Выбрать главу
Я ведаю: Нядобрых моў няма, У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла, Якая песняроў ускаласіла I мудра зберагла, Каб не скасіла Іх ні хлусня, Ні слава, Ні турма.
Я слаўлю мову, Што яднання дар Дала і акадэміку, і цеслю. I ў думках нават я не перакрэслю Чужую споведзь і чужую песню, Якія зразумець мне лёс не даў.
Як самая дакладная з навук, Нам мова праз стагоддзі захавала Пах палыну I тонкі звон металу, Арліны клёкат, Гулкі гул абвалу — Усё, што пераліта ў кожны гук.
I правіла прыдумалі не мы, Што там, Дзе не шануюць роднай мовы, Мялеюць рэкі, Нішчацца дубровы, Каля магілак пасвяцца каровы, Народ там мёртвы, А той край — нямы.
Быць у пустэльні не жадаю я. I не хачу я мець сяброў бязмоўных, Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных, Малення поўных I здзіўлення поўных, Усіх пявучых I усіх — галоўных. I толькі так — Як роўная між роўных — Жыць можа мова родная мая...
* * *
Бязбожнікі былыя ўсё часцей Прыходзяць да царкоўнага парога. (Калі дабра не бачыш ад людзей, Знайсці спагаду спадзяешся ў Бога.)
Няўмела свечкі ставяць за ўпакой, Гатовы сарамліва прычасціцца. Баяцца вочы ўзняць — Над галавой Увысь анёлы ўзносяць таямніцы.
Нязвыкла словы даўнія гучаць, Аж халадок перапаўняе грудзі, Нібы спыніўся і змяніўся час — Ці то ўжо ўсё было, Ці толькі будзе.
З даверам, Без папрокаў і маны, Са сцен глядзяць прасветленыя твары. I ў сэрцы будзяць гулкія званы Раскаянне і прадчуванне кары.
А Ойча бласлаўляе ўсё смялей Свавольную надзею маладую... Быць можа, не паможа Бог, Але I выслухае ўсіх, і пашкадуе.
* * *
Непрыкметна падступіла восень — Хутка пацямнела неба просінь, Выстылі маўклівыя прасторы, Не гарыць касцёр на касагоры I плывуць ад лесу і з прылукі Сумныя, прыцішаныя гукі.
Гэта, змыўшы жнівеньскія цені, Несуцешна плача свет асенні. Плача вецер над зламанай слівай. Плача неба над нязжатай нівай. Над свінцовай роўнядцзю затокі Горка плача лебедзь адзінокі. А між іх душа мая няйначай Над самой сабой журботна плача.
* * *
Ад цякучкі бяздарнай, Ад будзённай трухі Сталасць клікне ўладарна На былыя шляхі — Поўны шчасця і болю, Я прайду па гадах, Па бацькоўскаму полю, Па юначых слядах.
Па туманах і росах, Па траве, Па вадзе Юнай памяці посах Зноў мяне павядзе.
Прыпынюся на полі, Дзе стаялі сябры,— Хай мне ногі наколе Іх іржэўнік стары. У службовых замотах Я не страціў правоў, Каб паслухаць самотна Іх сівых журавоў, Каб у хісткім спляценні Напамінаў і дат Іх знаёмыя цені Між рабін угадаць...
Чмыхне спуджаны вожык, Нібы ўчуўшы бяду... Я ўжо даўняга, можа, Больш нідзе не знайду. Ды хіба гэта мала, Калі там пасяджу, Дзе вясёлая мама Серп схавала ў мяжу, Дзе я мчаў з хлапчукамі Да надрэчнай грады, Дзе стаяў з васількамі Бацька мой малады?..
* * *
Шырока вокны расчыні — Хай лёгкі вецер уварвецца. Такой густой гарачыні Ніколі не было, здаецца.
Ля сонца — Белыя кругі. Далёка хмаркі адляцелі. Вось-вось расплавяцца мазгі. I ліпкі пот цячэ па целе.
На прызбе хоць абед вары — Так спёка дыхае нязвыкла. Замоўклі птушкі на двары. Трава сасмяглая панікла.
Нясцерпнай духаты напал Не выпускае цень за дзверы Няўжо і ў небе — радыкал, Які не адчувае меры?..
Чэрвень 1991 года. Карпаты.
* * *
Як з тайнай смерці стане сувязь крэўнай, Спакойна зразумееш спакваля: Нявечныя і курганы, і дрэвы, Нявечная, напэўна, і зямля.