Дзейнічаць з уздымам можна толькі тады, калі дзеянні маюць рэальны сэнс. Не шкада спаліць ураджай, калі ён пахавае ворага пад сваім попелам. Але ворагу, які абапіраецца на свае сто шэсцьдзесят дывізій, начхаць на нашы пажары і на гібель нашых салдат.
Трэба, каб тое, дзеля чаго спапяляюць вёску, было варта самой вёскі. Але цяпер значэнне спаленай вёскі стала толькі карыкатурай на значэнне.
Трэба, каб тое, дзеля чаго паміраеш, было варта самой смерці. Добра ці кепска змагаюцца салдаты? Ужо само гэтае пытанне не мае сэнсу! Тэарэтычна вядома, што населены пункт здольны абараняцца на працягу трох гадзін. Але салдаты маюць загад утрымаць яго. Без сродкаў вядзення бою, яны самі вымушаюць ворага знішчыць сяло, толькі былі б вытрыманы ўсе правілы гульні ў вайну! Як паслужлівы праціўнік за шахматнай дошкай: «Ты забыўся забраць маю пешку…»
Гэтак і мы кідаем выклік ворагу:
— Мы абаронцы гэтай вёскі. Вы нападаючыя. Дык давайце!
Прапанова прынята. Варожая эскадрылля раструшчвае вёску пад сваім абцасам.
— Усё па правілах!
Ёсць, канечне, і пасіўныя людзі, але пасіўнасць — патаемная форма адчаю. Ёсць, канечне, і дэзерціры. Сам маёр Аліяс двойчы ці тройчы пагражаў рэвальверам змрочным уцекачам, якія трапляліся яму па дарозе і неўпапад адказвалі яму на пытанні. Так хочацца схапіць за руку віноўніка і, пакараўшы яго, усе розе і неўпапад адказвалі яму на пытанш. Так хочацца схапіць за руку віноўніка і, пакараўшы яго, усё ўратаваць! Уцекачы вінаватыя за ўцекі, бо не будзь збеглых, не было б і бегства. I калі навесці на іх рэвальвер, усё наладзіцца… Але гэта ўсё роўна што жывымі пахаваць хворых, каб знішчыць хваробу. Урэшце маёр Аліяс зноў хаваў у кішэню свой рэвальвер, бо ў яго вачах гэты рэвальвер раптам набываў занадта пампезны выгляд, выгляд аперэтачнай шаблі. Аліяс выдатна разумеў, што гэтыя панурыя салдаты — вынікі катастрофы, а не прычыны.
Аліяс выдатна ведаў, што гэта такія ж, зусім такія ж салдаты, як і тыя, што недзе, яшчэ і сёння, згаджаюцца паміраць. За апошнія ж два тыдні на смерць пайшлі сто пяцьдзесят тысяч. Але ёсць разумнікі, якія патрабуюць, каб ім растлумачылі, навошта гэта трэба.
А растлумачыць цяжка.
Бягун павінен прабегчы сваю жыццёва важную дыстанцыю, спаборнічаючы з бегунамі свайго разраду. Але на самым старце ен заўважае, што валачэ на назе калодку раба. А яго супернікі ляцяць як на крылах. Барацьба траціць усякі сэнс. Чалавек сыходзіць з дыстанцыі:
— Які сэнс…
— Ну як жа! Ну як жа!..
Што прыдумаць, каб усё-такі змусіць чалавека ўкласці ўсе свае сілы ў спаборніцтва, якое перастала ўжо быць спаборніцтвам?
Аліяс выдатна ведаў, што думаюць салдаты. Яны таксама думаюць:
— Які сэнс…
Аліяс хавае свой рэвальвер і шукае пераканальнага адказу.
Ёсць толькі адзін пераканальны адказ. Адным-адзіны. Я не веру, каб нехта знайшоў іншы:
— Ваша смерць нічога не зыначыць. Паражэнне ўжо адбылося. Але трэба, каб паражэнне выяўлялася ў стратах. Павінны быць забітыя. Сёння прыйшла ва-ша чарга сыграць гэту ролю.
— Слухаю, пан маёр.
Аліяс не адчувае пагарды да ўцекачоў. Ён выдатна ведае, што яго пераканальнага адказу заўсёды дастаткова. Ён і сам ідзе на смерць. Усе яго экіпажы ідуць на смерць. I для нас аказалася дастаткова гэтага пераканальнага адказу, хіба толькі трошкі прымаскаванага:
— Заданне дрэнь… Але ў штабе настойваюць… Вельмі настойваюць… Тут ужо нічога не паробіш…
— Слухаю, пан маёр!
Я думаю, што тыя, хто загінуў, проста служаць парукай астатнім.
XIV
Я так састарыўся, што у мяне ужо усе ззаду. Я гляджу праз вялікае мігатлівае шкло кабіны. Там, унізе, людзі. Інфузорыі на шкельцы мікраскопа. Хіба можна прыняць усур'ёз сямейныя драмы інфузорый?
Каб не гэты боль у сэрцы, які так моцна даймае мяне, я занурыўся б у дрымоту, як састарэлы тыран. Усяго толькі нейкіх дзесяць хвілін назад я выдумаў гэтую гісторыю з залётнікамі. Нудотная лухта. Хіба я думаў пра пяшчотныя ўздыханні, калі заўважыў знішчальнікаў? Я думаў пра атрутныя восы. Ну, канечне, пра восы. Яны былі вельмі дробныя, гэтыя паскуды!
I я мог без агіды выдумаць гэтую сукенку з белым шлейфам!.. Я зусім і не думаў пра сукенку са шлейфам, хоць бы таму, што ніколі не бачыў следу свайго самалёта! 3 гэтай кабіны, куды я запханы, як люлька ў футарал, мне немагчыма ўбачыць, што робіцца ззаду. Я гляджу назад вачыма майго стралка. Дый то, калі ларынгафоны не сапсаваны! А мой стралок ні разу не сказаў мне: «Вось колькі закаханых сапернікаў увязалася за нашым шлейфам!..»