Ніякая акалічнасць не абудзіць у нас чужынца, пра якога мы раней і не здагадваліся. Жыць — значыць паволі нараджацца. Гэта было б занадта лёгка — адразу набываць гатовыя душы!
Часам здаецца, што раптоўнае прасвятленне можа цалкам перавярнуць чалавечы лёс. Але прасвятленне азначае толькі тое, што Духу знячэўку адкрылася спакваля рыхтаваная дарога. Я доўга вывучаў граматыку. Мяне вучылі сінтаксісу. Абудзілі мае пачуцці. I вось неспадзеўкі ў сэрца маё пастукалася паэма.
Канечне, зараз я не адчуваю любові, але калі сёння ўночы нешта абудзіцца ўва мне, значыць, яшчэ раней я працаваў і насіў камяні для нябачнай будыніны. I я не буду мець права гаварыць пра неспадзяванае з'яўленне ўва мне нейкага іншага чалавека, а не самога сябе, бо гэтага іншага ствараю я сам.
Ад усіх маіх ваенных прыгод мне няма чаго чакаць нічога іншага, апрача гэтай нетаропкай падрыхтоўкі. Яна акупіцца потым як граматыка…
Гэтае паступовае знясіленне прытупіла ў нас адчуванне жыцця. Мы старэем. Заданне старыць. Чаго каштуе палёт на вялікай вышыні? Адна гадзіна, пражытая на вышыні дзесяць тысяч метраў, — якому часу адпавядае яна — тыдню, тром тыдням, месяцу нармальнага жыцця арганізма, нармальнай работы сэрца, лёгкіх, артэрый? Зрэшты, якая розніца! Мая млосць састарыла мяне на вякі: мяне ахінуў ціхамірны спакой старца. Усё, што хвалявала, калі я рыхтаваўся да вылету, здаецца мне бясконца далёкай мінуўшчынай. Як Арас — бясконца далёкай будучыняй.
Ну, а ваенныя прыгоды? Дзе яны, гэтыя ваенныя прыгоды?
Усяго хвілін дзесяць назад я ледзь не загінуў, а мне няма пра што расказваць, хіба што пра гэты рой дробненькіх вос, які прамільгнуў перада мною за тры секунды. Сапраўдная ж прыгода заняла б усяго дзесятую долю секунды. Але ніхто з нас не вяртаецца, не вяртаецца ніколі, каб расказаць пра яе.
— Вазьміце трошкі лявей, пан капітан.
Дзютэртр забыў, што педалі заледзянелі! А мне прыгадваецца адзін малюнак, які вельмі ўразіў мяне ў маленстве. На малюнку на фоне палярнага ззяння вырысоўвалася дзіўнае кладзішча караблёў, зацёртых паўночнымі льдамі. У шызым святле вечнага прыцемку яны ўздымалі ўгору свае абледзянелыя рукі. У мёртвым штылі іх усё яшчэ ўзнятыя ветразі захоўвалі след ветру, як пасцель захоўвае след пяшчотнага пляча. Але адчувалася, якія яны здубянелыя і ломкія.
Тут таксама ўсё здубянела. Рычагі здубянелі. Кулямёты здубянелі.
— Стралок, як вашы кулямёты? — цікаўлюся я.
— Не працуюць.
— Ну што ж.
У рэспіратар кіслароднай маскі я выплёўваю ледзяныя іголачкі. Час ад часу ў падатлівай гуме даводзіцца размінаць наледзь, якая не дае мне дыхаць. Калі я сціскаю трубку, адчуваю, як у руцэ пахруствае лёд.
— Стралок, кісларод у парадку?
— У парадку.
— Які ціск у балонах?
— Гм… Семдзесят.
— Добра.
Час для нас таксама заледзянеў. Мы — тры белабародыя старцы. Нішто не варушыцца. Нішто не паганяе. Нішто не палохае.
Баявыя подзвігі? Маёр Аліяс дадумаўся аднойчы сказаць мне:
— Пастарайцеся быць асцеражнейшым!
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Якім чынам? Знішчальнікі падаюць на вас зверху, як маланка. Атрад знішчальнікаў, які ляціць на тысячу пяцьсот метраў вышэй вас і першы заўважае вас, можа не спяшацца. Ён перастройваецца, займае выгодную пазіцыю. А вы пра ўсё гэта нават яшчэ і не ведаеце. Вы — мыш, над якой ужо распластаўся цень драпежніка. Мыш думае, што яна жывая. Яна яшчэ сваволіць у жыце. Але яна ўжо ў палоне ястрабінага вока, яна ўліпла ў ягоную зрэнку мацней, чым у смалу, бо ястраб ужо не выпусціць яе.
Вось гэтак і з вамі. Вы прадаўжаеце весці самалёт, вы марыце, разглядваеце зямлю, а між тым вы прыгавораныя ўжо да смерці — ледзь прыкметная чорная адмецінка, якая ўзнікла ў зрэнцы чалавека.
Дзевяць знішчальнікаў рынуцца на вас па вертыкалі, калі ім узбрыдзе ў галаву. I часу ў іх аж занадта. На хуткасці дзевяцьсот кіламетраў у гадзіну яны нанясуць вам страшэнны гарпунны ўдар і ніколі не прамахнуцца ў сваю ахвяру. Эскадра бамбардзіроўшчыкаў мае такую сілу агню, што ёй яшчэ ёсць сэнс абараняцца, але самотны разведвальны самалёт у бязмежным небе ніколі не пераможа сямідзесяці двух кулямётаў, ды і заўважыць іх ён можа толькі па зіхоткаму следу куль.
У той самы момант, калі вы сцяміце, што вы на мушцы, знішчальнік, як кобра, імгненна выпускае атруту і, выйшаўшы з поля абстрэлу, ужо недасягальны, навісае над вамі. Гэтак і кобры — пагойдваюцца, маланкава джаляць і зноў пагойдваюцца воддаль.