Выбрать главу
Ну а калі каму трэба, Каб цесна I надалей, як заўсёды, было,— Цесна хай будзе Ад кветак і песняў, Цесна ад шчасця I споведных слоў.
Некалькі новых штрыхоў да знаёмых партрэтаў
I
Меней слоў і паболей справы! — Заклікае імклівы час. Ды ўхмыляецца злева і справа Бюракратаў тупая арава, Не адпраўленая ў запас.
Затаіцца для іх — не нова. Ціха плодзяць на даўні лад Пастанову за пастановай, За дакладам — чарговы даклад.
У паперы ўлягаюць зацята, Развярэджваюць сверб стары — Ужо з новых прамоў цытаты Засцілаюць прывычна сталы.
Зноў стагуюць інструкцый салому Кабінетныя бугаі. Так ім хочацца па-старому У бясконцых нарад гаі.
Б'юць у грудзі, наперад пнуцца — Толькі б страціць пасад паменш I загнаць у вятрак рэзалюцый Свежы вецер крутых перамен.
Балабонства іх не стаміла — Кожны ўсмак шчыраваць прывык. I раскручваюць з новай сілай Канцылярскі цяжкі махавік...
II
Час перамен нялёгкі і няпросты. З душы змываюць ліпкі глей гады... I чалавек, які галёкаў тосты, Цяпер маўчыць, набраўшы ў рот вады. Ён чуйна ловіць строгія прамовы, Паслужліва ківае неўпапад.
I ён змяніцца, як і ўсе, гатовы. Ды як мяняцца,— не прыйшоў загад.
Яшчэ свярбіць бяздумнасці кароста, Пяршыць у горле зычнае «ура!», За перамены ён бы грымнуў тосты, Але для тостаў адышла пара...
III
Як толькі новы паварот Зрабіць наш час збіраецца, Ён тут жа разяўляе рот I не змаўкаць стараецца. Сваё пагарднае ныццё Ліе ў любую тэму, Хвастае здзекліва жыццё, Начальства і сістэму. Ажно калоціцца, бядак, За цэлы свет маркоціцца, Што ўсё не гэтак і не так I да адхону коціцца.
Ён бачыць хітрыкі наскрозь I з праўдай параўноўвае. Паслухаць гэткага — дык вось Хто ўрэшце сцвердзіць новае I здолее рашуча ўраз Усё дурное вымесці — Адно каб атрымаць ад нас Падтрымку і магчымасці...
Ды што за дзіва — галубок, Ледзь час да спраў скіроўвае, Паціху адлятае ў бок Зусім не той, дзе новае. Ён, што не шкадаваў грымот На шэры дзень аджылы, Не хоча ліць салёны пот, Ірваць не хоча жылы. Незадаволена сапе Салідна і прывычна I па-старому пад сябе Грабе сістэматычна. Каб сілы захаваць свае, Хвалюецца нячаста I прынародна прызнае Сістэму і начальства. Не лямантуе, не кіпіць, Не сніць суда суровага...
Ён будзе злосць сваю капіць Да павароту новага.
1986
* * *
Ах, балбатлівыя прарокі, Бяздумна ўзрушаны атрад! З вас кожны знае шлях шырокі, Але чамусьці ўсё — назад.
Пра ўнукаў думайце, Пра ўнукаў. За імі — Будучыні час. Яны сумленнем і навукай Яшчэ не раз правераць нас.
Спакойна пройдуць нашым следам Былое правядуць праз нас... Не дай вам Божа, Калі дзеда Ім будзе сорамна прызнаць...
* * *
Цяжкі застой на Беларусі Каторы год. I разважаюць людзі: Мусіць, Такі народ.
Чужым і ўласным дармаедам Глядзіць у рот I паслухмяна крочыць следам — Такі народ.
Як ні гукай адчайна: — Людцы! Ганіце зброд! Яны ў адказ адно смяюцца. Такі народ.
Не хочуць мець парадак новы. Наадварот, Гатовы жыць без роднай мовы. Такі народ.
Хаця прывык да ўсякай працы, Шукае брод, Каб не дай Бог не вытыркацца. Такі народ.
Трываць дурныя кпіны будзе I недарод... Няўжо і праўду кажуць людзі — Такі народ?..
* * *