Выходзіць, калі знішчальнікі зніклі, яшчэ нічога не змянілася. Нават твары не змяніліся. Яны змяняюцца цяпер, калі неба апусцела і зноў запанаваў спакой. Знішчальнік ужо стаў толькі абыякавым сведкам, а з рассечанай соннай артэрыі штурмана пырскае першы струменьчык крыві, з капота правага матора нясмела выбіваецца першае полымца, якое праз момант забушуе, як агонь у горне. Кобра паспела ўжо звіцца, а яе атрута дасягае сэрца, і на твары сутаргава перасмыкаецца першы мускул. Знішчальнікі не знішчаюць. Яны сеюць смерць. I смерць узыходзіць, калі знішчальнікі ўжо далёка.
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Калі мы сутыкнуліся са знішчальнікамі, мне не было чаго рашаць. Я мог бы і не даведацца пра іхняе з'яўленне. Калі б яны ляцелі проста нада мной, я нават і не даведаўся б пра гэта!
Быць асцеражнейшым? Але ж неба пустое.
Зямля пустая.
Калі абшары зямныя азіраеш з вышыні дзесяці тысяч кіламетраў, там чалавека няма. У гэткім маштабе рухі чалавека нельга разгледзець. Нашы даўгафокусныя фотаапараты служаць нам мікраскопамі. Мікраскоп патрэбен тут, каб разгледзець чалавека, — але яго і з дапамогай гэтага прыбора не ўбачыш, — толькі адметы ягонай прысутнасці: дарогі, каналы, цягнікі, баржы. Чалавек ажыўляе тое, што мы бачым пад мікраскопам. Я няўзрушны вучоны, і вайна гэтых мікробаў для мяне цяпер усяго толькі прадмет лабараторнага доследу.
— Дзютэртр, страляюць?
— Здаецца, страляюць.
Адкуль ён можа ведаць? Выбухі надта далёкія, і плямкі дымоў зліваюцца з зямлёй. Яны, вядома, і не спадзяюцца збіць нас такім недакладным агнём. На вышыні дзесяці тысяч метраў мы практычна недасягальныя. Яны страляюць, каб удакладніць наша месцазнаходжанне і, магчыма, навесці на нас знішчальнікаў. Знішчальнікаў, якія блукаюць у гэтай нябеснай прасторы, як нябачны пылок.
Тыя, што на зямлі, бачаць нас па жамчужнаму шлейфу, які самалёт, калі ён ляціць на вялікай вышыні, цягне за сабой, як вянчальны вэлюм. Сатрасенне, выкліканае палётам, крысталізуе вадзяныя пары атмасферы. I мы размотваем за сабою пёрыстую стужку ледзяных іголак. Калі атмасферныя ўмовы спрыяюць утварэнню аблокаў, гэты след будзе павольна разбухаць і ператворыцца ў вячэрняе воблака над палямі.
Знішчальнікі знаходзяць нас па бартавым радыё, па пуках выбухаў і, нарэшце, дзякуючы выхваляльнай раскошы нашага белага вэлюма. I ўсё-такі мы лунаем у амаль касмічнай пустэчы!
Мы ляцім — і я добра гэта ведаю — з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну… А між тым усё замерла. Хуткасць адчувальна на бегавой дарожцы. А тут усё апушчана ў пустату. Так і Зямля: нягледзячы на хуткасць сорак два кіламетры ў секунду, здаецца, што яна паварочваецца вакол Сонца даволі марудна. Яна затрачвае на гэта цэлы год. Нас, магчыма, таксама нешта павольна даганяе, да нас таксама нешта імкнецца. Колькі самалётаў прыпадае на адзінку прасторы ў паветранай вайне? Яны — што пылінкі пад купалам храма. Самі пылінкі — мы, магчыма, прыцягваем да сябе некалькі дзесяткаў ці соцень іншых пылінак. I ўвесь гэты пыл павольна ўздымаецца ў неба, быццам дзесьці выпыльваюць дыван.
Чаго мне асцерагацца, маёр Аліяс? Унізе, па вертыкалі, праз нерухомае чыстае шкло, я бачу толькі бразготкі мінулых вякоў. Я схіляюся да музейных вітрын. Але вось я абарочваюся і гляджу проці сонца: недзе далёка-далёка на даляглядзе Дзюнкерк і мора. Але пад вуглом мне ўжо цяжка нешта разгледзець. Сонца цяпер ужо зусім нізка, і я лячу над агромністым зіхоткім люстэркам.
— Дзютэртр, вы бачыце што-небудзь праз гэту навалач?
— Па вертыкалі бачу, пан капітан…
— Эй, стралок, як там знішчальнікі?
— Нічога новага…
Я і сапраўды не ведаю, праследуюць нас ці не і ці бачна з зямлі, як за намі пластаецца мноства павуцінкавых вэлюмаў, падобных на той, які мы валачом за сабою.
«Павуцінкавы вэлюм». Гэтыя словы будзяць маё ўяўленне. Перада мною ўзнікае вобраз, ад якога я спачатку проста ў захапленні: «…недасягальныя, як дзівосная красуня, мы ганарліва крочым насустрач свайму лёсу, а за намі паважна сцелецца доўгі вэлюмны шлейф з ледзяных зорачак…»
— Ану, дайце трохі левай нагой!
А гэта ўжо ява. Але я зноў вяртаюся ў свет сваёй таннай паэзіі:
«…услед за гэтым віражом паверне і ўся гурма нашых залётнікаў…»
Даць левай… даць левай… Лёгка сказаць!
Дзівосная красуня не патрапляе зрабіць свой віраж.
— Калі будзеце спяваць… Гэта дабром не скончыцца, пан капітан!..
Няўжо я спяваў?
Зрэшты, Дзютэртр адбівае ў мяне ўсялякую ахвоту да лёгкай музыкі: