Пра гэта можна шмат што сказаць. «Мы не будзем шкадаваць вёсак». Я чуў гэтыя словы. I словы гэтыя былі неабходны. У вайну вёска — гэта ўжо не гняздоўе традыцый. У руках ворага яна ператвараецца ў гняздо пацука. Усё мяняе сэнс. Да прыкладу, гэтыя трохсотгадовыя дрэвы атульвалі сваёй засенню ваш бацькоўскі дом. Але яны засланяюць поле абстрэлу дваццацідвухгадоваму лейтэнанту. I вось ён пасылае туды ўзвод салдат, каб знішчыць гэты твор часу. Дзеля дзесяцімінутнай аперацыі ён сцірае з твару зямлі трыста гадоў карпатлівай працы чалавека і сонца, трыста гадоў культу хатняга ачага і заручын у засені парку. Бы даводзіце яму:
— Гэта мае дрэвы!
А ён і слухаць вас не хоча. Ён ваюе. Ён мае рацыю.
Але зараз паляць вёскі дзеля гульні ў вайну, і дзеля гэтага высякаюць паркі, і ахвяруюць лётнымі экіпажамі, і кідаюць пяхоту супроць танкаў. І апаноўвае невымоўная нуда. Бо ўсё гэта — адно бязглуздзе.
Вораг уразумеў адну відавочную ісціну і скарыстоўвае яе. Людзі займаюць няшмат месца на неаб'емных абшарах зямлі. Каб выстраіць салдат суцэльнай сцяной, іх спатрэбілася б сто мільёнаў. Выходзіць, прамежкі паміж вайсковымі часцямі непазбежныя. Ліквідаваць іх, як правіла, можна толькі рухавасцю войск, а для варожых танкаў слаба механізаваная армія — усё адно што нерухомая. I прамежак апынаецца для іх сапраўдным прагалам. Адсюль і гэтае нескладанае тактычнае правіла: «Танкавая дывізія дзейнічае, як вада. Яна злёгку гняце на абарону праціўніка, але прасоўваецца толькі там, дзе не сустракае ніякага адпору». I танкі гнятуць на лінію абароны. Прамежкі маюцца ў ёй заўсёды.
Гэтыя танкавыя рэйды, перашкодзіць якім немагчыма з-за недахопу танкаў, наносяць непапраўную шкоду, хоць часам і здаецца, што яны чыняць толькі нязначныя разбурэнні, захоп мясцовых штабаў, абрыў тэлефонных ліній, падпал вёсак. Танкі іграюць ролю хімічных рэчываў, якія разбураюць не сам арганізм, а яго нервы і лімфатычныя вузлы. Там, дзе бліскавіцай пранесліся танкі, змятаючы ўсё на сваім шляху, любая армія, нават калі яна з выгляду амаль не панесла страт, перастала ўжо быць арміяй. Яна ператварылася ў паасобныя згусткі. Замест адзінага арганізма цяпер засталіся толькі разрозненыя органы. А паміж гэтымі згусткамі — якія адважныя ні былі б салдаты — вораг потым прасоўваецца наперад бесперашкодна. Армія страчвае баяздольнасць, калі яна ператвараецца ў натоўп салдат.
Тэхнічныя сродкі не створыш за два тыдні. Ні нават… Мы не маглі не адстаць у гонцы ўзбраення. Нас было сорак мільёнаў сялян супроць васьмідзесяці мільёнаў людзей, занятых у прамысловасці!
Мы ваюем адзін супроць трох. У нас адзін самалёт супроць дзесяці ці дваццаці і, пасля Дзюнкерка, адзін танк супроць сотні. Нам няма калі абмяркоўваць учарашні дзень. Ніякая наша ахвяра ніколі і нідзе не можа затрымаць наступленне немцаў.
Пагэтаму зверху данізу цывільнай і ваеннай іерархіі, ад водаправодчыка да міністра, ад салдата да генерала, усе адчуваюць нешта накшталт згрызот сумлення, але ніхто не можа і не адважваецца іх выказаць. Ахвяра траціць усю сваю веліч, калі яна робіцца толькі пародыяй на ахвяру альбо самагубствам. Самаахвяраванне цудоўнае, калі гінуць некалькі дзеля выратавання многіх. Пры пажары даводзіцца ахвяраваць меньшым дзеля выратавання большага. Ва ўмацаваным лагеры б'юцца насмерць, каб даць магчымасць сваім падысці на выручку. Гэта праўда, але што б мы цяпер ні рабілі, агонь ахопіць усё. I няма ніводнага лагера, дзе б мы маглі ўмацавацца. I няма чаго спадзявацца, што нехта прыйдзе нам на выручку. I здаецца, што мы проста выракаем на гібель тых, за каго змагаемся, ці проста робім выгляд, што змагаемся, бо самалёт, які руйнуе гарады ў тыле войска, зыначыў характар вайны.
Людзі староннія будуць потым папракаць Францыю за тыя некалькі мастоў, што не былі ўзарваны, за тыя некалькі вёсак, што не былі спалены, і за тых салдат, што засталіся жывыя. Але мяне ўражвае якраз адваротнае. Мяне ўражвае тая неверагодная гатоўнасць, з якой мы заплюшчваем вочы і затыкаем вушы. Уражвае наша адчайная барацьба супроць відавочнасці. Усё ўжо страціла сэнс, а мы па-ранейшаму ўзрываем масты, абы прадаўжаць гульню. Мы спапяляем сапраўдныя вёскі, абы прадаўжаць гульню. I, абы прадаўжаць гульню, паміраюць нашы салдаты.
Канечне, сёе-тое і забываюць! Забываюць узарваць мост, забываюць спаліць вёску, часам берагуць жыцце салдат. Але трагізм гэтага разгрому ў тым, што ен пазбаўляе дзеянні ўсякага сэнсу. Салдат, які ўзрывае мост, не можа не адчуваць агіды. Гэты салдат не затрымлівае ворага: ён толькі ператварае мост у руіны. Ён нявечыць сваю краіну, абы толькі атрымалася ўдалая карыкатура на вайну!