— Я амаль закончыў здымкі. Хутка можна будзе зніжацца да Араса.
Можна будзе… Можна будзе… Канечне! Трэба карыстацца спрыяльным выпадкам. Ты глянь: рукаяткі сектара газу таксама замёрзлі…
Я думаю:
«На гэтым тыдні з трох экіпажаў вярнуўся адзін». Выходзіць, шанцаў вельмі мала. Але нават калі мы і вернемся, нам не будзе чаго расказаць. Некалі мне давялося зрабіць тое, што прынята называць подзвігамі. Пракладка паштовых ліній, сутычкі ў Сахары, Паўднёвая Амерыка… Але вайна — не сапраўдны подзвіг, вайна — гэта сурагат подзвігу. У аснове подзвігу — багацце повязяў, якія ён стварае, задачы, якія ён ставіць, справы, на якія ён натхняе. Звычайная гульня ў арла і рэшку яшчэ не подзвіг, нават калі стаўка ў ёй будзе на жыццё або смерць. Вайна — не подзвіг. Вайна — хвароба. Накшталт тыфу.
Магчыма, некалі потым я зразумею, што адзіным маім сапраўдным подзвігам у вайну было тое, што звязана з маім пакоем у Арконце.
XI
У Арконце — вёсцы паблізу Сэн-Дзізье, дзе суровай зімой трыццаць дзевятага года базіравалася мая група, — я жыў у глінабітным дамку. Ноччу тэмпература ў ім падала настолькі, што вада ў маім збане ператваралася ў лёд, і перш чым апранацца, я распальваў грубку. Але для гэтага мне прыходзілася пакідаць нагрэтую пасцель, дзе я з такой асалодай скручваўся ў клубочак.
Для мяне не было нічога лепшага, чым гэты жалезны манашаскі ложак у пустым і выхаладжаным пакоі. Тут я ўпіваўся бяспекай. Нішто не пагражала мне тут. Удзень маё цела падвяргалася суровым выпрабаванням вялікай вышыні, удзень яго падсцерагалі смертаносныя асколкі. Удзень маё цела магло стаць гняздом пакут, яго маглі несправядліва пашкуматаць на кавалкі. Удзень маё цела не належала мне. Болей не належала. Яго маглі пазбавіць рук, ног, з яго маглі выпусціць кроў. Таму што — і гэта таксама толькі на вайне — ваша цела ператвараецца ў кладоўку з рэчамі, якія ўжо не ваша ўласнасць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы вочы. I вы аддаяце яму сваю здольнасць бачыць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы ногі. I вы аддаяце яму сваю здольнасць хадзіць. З'яўляецца судовы выканаўца і патрабуе ўсю скуру з вашага твару. I вы ператвараецеся ў патароча, аддаўшы яму, як выкуп, сваю здольнасць прыязна ўсміхацца людзям. I гэтае цела, якое ў той жа самы дзень магло аказацца маім ворагам і зрабіць мне балюча, цела, якое магло ператварыцца ў фабрыку стогнаў, — гэтае цела пакуль яшчэ заставалася маім сябрам, паслухмяным і шчыраверным, утульна ўмошчаным у пасцелі, яно драмала над нагрэтай коўдрай і прызнавалася маёй свядомасцю адзіна ў асалодзе быцця, свядомасць адзначала адно ягонае шчаслівае пасопванне. Але мне, хоч не хоч, трэба было вырваць яго з пасцелі, вымыць ледзяной вадой, пагаліць і апрануць, каб у такім бездакорным выглядзе аддаць яго на волю жалезных асколкаў. I было такое ўражанне, што я, выцягваючы сваё цела з пасцелі, нібы вырываю дзіця з матчыных абдымкаў, адрываю яго ад матчыных грудзей, ад усяго, што ў маленстве мілуе, песціць, аберагае цельца дзіцяці.
Нарэшце, добра ўзважыўшы і абдумаўшы сваё рашэнне і адцягнуўшы яго выкананне, я, сціснуўшы зубы, адным скокам вылятаў з ложка да грубкі, дзе яшчэ звечара былі накладзены дровы, і паліваў іх бензінам. Потым ліхаманкава чыркаў запалкай і ў наступную секунду куляй ляцеў назад і зноў зарываўся ў яшчэ цёплую пасцель і адтуль, забіўшыся пад коўдру і пярыну, адным толькі левым вокам цікаваў за грубкай. Спачатку дровы не надта браліся гарэць, потым па столі пачыналі прабягаць дрыготкія водсветы полымя. Затым агонь ахопліваў усё бярэмя: так весялосць ахоплівае гасцей на ўдалым свяце. Дровы пачыналі трашчаць, гусці і спяваць. Рабілася весела, як на вясковым вяселлі, калі госці трошкі прыхмялеюць і пачынаюць шумець і паштурхоўваць адзін аднаго локцямі.
А часам мне здавалася, што мой добры агонь пільна ахоўвае мяне, як жвавы вартавы сабака, які аддана служыць свайму гаспадару. Я глядзеў на агонь і адчуваў таемную вялікую радасць. I калі свята было ў самым разгары, і цені весела скакалі па столі і гучала гэтая гарачая залатая музыка, і па кутках грубкі пачыналі грувасціцца гурбы жару, калі ўвесь пакой напаўняўся цудадзейным водарам смалы і дыму, тады я, не задумваючыся, пакідаў аднаго сябра дзеля другога, я бег з пасцелі да агню, аддаючы перавагу шчадрэйшаму сябру, і сапраўды цяжка сказаць, падпякаў я сабе жывот ці саграваў сэрца. 3 дзвюх спакус я маладушна паддаваўся болей зваблівай, болей зіхоткай, той, якая званчэй і ярчэй выстаўляла сябе напаказ.
I гэтак тройчы: спачатку, каб распаліць грубку, потым, каб зноў нырнуць у ложак, нарэшце, каб вярнуцца і сабраць ураджай цяпла, — тройчы, ляскаючы зубамі, я адольваў ледзяную пустыню майго пакоя і ў пэўнай ступені спазнаваў, што такое палярная экспедыцыя. Я нёсся цераз пустыню да шчаслівага прызямлення, і я быў узнагароджаны гэтым гарачым агнем, які танцаваў перада мною, для мяне, свой танец шчыравернага сабакі.