Усё гэта быццам нічога не варта. А для мяне гэта было сапраўдным подзвігам. Мой пакой з усёй відавочнасцю раскрыў перада мною тое, чаго я ніколі не змог бы ўгледзець у ім, калі б мне давялося трапіць сюды звычайным турыстам. Тады ён паказаўся б нечым неадметным, голым пакоем з адзіным ложкам, збаном з вадой і нягеглай грубкай. Я пазяхнуў бы ў ім раз-другі — і толькі. Як мог бы я распазнаць у ім тры ягоныя воблікі, тры ягоныя царствы: сну, агню і пус-тыні? Як мог бы я прадчуць усе метамарфозы цела, якое спачатку было целам дзіцяці, што прыгарнулася да матчыных грудзей, сагрэтае і абераганае, потым целам салдата, створаным на пакуты, потым целам чалавека, узбагачанага радасцю валодання агнём, вакол якога збіраецца ўсё племя? Агонь надае пашаноты і гаспадару, і яго гасцям. Калі яны адведваюць сябра, прымаюць удзел у свяце ягонага дома, яны сядаюць каля агню і дзеляцца сваімі надзеннымі клопатамі, вядуць размову пра свае трывогі і работу і, паціраючы рукі і пасмоктваючы люлькі, прызнаюцца: «Да чаго ж хораша пасядзець каля агеньчыка!»
Але няма болей агню, каб я мог паверыць у пяшчоту. Няма болей выхаладанага пакоя, каб я мог паверыць у подзвіг. Я ачынаюся ад сваіх летуценняў. Ёсць толькі абсалютная пустка. Ёсць толькі глыбокая старасць. Толькі адзіны голас, голас Дзютэртра, які не дае мне спакою сваёй фантастычнай просьбай:
— Дайце-тка левай нагой, пан капітан…
XII
Я спраўна выконваю сваю работу. Нягледзячы нават на тое, што мы — экіпаж, якому наканавана пагібель. Я занураны ў атмасферу паражэння. Паражэнне праточваецца зусюль, і адмету яго я нават трымаю ў руцэ.
Рукаяткі сектара газу заледзянелі. Я вымушаны ісці на поўным рэжыме. I вось гэтыя дзве жалезныя трубачкі ставяць мяне перад невырашальнымі праблемамі.
На маім самалёце мяжа павелічэння шагу вінтоў моцна заніжана. Калі я буду пікіраваць на поўным газе, мне наўрад ці ўдасца пазбегнуць хуткасці васьмісот кіламетраў у гадзіну і раскруткі вінтоў. А раскрутка вінтоў можа выклікаць палом вала.
У крайнім выпадку, я мог бы выключыць запальванне. Але тады непазбежна гарантавана аварыя. Гэтая аварыя павядзе да зрыву задання і, магчыма, да страты самалёта. Не ўсякая мясцовасць прыгодна для пасадкі машыны, якая датыкаецца да зямлі з хуткасцю сто восемдзесят кіламетраў у гадзіну.
Значыць, чаго б гэта ні каштавала, трэба арухоміць рукаяткі. Пасля першага намагання мне ўдаецца адкруціць левую. Але правая ніяк не паддаецца.
Цяпер я мог бы знізіцца на дапушчальнай хуткасці, збавіўшы абароты хоць аднаго, левага, матора, з якім я ўжо магу спраўляцца. Але калі я зменшу колькасць абаротаў левага матора, тут жа ўзнікне бакавая цяга правага, які непазбежна пацягне самалёт улева. Мне давядзецца процідзейнічаць гэтаму. Педалі ж, ад якіх залежыць гэты манёўр, таксама ўсе заледзянелі. Значыць, я нічога не патраплю зрабіць. Калі я зменшу абароты левага матора, дык пайду ў штопар.
Такім чынам, у мяне няма іншага выйсця, як пайсці на рызыку пераўзысці мяжу колькасці абаротаў, за якой тэарэтычна магчымы разрыў вала. Тры тысячы пяцьсот абаротаў: пагроза разрыву.
Усё адно бязглуздзе. Усё сапсавана. Наш свет скла-даецца з безлічы шасцяронак, якія не дапасоўваюцца адна да адной. I справа не ў механізмах, а ў гадзіншчыку. Няма гадзіншчыка.
Мы ваюем ужо дзевяць месяцаў, а нам дагэтуль не ўдалося дамагчыся, каб заводы, якія выпускаюць кулямёты сістэму кіравання, прыстасавалі іх да ўмоў вялікай вышыні. I адбываецца гэта зусім не з-за нядбайства людзей. Людзі, у большасці сваёй, сумленныя і рупныя. Іх абыякавасць амаль заўсёды вынік, а не прычына марнасці іх намаганняў.
Гэтая марнасць гняце на ўсіх нас, як нейкая нака-наванасць. Яна гняце пехацінцаў, узброеных штыхамі супроць танкаў. Яна гняце нават на тых, якія павінны былі б займацца ўдасканальваннем кулямётаў і сістэм кіравання.
Мы жывём у сляпым чэраве адміністрацыі. Адміні-страцыя — гэта машына. Чым яна дасканальней, тым меней месца пакідае яна для ўмяшання чалавека. Пры існаванні бездакорнай адміністрацыі, дзе чалавеку адведзена роля шасцяронкі, яго лянота, несумленнасць, несправядлівасць ніяк не можа праявіцца.
Гэтак як машына, створаная выконваць раз назаўжды прадугледжаныя аперацыі, так і адміністрацыя не здольна на які-небудзь творчы акт. Яна распараджаецца. Яна абумоўлівае адпаведнае пакаранне адпаведнай правіны, адказвае пэўным рашэннем пэўнай задачы. Адміністрацыя не створана для таго, каб рашаць новыя задачы. Калі ў штампавальны станок увесці кавалак драўніны, ён не стане выпускаць мэблю. Каб прыстасаваць яго да гэтага, чалавек павінен мець права перарабіць яго. Але ў адміністрацыі, створанай прадухіляць непажаданае чалавечае ўмяшанне, шасцяронкі адпрэчваюць волю чалавека. Яны і блізка не падпускаюць Гадзіншчыка.