць папракай яго ты, хоць упрошвай.
Што як сустрэча гэтая якраз
Для нас галоўнай стане і... апошняй?..
* * *
Непрыгожых жанчын не бывае.
Паглядзі —
Вунь насустрач ідзе
Асляпляльная,
Баявая,
Як маланка,
Як выклік нудзе.
Ці плячом павядзе,
Ці брывамі —
Абрываецца сэрца на міг.
Як світальнай расой аблівае,
Ад халоднай зямлі адрывае
I ўзнімае да зор агнявых.
Непрыгожых жанчын не бывае.
Паглядзі —
Вунь насустрач ідзе
Сарамяжліва —
Снегавая,
Як лілея на ціхай вадзе.
Вочы ўзніме —
I сінь палявая
Павявае лагодай такой,
Што глухая трывога сплывае,
I пяшчота душу спавівае,
I прыходзіць
Шчаслівы спакой.
На жніве,
Ля ракі,
У трамваі —
Паглядзі —
Прыгажунь не злічыць.
То — нібы сон-трава баравая,
То — як зорка Венера ўначы...
Непрыгожых жанчын не бывае.
Проста шмат невідушчых мужчын.