Твой сын у ахопленым полымем доме! Ты ратуеш яго! Цябе немагчыма ўтрымаць! Хай сабе ты сам гарыш — табе начхаць на гэта! Ты раптам робіш адкрыццё, што ты ніколечкі не прывязаны да таго, што здавалася табе важным. Ты гатовы ахвяраваць рукой, абы толькі не пазбавіць сябе раскошы працягнуць руку дапамогі таму, хто мае ў ёй патрэбу. Ты ўвесь у сваім дзеянні. Тваё дзеянне — гэта ты. Больш нідзе цябе няма. Тваё цела належыць табе, але яно ўжо не ты. Ты гатовы нанесці ўдар. Ніхто не здолее ўтаймаваць цябе, пагражаючы твайму целу. Ты — гэта смерць ворага. Ты — гэта выратаванне сына. Ты абменьваеш сябе. I ў цябе няма такога адчування, што ты нешта траціш пры гэтым абмене. Твае рукі — ногі? Яны толькі прылады. Начхаць на прыладу, калі яна такая крохкая, што ламаецца пры вычосванні каменя! I ты абменьваеш сябе на пагібель суперніка, на выратаванне сына, на вылечванне хворага, на тваё адкрыццё, калі ты вынаходнік. Таварыш з нашай гру-пы смяротна паранены. У загадзе з абвяшчэннем яму падзякі значыцца: «I ён сказаў тады свайму штурману: мне — хана. Скачы!» Ратаванне або вылечванне хворага, смерць суперніка, адкрыццё!
I сэнс твайго існавання стае нечакана асляпляльна ясны. Сэнс яго — гэта твой абавязак, твая нянавісць, твая любоў, твая шчыравернасць, тваё вынаходніцтва. Ты не выяўляеш у сабе нічога іншага.
Агонь вызваліў цябе не толькі ад плоці, але адначасова і ад культу плоці. Чалавек перастае цікавіцца сабой. Для яго пачынае мець значэнне толькі тое, да чаго ён мае дачыненне. Паміраючы, ён не знікае, а знаходзіць сябе. I гэта не казань мараліста. Гэта звычайная, будзённая ісціна, якую здані будняў хаваюць пад сваёй апраметнай маскай. Як я мог прадбачыць, калі збіраўся ў палёт і пачуваў страх за сваё цела, што ўсё гэта — нікчэмнае глупства? Толькі ў тое імгненне, калі аддаеш цела, у здзіўленні выяўляеш, як мала яно для цябе значыць. Але, вядома, звычайна, калі мною не кіруе крайняя неабходнасць, калі няма мовы пра самы сэнс майго існавання, я не ўяўляю сабе нічога болей важнага, чым клопаты, звязаныя з маім целам.
Падумаеш, цела! Ды мне сапраўды начхаць на цябе! Я вышпурнуты з цябе прэч, я не маю болей надзеі, і мне нічагусенькі не трэба! Я адмятаю прэч усё, чым я быў да гэтай секунды. Не я думаў пра нешта. Не я адчуваў нешта. То было маё цела. Сяк-так я быў змушаны давалачы яго да той секунды, калі раптам выявілася, што яно не мае для мяне ўжо аніякага значэння.
Першы ўрок я атрымаў у пятнаццацігадовым узросце. Мой малодшы брат хварэў і ўжо некалькі дзён быў у безнадзейным стане. Аднойчы на досвітку, а гадзіне чацвёртай, мяне разбудзіла яго сядзелка:
— Вас кліча ваш брат.
— Яму кепска?
Яна маўчыць. Я похапкам апранаюся і бягу да брата.
Ён звяртаецца да мяне сваім звычайным голасам:
— Я хацеў бы пагаварыць з табой перад смерцю. Я хутка памру.
Твар яго перасмыкае сутарга, і ён змаўкае. I адмоўна махае рукой. I я не разумею гэтага ягонага руху. Мне здаецца, што хлопчык адганяе прэч смерць. Але, супакоіўшыся, ён тлумачыць:
— Не лякайся… Я не пакутую. Мне не баліць. Але я не магу ўтрымацца. Гэта ўжо не маё цела.
Ягонае цела — чужая тэрыторыя, яно ўжо не належыць яму.
Але ён хоча гаварыць сур'ёзна, мой маленькі брат, які праз дваццаць хвілін памрэ. Ён мае пільную патрэбу перадаць камусьці ў спадчыну часцінку сябе. Ён кажа: «Я б хацеў пакінуць запавет…» I чырванее, вядома, горды тым, што дзейнічае, як дарослы мужчына. Калі б ён быў будаўніком вежы, ён завяшчаў бы мне дабудаваць сваю вежу. Калі б ён быў бацькам, ён завяшчаў бы мне выхаваць сваіх сыноў. Калі б ён быў ваенным лётчыкам, ён завяшчаў бы мне бартавыя паперы. Але ён толькі дзіця. Ён завяшчае мне паравы рухавік, веласіпед і ружжо.
Чалавек не памірае. I гэта выдумкі, што чалавек баіцца смерці: баяцца неспадзяванасці, выбуху, баяцца самога сябе. Страх смерці? Не. Калі сутыкаешся са смерцю, яе ўжо не існуе. Брат сказаў мне: «Не забудзь запісаць усё гэта…» Калі цела разбураецца, выяўляецца ягоная сутнасць. Чалавек — гэта вузел повязяў. I адзіна повязі нешта значаць для чалавека.
Мы пакідаем цела, гэтага старога каняку. Хто пры смерці думае пра сябе самога? Я такога яшчэ не сустракаў!..
— Капітан!
— Што?
— Проста неверагодна!
— Стралок…
— Гм… Ага…
— Як?!.
Маё пытанне абрываецца штуршком.
— Дзютэртр!
— …тан?
— Зачапіла?
— Не.
— Стралок…
— Ага?
— За…
Такое ўражанне, што я ўрэзаўся ў жалезную сцяну. Да мяне даносіцца:
— Ну і ну!..
Я ўзнімаю вочы ўгору, прыкідваю адлегласць да хмар. Чым пад большым вуглом я гляджу, тым шчыльней грувасцяцца чорныя кучы. Калі ж глядзець па вертыкалі, яны здаюцца радзейшымі. I я бачу грандыезную карону з чорнымі разеткамі, якая ўзнікла над нашымі галовамі.