Выбрать главу

Чаму ж гэтыя разважанні здаваліся мне хісткімі, хоць я і не мог нічога супрацьпаставіць ім? «Інтэлігентаў трымаюць у запасе на паліцах аддзела прапаганды, як слоікі з варэннем, каб падаць іх пасля вайны…» Але ж гэта не адказ!

А сёння, гэтаксама як і мае таварышы, я падняўся ў неба насупор усялякім відавочнасцям, насупор усяму, што я мог у тую хвіліну адказаць. Я знаю, настане час, і я зразумею, што, зрабіўшы насуперак свайму розуму, я зрабіў разумна. Я паабяцаў сабе, калі буду жывы, начную прагулку па вёсцы. Тады, магчыма, я нарэшце спасцігну самога сябе. Я навучуся бачыць.

Магчыма, мне не будзе чаго сказаць пра тое, што я ўбачу. Калі жанчына здаецца мне цудоўнай, мне няма чаго сказаць, Я проста любуюся яе ўсмешкай. Аналітык раскладае аблічча і тлумачыць яго па частках, але ўсмешкі ён ужо не бачыць.

Спазнаць — зусім не азначае раскласці на часткі альбо растлумачыць. Спазнаць — гэта прыняць тое, што бачыш. Але для таго, каб убачыць, трэба ўдзельнічаць. А гэта суровая школа…

Цэлы дзень мая вёска была схавана ад мяне. Да вылету гэта былі толькі глінабітныя сцены ды даволі-такі зашмальцаваныя сяляне. Цяпер — гэта толькі жменя жвіру за дзесяць кіламетраў пада мною. Вось яна, мая вёска.

Але сёння ноччу, магчыма, пракінецца і забрэша вартавы сабака. Я заўсёды з асалодай убіраў у сябе магічныя чары вёскі, якая яснай ноччу размаўляе ў сне голасам адзінокага вартавога сабакі.

Я не маю ніякай надзеі, што мяне зразумеюць. I гэта мне абсалютна ўсё роўна. Хай толькі проста пакажацца мне гатовая да сну мая вёска з яе замкнёнымі дзвярыма на адрынах, на хлявах, на векавых звычаях!

Сяляне, вярнуўшыся з поля, павячэраюць, закалышуць дзяцей і, пагасіўшы лямпу, растворацца ў нямой суцішнасці. I ўсё знікне, і застанецца адно толькі мернае дыханне пад моцнымі шорсткімі саматканымі дзяружкамі, мора, якое заціхае пасля буры.

Ноччу, калі падводзяцца вынікі, бог на момант адводзіць людзей ад карыстання іхнімі скарбамі. I пакуль людзі будуць адпачываць, перада мною больш выразна паўстане зберажоная імі спадчына.

Тады, магчыма, мне раскрыецца тое, што цяжка выказаць словамі. Я прыйду да агню, як сляпы, якога вядуць яго далоні. Ён не змог бы апісаць агонь, і ўсё-такі ён яго знайшоў. Гэтак, магчыма, і да мяне прыйдзе тое, што трэба абараняць, тое, што не бачна, але што жыве накшталт жарынкі пад прыскам вясковых начэй.

Мне не было чаго чакаць ад адмены вылету. Каб зразумець звычайную вёску, трэба перш за ўсё…

— Капітан!

— Шэсць знішчальнікаў, шэсць, наперадзе — злева!

Гэта прагучала, як удар перуноў.

Трэба… трэба… Але я хацеў бы своечасова атрымаць тое, што мне належыць. Я хацеў бы набыць пра-а на любоў. Я хацеў бы ўразумець, за каго паміраю…

VIII

— Стралок!

— Капітан?

— Чулі? Шэсць знішчальнікаў, шэсць, наперадзе па леваму крылу!

— Чуў, капітан!

— Дзютэртр, яны заўважылі нас?

— Заўважылі. Разварочваюцца на нас. Мы вышэй метраў на пяцьсот.

— Стралок, чулі? Мы вышэй іх на пяцьсот метраў. Дзютэртр! Далёка яшчэ?

Дзютэртр! Далёка яшчэ?

— …некалькі секунд.

— Стралок, чулі? Праз некалькі секунд будуць у нас на хвасце.

Ага, вось і я бачу іх! Дробненькія. Рой атрутных вос.

— Стралок! Яны ідуць напярэймы. Зараз убачыце. Вось яны!

— Я… я нічога не бачу. А! Бачу!

Але затое ўжо не бачу іх я.

— Пруцца за намі?

— Пруцца!

— Хутка набіраюць вышыню?

— Не ведаю… Здаецца, не вельмі… Не!

— Ваша рашэнне, пан капітан?

Гэта пытанне Дзютэртра.

— А што я магу рашыць!

I мы змаўкаем.

Рашаць тут няма чаго. Усё залежыць ад аднаго бога. Калі я развярнуся, адлегласць між намі скароціцца. Мы ляцім на сонца, а на вялікай вышыні нельга набраць яшчэ пяцьсот метраў без таго, каб не страціць хуткасці і не адстаць ад цэлі. Пагэтаму можа здарыцца так, што, перш чым яны выйдуць на нашу вышыню і возьмуць разгон, мы паспеем знікнуць у асляпляльных промнях.

— Стралок, усё яшчэ ляцяць?

— Ляцяць.

— Мы адрываемся?

— Гм… не… Ага!

Усё залежыць ад бога і ад сонца.

У прадбачанні магчымага бою (хоць знішчальнікі хутчэй займаюцца забойствам, чым вядуць бой) я напружваю ўсе мускулы, спрабуючы зрушыць заледзянелыя педалі. Я адчуваю сябе неяк дзівакавата, але знішчальнікі ўсе яшчэ ў мяне перад вачыма. I я штосілы навальваюся на непадатлівыя педалі.