Выбрать главу

Справа ў тым, што французскія салдаты ніколі і ў вочы не бачылі французскіх самалётаў. Іх усяго тысяча, і яны распылены ад Дзюнкерка да Эльзаса. Дакладней кажучы, раствораны ў бязмежжы. Пагэтаму калі над фронтам праносіцца самалёт, можна не сумнявацца, што ён — нямецкі. I яго стараюцца збіць раней, чым ён паспее кінуць бомбы. На адзін толькі рокат у небе зеніткі адразу ж адкрываюць агонь.

— Нічога не скажаш, каштоўныя звесткі атрымліваюць яны пры такой методзе!.. — дадаў Дзютэртр.

А гэтыя звесткі павінны ж прымацца ў разлік, бо на вайне ж належыць прымаць у разлік дадзеныя разведкі!..

Так, але ж і ўся гэтая вайна нейкая шалая.

На шчасце — і мы гэта выдатна ведаем, — ніхто не будзе апірацца на нашы разведдадзеныя. Мы проста не зможам перадаць іх. Дарогі запруджаны. Тэлефонная сувязь парушана. Штаб спешна перабазіроўваецца. Важныя звесткі наконт варожых пазіцый падасць сам вораг. Днямі пад Лаонам мы абмяркоўвалі пытанне, дзе праходзіць лінія фронту. Мы пасылаем лейтэнанта да генерала, каб устанавіць з ім сувязь. На паўдарозе паміж нашай базай і генералам аўтамабіль лейтэнанта натыкаецца на дарожны каток, які перагароджвае шашу, — за ім прытаіліся дзве бронемашыны. Лейтэнант заварочвае назад. Але кулямётная чарга напавал скошвае яго і раніць шафёра. Бронемашыны аказаліся нямецкія.

Па сутнасці, штаб нагадвае вопытнага карцёжніка, з якім бы сталі раіцца з суседняга пакоя:

— Што мне рабіць з маёй віновай дамай?

Той паціснуў бы плячыма. Што ён можа параіць, калі не бачыць гульні?

Але штаб не мае права паціскаць плячыма. Калі ў яго руках яшчэ маюцца сякія-такія баявыя адзінкі, ён абавязаны пусціць іх у ход, каб трымаць пад сваім кантролем і выкарыстаць усе магчымасці, пакуль вайна яшчэ вядзецца. Хай сабе і ўсляпую, ён абавязаны дзейнічаць сам і прымушаць дзейнічаць іншых.

Але наўздагад вельмі цяжка вырашыць, што рабіць з дамай. Мы ўжо адзначылі, спачатку са здзіўленнем, потым як відавочнасць, што, калі пачынаецца разгром, работа не спыняецца. На першы погляд можа здацца, што пераможанага захліствае бясконцая плынь усялякіх праблем, што, каб вырашыць іх, ён не шкадуе ні сваёй пяхоты, ні артылерыі, ні танкаў, ні самалётаў… Але паражэнне найперш за ўсё начыста змятае ўсе праблемы. Усе карты ператасоўваюцца. I проста няўцям, што рабіць з самалётамі, з танкамі, з віновай дамай…

Добра пакруціўшы галаву, як бы найвыгодней згуляць ёю, карту наўздагад кідаюць на стол. Запаноўвае не ўздым, а разгубленасць. Уздым спадарожнічае толькі перамозе. Перамога знітоўвае, перамога будуе. I кожны да знямогі носіць камяні для яе гмаху.

А паражэнне апускае людзей у атмасферу разгубленасці, нуды, а галоўнае — бяссэнсіцы.

Бо яны перш за ўсё проста бессэнсоўныя, нашы заданні. I штодня ўсё болей бессэнсоўныя, усё болей згубныя і ўсё болей бязглуздыя. Тыя, хто аддае загады, не маюць іншых сродкаў затрымаць лавіну, — як толькі шпурнуць на стол свае апошнія казыры.

Мы з Дзютэртрам — казыры, і мы слухаем, што кажа нам маёр. Ён ставіць перад намі задачу на сёння. Мы павінны зрабіць дальні разведвальны палёт на вышыні дзесяць тысяч метраў, а па дарозе назад знізіцца да сямісот метраў і засекчы размяшчэнне танкаў у раёне Араса. Усё гэта ён выкладвае такім тонам, нібы тлумачыць:

— Потым павернеце на другую вуліцу направа і прастуйце да самай плошчы; там, на рагу, у кіёску купіце мне карабок запалак…

— Ясна, пан маёр.

Роўна гэтулькі ж карысці і ў нашым заданні. I ў словах, якімі яно даводзіцца, не болей лірызму.

Я думаю: «Бязглуздае заданне». Я думаю… Я думаю шмат пра што. Я дачакаюся — калі ўцалею — ночы і тады памяркую. Калі ўцалею… I з лёгкага задання вяртаецца адзін самалёт з трох. Калі ж яно «паскуднае», вярнуцца, вядома, складаней. I тут, у кабінеце маёра, смерць не здаецца мне ані ўзвышанай, ні велічнай, ні гераічнай, ні трагічнай. Яна проста — адмета розруху. Ягоны вынік. Група страціць нас, як губляюць багаж у мітусні чыгуначнай перасадкі.

Пэўна ж, у мяне ёсць і зусім іншыя думкі пра вайну, пра смерць, пра самаахвярнасць, пра Францыю, але мне не хапае кіруючай ідэі, зразумелай мовы. Я мыслю супярэчнасцямі. Мая ісціна растузана на шматкі, і разглядаць іх я здольны толькі кожны ўпаасобку. Калі я застануся жывы, я дачакаюся ночы і тады памяркую. Блаславёная ноч. Ноч, калі розум спіць, а рэчы пакінуты на волю лёсу. Тое, што сапраўды нешта варта, зноў набывае сваю цэласнасць пасляды нешта варта, зноў набывае сваю цэласнасць пасля касавальнага дзённага аналізу. Чалавек знітоўвае шматкі свайго свету і зноў робіцца спакойным дрэвам.

Дзень аддаецца сямейным звадкам, ноччу да чалавека вяртаецца Любоў. Бо Любоў мацней слоўнага продзіменя. I чалавек прымошчваецца ля акна, глядзіць на зоркі, і вось ён зноў адчувае адказнасць і за закалыханых дзяцей, і за заўтрашні хлеб, і за сон жонкі, такой кволай, пяшчотнай і недаўгавечнай. Пра Любоў не спрачаюцца. Яна ёсць. Хай жа наступае ноч, каб мне адкрылася нешта, вартае любові! Каб я задумаўся пра цывілізацыю, пра лёсы людскія, пра тое, як шануюць дружбу ў маёй краіне. I каб мне захацелася служыць нейкай уладнай, хоць, можа, яшчэ і неўсвя-домленай ісціне…