Выбрать главу

Ну вось. Я вяртаюся дадому. Група 2/33 — мой дом. I я добра ведаю тых, хто жыве ў маім доме. Я не магу памыліцца ў Лакардэры. Лакардэр не можа памыліцца ўва мне. Я ўсведамляю гэтае адзінства з пачуццём гранічнай яснасці: «Мы — лётчыкі з авіягрупы 2/33!» Вось ужо бязладныя шматкі нітуюцца ў адно цэлае…

Я думаю пра Гавуаля і Ашэдэ. Я ўсведамляю гэтае адзінства, якое нітуе мяне з Гавуалем і Ашэдэ. Гавуаль. Цікава, якога ён паходжання? У ім адчуваецца здаровая сялянская аснова. У маёй памяці нечакана ўсплывае адзін цёплы ўспамін, і водар яго дападае да самага сэрца. Калі мы стаялі ў Арконце, Гавуаль, як і я, жыў на ферме.

Аднойчы ён кажа мне:

— Гаспадыня закалола парсюка. Яна запрашае нас на крывянку.

Мы трое — Ізраэль, Гавуаль і я — з асалодай жавалі цёмную хрумсткую скарыначку. Сялянка пачаставала нас чаркай лёгкага белага віна. Гавуаль сказаў мне: «Глянь, што я купіў. Ёй гэта будзе прыемна. Трэба надпісаць». Гэта была адна з маіх кніг. I я не адчуў ніякай няёмкасці. Я з задавальненнем зрабіў надпіс, каб прынесці ёй задавальненне. Ізраэль напіхаў люльку. Гавуаль чухрыў нагу, гаспадыня, здавалася, была вельмі ўсцешана кнігай з надпісам самога аўтара. Духмянілася крывянка. Я трошкі захмялеў ад лёгкага белага віна і не адчуў сябе чужым, нягледзячы на тое, што надпісаў кнігу, — раней гэта заўсёды здавалася мне нейкай смешнаватай недарэчнасцю. Я адчуваў сябе сваім. Нягледзячы на гэтую кнігу, я не выглядаў ні пісьменнікам, ні сузіральнікам. Я прыйшоў сюды не збоку прыпёку. Ізраэль лагодна глядзеў, як я падпісваю кніжку. Гавуаль усё гэтак жа па-прасцяцку пачухваў лытку. I я адчуваў да іх нейкую цьмяную ўдзячнасць. Гэтая кніга магла надаць мне выгляд старонняга назіральніка. А між тым я не рабіў уражання ні інтэлігента, ні гледача. Я быў свой.

Мне заўсёды была нанавісная роля назіральніка. Што ж я такое, калі я не прымаю ўдзелу? Каб быць я павінен удзельнічаць. Мяне мацуюць вартасці маіх таварышаў, вартасці, пра якія яны і самі не маюць уяўлення, і не з-за ўласнай сціпласці, а таму, што ім на гэта начхаць. Ні Гавуаль, ні Ізраэль не думаюць пра сябе. Яны — вязіва повязяў, повязяў з іхняй працай, з іхняй прафесіяй, з іхнім доўгам. 3 гэтай гарачай, духмянай крывянкай. I я хмялею ад рэальнасці іхняй прысутнасці. Я магу маўчаць. Магу піць лёгкае белае віно. Магу нават надпісаць кнігу і гэтым не расчужаць сябе з імі. Нішто не парушыць нашага братэрства.

Я зусім не збіраюся прыніжаць тут ні поспехаў розуму, ні перамогу мыслення. Я ў захапленні ад светлых галоў. Але чаго варты чалавек, калі ў яго бракуе сутнасці? Калі ён — толькі адна ўява, а не быцце. Гэтую сутнасць я бачу ў Гавуалі і ў Ізраэлі. Як бачыў яе і ў Гіемэ.

Перавагі, якія мне дае мая пісьменніцкая дзейнасць, — да прыкладу, магчымасць атрымаць дазвол пакінуць групу 2/33, каб узяцца за іншую працу, калі б прафесія лётчыка стала не даспадобы мне, — пра гэта я і думаць не магу без агіды. Гэта ўсяго толькі свабода не быць. Толькі выкананне свайго абавязку дазваляе чалавеку чымсьці стаць.

Мы ўсе ў Францыі ледзь не загінулі ад розуму, па-збаўленага сутнасці. Гавуаль ёсць. Ён любіць, ненавідзіць, радуецца, злуе. Ён увесь сатканы з повязяў. Сядзець насупроць яго, грызці гэтую хрумсткую каўбасу для мяне такая ж асалода, як і выконваць свой прафесійны абавязак, які ператварае нас у адзінае дрэва. Я люблю групу 2/33. Я люблю яе не як глядач, якога цешыць цудоўнае відовішча. Мне начхаць на відовішчы! Я люблю групу 2/33, бо я неаддзельны ад яе, бо яна сілкуе мяне, бо і я сілкую яе таксама.

I цяпер, вяртаючыся з Араса, я болей чым калі належу сваёй групе. Я звязаў сябе з ёю яшчэ адной ніткай. Ува мне яшчэ болей умацавалася гэтае пачуццё еднасці, цешыцца якім можна толькі ў душэўнай суцішнасці. Ізраэль і Гавуаль траплялі, магчыма, у яшчэ горшыя пераплёты, чым я. Ізраэль не вярнуўся. 3 маёй сягонняшняй прагулкі не павінен быў вярнуцца і я. Яна дае мне яшчэ большае права сесці за агульны стол і памаўчаць разам з усімі. Гэтае права купляецца вельмі дарагой цаной. Але і каштуе яно вельмі дорага, гэтае права быць. Вось чаму я з лёгкім сэрцам надпісаў сваю кніжку… Яна нічога не псавала.