Поўсць разлятаецца,
Шкура крывяніцца...
Не надыходзіць
Жаданая раніца...
...Вые,
Скавыча,
У друзе качаецца...
Жудасны сон мой
Ніяк не канчаецца.
* * *
Што ж гэта такое
З Радзімай адбываецца?
Песні не спяваюцца.
Вершы не складаюцца.
Душы недалужныя
Не здалелі выстаяць —
Пад вятрамі сцюжнымі
Даастатку выстылі,
Хоць і не апальныя,
Хоць і не галодныя,
На чужыну дальнюю
Рвуцца, як бязродныя.
А за акіянам
Ласка невялікая
Для гасцей нязваных,
Сваякоў някліканых.
I сумленне ж мучае,
Што так лёгка кінулі
I бацькоў засмучаных,
I садкі з калінамі...
Покуль гэта ўцяміцца,
Покуль песня вернецца,
Колькі дум запляміцца,
Колькі душ зняверыцца!
Горка,
Як дзяціна
Ад хаты адбіваецца...
Што ж гэта з Радзімай
I з намі адбываецца?..
* * *
У раённай ранішняй гасцініцы
Першы промень шыбы залаціць.
I здаецца,
Вось акно расчыніцца
I гарласты певень заляціць,
Крыламі агністымі залопае,
Горда ўскіне
Звонкі свой кадык
I ўзнясе над соннаю Еўропаю
Першабытны пераможны крык...
Хай нічога ў свеце не адбудзецца,
Ды ўва мне,
Як вечнае святло,
Раптам
Дзіва дзіўнае абудзіцца,
Што дзіцячай яваю было.
Дзе яно,
Забытае,
Далёкае,
Даўняе,
Схаванае ў душы —
На палянах верасных галёкае
Ці маўчыць у цёмным шалашы?
Вабнае,
Наіўнае,
Няўлоўнае,
Да якога зноў не дабрысці,
Сёння, можа, самае галоўнае,
Самае патрэбнае ў жыцці?
Цяжка цісне скрухай беспрычыннаю
Сэрца, пасталелае даўно...
Свеціць сонца.
I акно расчынена.
Толькі пеўня штосьці не чутно...
* * *
Паўтараю,
Як словы замовы,
Шэпт з мінуўшчыны нашай сівой:
Хто не ведае матчынай мовы,
Той не любіць матулі сваёй.
Запісы з дальняй шуфляды
Пра паклёпнікаў
Яны чамусьці сталі рана старыцца,
Раптоўна прытаміліся крычаць.
Вусы пазбрылі,
Фрэнчы здзерлі «сталінцы».
Ды на душы —
Былых часоў пячаць.
Яны і сёння ўсё на «бацьку» крывяцца
Маўляў, без іх махаў ён тапаром.
А ці не ў іх чыгунныя чарніліцы
Сцякала з праржавелых пёраў кроў?
Ці ж не яны халоднымі вужакамі
Паўзлі к сябрам і ў сэрца, і ў пасцель?..
Іх,
Што былі у Берыі служакамі,
Я не забуду,
Як бы ні хацеў.
Хоць не мае бацькі ад іх загінулі,
Я не дарую ім ні кроплі слёз...
I на іх лягуць
Пліты надмагільныя,
Як іхні ж недапісаны данос...
1965
Мяшок з медалямі
(казка-6ыль)
Ішоў чалавек.
У руках — мяшок.
А ў ім —
Бляшкі-рэгаліі.
Сэрца дрыжыць —
За штуршком штуршок —
Каб толькі не адабралі!
Гэта ж дажыўся
У рэшце рэшт:
Свая рука —
Уладыка.
Калі ніхто
Мех не адбярэ,
Чапляй адзнакі
Без ліку.
Глядзеў ён з нянавісцю
Па баках —
Горла гатоў перагрызці
Нават у лепшага дружбака,
З кім соллю дзяліўся
Калісьці.
Зайшоў чалавек
У дрымучы лес,
Сеў пад сасной зялёнай
I асцярожна
Рукой залез
У мех,
Поўны меднага звону.
I выцягнуў ордэн.
За ім — другі.
А потым —
Медаль блішчасты.
I паплылі ў вачах кругі.
I лес пахіснуўся ад шчасця.
Ён вешаў на правы,
На левы бок,
Прышпіліць на спіну стараўся.
Вакол,
Як той зацкаваны воўк,
Спалохана азіраўся.
I вось ужо,
З галавы да ног
Абвешаны ўсімі рэгаліямі,
Ён на нагах устаяць не змог —
I грымнуўся
На прагаліне.