— Вы звар'яцелі! Прапусціце нас! Дзеці ж паміраюць!
— Што зробіш, вайна…
— Якая вайна? Дзе вайна? За тры дні ў гэтым кірунку вы прасунецеся на шэсць кіламетраў!
Некалькі самотных салдат едуць на грузавіку на зборны пункт, дзе іх, напэўна, даўно ўжо ніхто не чакае. Але ў іх адно ў галаве — каб як выканаць свой элементарны абавязак.
— Мы салдаты…
— Лепей бы нас падвезлі!.. Дзе ваша сумленне?!
Голасна крычыць дзіця.
— А гэты…
Гэты ўжо не крычыць. Няма малака, няма і крыку.
— Што зробіш, вайна…
Яны зноў і зноў вымаўляюць гэтыя словы з тупой і безнадзейнай упартасцю.
— Ды вам ніколі не дабрацца да яе, да вашай вайны! Вы сканаеце тут, разам з намі!
— Мы салдаты…
Яны ўжо і самі не дужа ўпэўнены ў тым, што кажуць. Яны ўжо і самі не ўпэўнены, што ваююць. Яны ніколі не бачылі праціўніка. Яны едуць у грузавіку да нейкай хісткай мэты, якая знікае хутчэй, чым міраж. I напатыкаюць усюды толькі гэтыя праявы гнілога сметніка.
У гэтым вэрхале захрасае літаральна ўсё, і салдаты таксама вылазяць са свайго грузавіка. Іх акружаюць:
— У вас ёсць вада?
I яны раздаюць ваду.
— А хлеб?..
I яны раздаюць хлеб.
— Няўжо вы пакінеце яе паміраць?
У пакарэжанай машыне, якую адцягнулі на абочыну, хрыпіць жанчына.
Яе выносяць адтуль. Бяруць на грузавік.
— А дзіця?
Дзіця таксама бяруць на грузавік.
— А гэтую, яна ж раджае!..
Бяруць і гэту.
А потым яшчэ адну, бо яна рыдае.
Правалэндаўшыся з гадзіну, грузавік з цяжкасцю вывелі з затору. Яго павярнулі на поўдзень. I ён, як выпадкова закочаны сюды валун, пацягнецца ва ўхапіўшым яго патоку бежанцаў. Салдаты прылучыліся да міру. Бо яны ніяк не маглі адшукаць вайну.
Бо мускулатура вайны нябачная. Бо, страляючы, вы пацэльваеце ў дзіця. Бо на зборным пункце воінскай часці вы натыкаецеся на парадзіх. Бо спрабаваць перадаць звесткі або атрымаць загад гэтак жа бессэнсоўна, як завязаць спрэчку з Сірыусам. Арміі болей няма. Ёсць толькі салдаты.
Яны прылучыліся да міру. Сілаю абставін яны ператварыліся ў механікаў, дактароў, пастухоў, санітараў. Яны рамантуюць машыны гэтым бездапаможным людзям, якія самі не ўмеюць вылечыць сваё жалезнае ламачча. I выкладваючы ўсе свае сілы, гэтыя салдаты і самі не ведаюць, хто яны: героі ці злачынцы, якіх трэба аддаць пад суд ваеннага трыбунала. Яны ніколькі не здзівяцца, калі іх узнагародзяць ордэнамі. I не здзівяцца, калі іх прыставяць да сцяны і ўсадзяць ім з тузін куль у чэрап. Не здзівяцца, калі іх дэмабілізуюць. Нішто ўжо не здзівіла б іх. Яны даўным-даўно пераступілі ўсе межы здзіўлення.
Усё ператварылася ў суцэльны кацёл, дзе ніякі загад, ніякая навіна, ніякая хваля — нішто не зможа распаўсюдзіцца больш, чым на тры кіламетры. I як вёскі, што па чарзе ўплываюць у агульную сцёкавую канаву, так і ваенныя грузавікі, паглынаныя мірнымі турботамі, адзін за адным прылучаюцца да міру. Гэтыя жменькі людзей, якія без вагання пайшлі б на смерць — толькі перад імі не ўзнікае такой неабходнасці, — хапаюцца за першую-лепшую работу, якая трапляецца ім пад рукі. I вось яны рамантуюць аглоблі старых калёс, у якія тры манашкі напхалі з тузін малечы, і, ратуючы яе ад смерці, — рушылі з ёю ў богведама якую прошчу, да богведама якога легендарнага прытулку.
Як і Аліяс, які хаваў у кішэню рэвальвер, я не стану асуджаць салдат, якія адмаўляюцца ваяваць. Што магло б ажывіць іх? Дзе тая хваля, якая ўскалыхнула б іх? Дзе той сэнс, які з'яднаў бы іх? Яны нічога не ведаюць пра рэшту свету, апроч тых, вечна неверагодных, чутак, якія зарадзіліся дзесьці на дарозе за тры-чатыры кіламетры ад іх у выглядзе недарэчных здагадак і, павольна прасачыўшыся скрозь тры кіламетры катла, набылі характар бясспрэчнай ісціны. Злучаныя Штаты ўступілі ў вайну. Папа рымскі пакончыў жыццё самагубствам. Рускія самалёты разбамбілі
Берлін. Перамір'е падпісана тры дні назад. Гітлер высадзіўся ў Англіі.
Няма пастуха для жанчын і дзяцей, але няма яго і для салдат. Генерал распараджаецца ад'ютантам. Міністр распараджаецца сакратаром. I, магчыма, ён здольны натхніць яго сваім красамоўствам. Аліяс распараджаецца лётнымі экіпажамі. I ён можа запаліць у іх гатоўнасць пайсці на смерць. Сяржант з ваеннага грузавіка распараджаецца дванаццаццю падначаленымі яму салдатамі. Але ён не мае сілы звязацца з кім іншым. Нават калі дапусціць, што нейкі геніяльны палкаводзец, які цудам здолеў усё акінуць вокам, прыдумае план нашага выратавання, то для здзяйснення свайго плана гэты палкаводзец будзе мець пад рукой толькі дваццаціметровы званковы правадок. А манеўровай сілай, неабходнай для перамогі, на другім канцы правадка яшчэ будзе існаваць сакратар.