— Тр-р-рах!
Мяне на дваццаць сантыметрау падкінула над сядзеннем. На самалёт быццам абрушыўся ўдар тарана. Ён раструшчаны, расцёрты ў парашок… Але не… не… я адчуваю, што ён яшчэ паддаецца кіраванню. Гэта толькі першы ўдар абяцальнага граду ўдараў. Аднак я зусім не заўважаю выбухаў. Відаць, дым зліваецца з цёмнай зямлёй: я ўзнімаю галаву і гляджу ўгору.
I бачу — ратунку няма.
XXI
Падаўшыся да зямлі, я не заўважыў, што пустая прастора паміж хмарамі і мной спакваля пашырылася. Трасіруючыя снарады праменіліся пшанічным святлом: адкуль было мне ведаць, што, дасягнуўшы сваёй вяршыні, яны ўтыкаюць у неба нешта цёмнае, быццам забіваюць цвікі? Я бачу, як гэтыя дымкі разрываў ужо збіраюцца ў кудлатыя піраміды, якія адплываюць назад, як цяжкія марудныя палярныя льдзіны. Калі глядзець на іх з такой адлегласці, здаецца, што сам ты нерухомы.
Я ведаю, што гэтыя збудаванні, ледзьве ўзнікнуўшы, страчваюць сваю небяспечную сілу. Кожны з гэтых камякоў мае ўладу над жыццём і смерцю толькі нейкую сотую долю секунды. Але неўпрыкмет яны атачылі мяне з усіх бакоў. 3 іхнім з'яўленнем над маёй галавой навіс цяжар грознага выраку.
Гэтыя бесперапынныя бясшумныя выбухі, заглушаныя рыкам матора, ствараюць ілюзію незвычайнай цішыні. Я нічога не адчуваю. Ува мне чорнае вока пустэчы чакання, быццам да мяне прыйшлі параіцца мае суседзі.
Я думаю… Я ўсё-такі думаю: «Яны бяруць занадта высока!» Я закідваю галаву і бачу, як, быццам з неахвотай, адлятае назад цэлая чарада арлоў. Яны адмовіліся ад здабычы. Але спадзявацца няма на што.
Гарматы пачынаюць прыстрэльвацца. Сцяна разрываў зноў вырастае ўжо на нашай вышыні. Кожная вогненная кропка за некалькі секунд стварае сваю піраміду выбухаў, але тут жа выракаецца яе, бескарыснай, каб стварыць новую ў іншым месцы. Агонь не шукае нас: ён бярэ нас у жменю.
— Дзютэртр, далёка яшчэ?
— Пратрымацца б яшчэ хоць тры хвіліны, мы б закончылі, але…
— Можа, праб'ёмся…
— Дзе там!
Якая яна злавесная, гэтая шараватая імгла, шэрая, быццам зваленае ў кучу рыззё. А даліна была сіняя. Бязмежна сіняя. Сіняя, як марское прадонне…
Колькі яшчэ я магу пратрымацца? Дзесяць секунд? Дваццаць? Выбуховыя хвалі калоцяць мяне цяпер няспынна. Самыя блізкія лупяць па самалёце, як каменне па бубне. I тады ўвесь самалёт азываецца амаль музычным водгуллем. Ненкі дзіўны стогн… Значыць, снарады праляцелі побач. Гэта як з бліскавіцай: чым яна бліжэй, тым усё прасцей. Часам я адчуваю саамы звычайны штуршок: значыць, нас зачапіла асколкам. Драпежны звер, забіваючы быка, не ўстрэсвае яго. Ён упэўнена, без абмашкі запускае ў яго кіпцюры. Ён з налёту завалодвае быком. Гэтак і прамыя пападанні проста ўпіваюцца ў самалёт, як у мускул.
— Паранены?
— Не!
— Эй, стралок, паранены?
— Не!
Але гэтыя штуршкі, якія ўсё-такі прыходзіцца апісаць, не бяруцца ў разлік. Яны малоцяць па кары, па бубне. Замест таго каб раскарэжыць бакі, яны з гэткай жа лёгкасцю маглі б успароць нам жываты. Але і жывот — не што іншае, як бубен. А на цела начхаць! Яно таксама не бярэцца ў разлік… Вось гэта і ёсць найбольшае дзіва!
Пра цела я мушу сказаць некалькі слоў. Бо ў жыццёвых буднях чалавек слепне і не заўважае відавочнага. Каб відавочнасць стала яўнай, неабходны вось такія выключныя абставіны. Неабходны вось гэты лівень узносімых светлякоў, неабходны гэтыя нацэленыя на цябе коп'і, неабходна, нарэшце, каб ты паўстаў перад гэтым трыбуналам Страшнага суда. Вось тады ты зразумееш.
Збіраючыся ў палёт, я задаваў сабе пытанне: «Якія будуць яны, апошнія імгненні?» Жыццё заўсёды абвяргала выдуманыя мной хімеры. Але на гэты раз трэба было выйсці голым пад град шалёных удараў, нават не маючы магчымасці сагнуць локаць ды прыкрыць твар.
Выпрабаванне я ўяўляў як выпрабаванне для маёй плоці. Я меркаваў, што найперш за ўсё рызыкую маёй плоццю. Пункт гледжання, па неабходнасці прыманы мной, быў пунктам гледжання майго цела. Мы занадта шмат увагі аддаём свайму целу! Мы клапатліва апранаем яго, мыем, песцім, голім, поім і кормім. Мы атаясамліваем сябе з гэтай свойскай жывёлай. Мы водзім яго да краўца, да лекара, да хірурга. Мы пакутуем разам з ім. Мы плачам разам з ім. Мы любім разам з ім. Пра яго мы гаворым: «Гэта я». I неспа-дзеўна ўся гэтая ілюзія касуецца. Цела мы не ставім ні ў капейчыну! Зводзім яго да ўзроўню прыслугі. Варта толькі выбухнуць гневу, успалыхнуць каханню, прачнуцца нянавісці — і гэтая славутая салідарнасць дае трэшчыну.