Выбрать главу

— Ну што? Не пара зніжацца?

— Дзесяць хвілін… Давайце лепей счакаем яшчэ хвілін дзесяць.

Ну што ж, я пачакаю яшчэ дзесяць хвілін. Але ж я думаў пра Аліяса. Ці верыць ён, што мы вернемся? Неяк мы спазніліся на паўгадзіны. Паўгадзіны, дарэчы, даволі сур'ёзнае спазненне. Я спяшаюся да таварышаў, яны абедаюць. Расчыняю дзверы, сядаю на сваё месца поруч з Аліясам. Акурат у гэты момант маёр падняў відэлец, аздоблены жмукам локшыны. Ён ужо збіраўся адправіць яе ў рот. Але ён падскоквае, застывае з разяўленым ротам, глядзіць на мяне. Локшына нерухома павісла на відэльцы.

— А!.. Вось добра, рады бачыць вас…

І ён запіхвае локшыну ў рот.

Па-мойму, у яго ёсць сур'ёзны недахоп, у маёра. Ён упарта дапытваецца ў лётчыкаў пра вынікі палёту. Ён будзе распытваць і мяне. 3 назойлістай цярплівасцю ён будзе глядзець на мяне і чакаць, што я адкрыю яму нейкія новыя ісціны. Ён узброіцца лістком паперы і самапіскай, каб не ўпусціць ніводнай кроплі гэтага эліксіру. Мне прыгадваецца юнацтва: «Кандыдат Сэнт-Экзюперы, як вы праінтэгрыруеце ўраўненне Бернулі?»

— Гм…

Бернулі… Бернулі… I ты дранцвееш ад позірку экзаменатара, як кузурка, узятая на шпільку.

Вынікі палёту — справа Дзютэртра. Ён назірае за зямлёй. Ён бачыць процьму ўсяго ўсялякага. Грузавікі, баржы, танкі, салдат, гарматы, коней, чыгуначныя станцыі, цягнікі на станцыях, начальнікаў станцый. Я ж гляджу трошкі пад вуглом. Я бачу воблакі, мора, рэкі, горы, сонца. Я не бачу падрабязнасцей. У мяне ствараецца толькі агульнае ўражанне.

— Вы ж ведаеце, пан маёр, што пілот…

— Кіньце! Кіньце! Заўсёды можна заўважыць сёе-тое.

— Я… Ну, так! Пажары! Я бачыў пажары. Гэта вельмі цікава…

— Не вельмі. Усё гарыць. Ну, а апрача пажараў? Чаму Аліяс такі жорсткі?

XXII

Няўжо і на гэты раз ён будзе распытваць мяне?

Тое, што я выношу з задання, нельга выкласці ў дакладзе. Я буду «сохнуць», як школьнік ля класнай дошкі. У мяне будзе вельмі няшчасны выгляд, але я не буду няшчасны. 3 няшчасцем пакончана. Яно знікла, як толькі заззялі першыя кулі. Варта мне было зрабіць разварот назад на секунду раней, і я ўжо нічога не даведаўся б пра сябе.

Я не даведаўся б пра дзівосную пяшчоту, якая амывае мне сэрца. Я вяртаюся да сваіх. Дадому. Я нагадваю гаспадыню, якая, абегаўшы рынак, прастуе дадому і думае, чым смачным яна парадуе сёння сваю сям'ю. Кошык з харчамі пагойдваецца ў яе руцэ. Час ад часу яна прыўзнімае газету, якой прыкрыты пакупкі: тут усё, што трэба. Яна нічога не забыла. I яна ўсміхаецца пры думцы пра свой сюрпрыз і няспешна ідзе дадому. I па дарозе кідае вокам на выстаўленыя ў вітрынах тавары.

Я таксама з задавальненнем кінуў бы вокам на выстаўленыя тавары, калі б Дзютэртр дазволіў мне выйсці з гэтай шэрай турмы. Я глядзеў бы, як міма праплываюць палі. Зрэшты, сапраўды, лепей пацярпець яшчэ трошкі: ваколле атручана. Там усё ў змове супраць нас. Нават невялічкія правінцыяльныя вілы з іхнімі смешнаватымі лужкамі і тузінам прыручаных дрэў, што нагадваюць няхітрыя куфэркі наіўных дзяўчат, — нават яны могуць аказацца пасткай. Паспрабуй спусціцца ніжэй, і замест таварыскай прыязнасці цябе пачастуюць артылерыйскім агнём.

Хоць я і ў навальнічнай хмары, я ўсё-такі вяртаюся з рынку. Інтанацыя ў маёра была, канечне, верная: «Дойдзеце да першай вуліцы направа і там, на рагу, купіце мне карабок запалак…» Маё сумленне ў спакоі. Запалкі ў мяне ў кішэні. Ці, дакладней, у кішэні ў майго таварыша, Дзютэртра. Як гэта ён патрапляе запомніць усё, што ён бачыў. Але гэта яго справа. У мяне болей сур'езныя клопаты. Па звароце, калі нас зноў не чакае мітусня перабазіравання, я выклічу Лакардэра на паядынак і пастаўлю яму мат. Ён цярпець не можа прайграваць. Я таксама. Але я выйграю.

Учора Лакардэр напіўся. Зрэшты… не дужа: не хачу яго няславіць. Ён выпіў, каб суцешыцца. Вяртаючыся з палёту, ён забыўся выпусціць шасі і пасадзіў самалёт проста на пуза. Аліяс, які, на няшчасце, быў сведкам гэтага, з сумам агледзеў самалёт, але не прамовіў ні слова. Як цяпер, бачу Лакардэра, вопытнага лётчыка. Ён чакаў ад Аліяса папрокаў. Ён спадзяваўся на папрокі Аліяса. Гнеўныя папрокі аблегчылі б ягоную душу. Іхні выбух даў бы магчымасць выбухнуць і яму. У адказ ён змог бы выліць свой шалёны гнеў. Але Аліяс толькі круціў галавой. Аліяс бедаваў над самалётам; яму начхаць было на Лакардэра. Для маёра гэтае непрыемнае здарэнне было толькі чарговай аварыяй, нечым накшталт непазбежнага падатку на ягоную маёмасць. Усё было толькі ў бязглуздай няўважлівасці, якая часам падводзіць нават самых вопытных лётчыкаў. Але Лакардэра яна падвяла несправядліва. Калі не лічыць сённяшняй абмашкі, Лакардэр быў прафесійна бездакорны. Вось чаму Аліяс, цікавячыся толькі пашкоджаным самалётам, абсалютна машынальна запытаўся ў таго ж Лакардэра, што той думае пра пашкоджанне. I я адчуў, як успыхнула падаўленае шаленства Лакардэра. Вы ціха кладзяце руку на плячо кату і кажаце: «Няшчасная ахвяра… Уяўляю, як яна, гаротніца, пакутуе…» Рухі чалавечага сэрца недаступны розуму. Лагодная рука, замест таго каб абудзіць у душы ката спачуванне, прыводзіць яго ў лютасць. Ён змрочна глядзіць на ахвяру. Ён шкадуе, што адразу не прыкончыў яе.