А зараз я чырванею пры думцы, як буду нешта блытана мармытаць у адказ на роспыты маёра. Мне будзе сорам за самога сябе. Маёр падумае, што я тупаваты. Размовы пра мае кнігі не бянтэжаць мяне, бо напладзі я хоць цэлую бібліятэку, спасылкі на яе не ўратавалі б мяне ад сораму, які пагражае мне. I сорам гэты — не гульня, не прытворства. Я не скептык, які дорыць сабе раскошу стварыць нейкі кранальны рытуал. Я не гараджанін, які ў водпуску корчыць з сябе вяскоўца. Я паляцеў у разведку над Арасам за новым доказам таго, што я вяду сумленную гульню. Я рызыкаваў сваёй плоццю. Усёй сваёй плоццю. I шанцаў на выйгрыш у мяне не было. Я аддаў усё, што мог, дзеля таго, каб былі датрыманы ўсе правілы гульні. Каб яны сталі нечым большым, чым проста правіламі гульні. Я заслужыў права адчуць сябе прысаромленым, калі маёр пачне распытваць мяне. Іншымі словамі — права ўдзельнічаць. Прылучыцца. Браць і даваць. Права быць нечым большым, чым я сам. Саступіць гэтаму пачуццю, якое захліствае мяне. Любіць таварышаў любоўю, не падобнай на парыў, што налятае аднекуль звонку, любоўю, якая не шукае гарачых прызнанняў — ніколі — хіба што ў часіну развітальнай вячэры. Такой часінай мы бываем трошкі пад хмелем і ў лагодным ап'яненні схіляемся да суседа па сталу, як дрэва, ацяжаранае пладамі. Мая любоў да авіягрупы не мае патрэбы ў знешнім праяўленні. Яна складаецца з адных повязяў. Яна — самая мая сутнасць. Я неаддзельны ад групы. Вось і ўсё.
Калі я думаю пра сваю групу, я не магу не думаць пра Ашэдэ. Я мог бы расказаць пра яго баявую адвагу, але я здаўся б смешны самому сабе. Справа зусім не ў адвазе: Ашэдэ цалкам і поўнасцю аддаў сябе вайне. Можа, у большай ступені, чым любы з нас. Ашэдэ нязменна знаходзіцца ў тым стане духу, якога я дамагаўся з такой цяжкасцю. Я праклінаў усё на свеце, калі збіраўся ў палёт. Ашэдэ не праклінае. Ашэдэ дасягнуў таго, да чаго мы толькі імкнёмся. Да чаго я хацеў бы дайсці.
Ашэдэ — былы сяржант, якому нядаўна прысвоілі званне малодшага лейтэнанта. Вядома, яму бракуе адукацыі. Сам ён ніяк не здолеў бы вытлумачыць сябе. Але ён зладжаны, ён цэласны. У сувязі з Ашэдэ слова «абавязак» страчвае ўсялякую пыхлівасць. Кожны хацеў бы выконваць свой абавязак так, як яго выконвае Ашэдэ. Думаючы пра Ашэдэ, я папракаю сябе за сваё нядбайства, ляноту, нярупнасць і перш за ўсё — за хвіліны бязверы. I справа тут не ў маёй дабрачыннасці: проста я па-харошаму зайздрошчу Ашэдэ. Я хацеў бы жыць так, як жыве Ашэдэ. Якое цудоўнае дрэва, што глыбока ў дол пускае свае карані! Якая цудоўная стойкасць Ашэдэ! У Ашэдэ нельга памыліцца.
Таму я не буду пладзіць словы пра баявыя вылеты Ашэдэ. Ці вылятаў ён па сваёй волі? Мы ўсе, і заўсёды, па сваёй волі ляцім на любое заданне. Але намі кіруе падсвядомая патрэба верыць у сябе. I тут мы трошкі перасільваем сябе. А для Ашэдэ быць добраахвотнікам зусім натуральна. Ён і ёсць самая гэтая вайна. Гэта так натуральна, што, калі размова ідзе пра нейкае асабліва цяжкае заданне, маёр Аліяс найперш за ўсё згадвае пра Ашэдэ: «Скажыце, Ашэдэ…» Для Ашэдэ вайна гэта тое самае, што для манаха — яго вераванне. За што ён змагаецца? Ён змагаецца за сябе. Ашэдэ неаддзельны ад поўнай сутнасці, якая ўвасоблена ў ім і якую трэба ратаваць. Тут межы жыцця і смерці амаль зліваюцца. Для Ашэдэ яны ўжо зліліся. Магчыма, сам не ведаючы таго, ён не баіцца смерці. Жыць самому; паміраючы, ратаваць жыццё іншых… Для Ашэдэ жыццё і смерць не выключаюць адно другое.
Больш за ўсё я быў уражаны тым, як ён перапалохаўся, калі аднойчы Гавуаль папрасіў у яго хранометр для вымярэння хуткасці з зямлі.
— Не, пан капітан… Не магу…
— Дзівак! Мне ж на дзесяць хвілін! Толькі адрэгуляваць!
— Пан капітан… Хранометр ёсць на складзе.
— Ёсць. Але ж ён паўтара ўжо месяца, як захрас на дзвюх гадзінах сямі хвілінах!
— Пан лейтэнант… такую рэч, як хранометр, не пазычаюць… Я не абавязаны пазычаць свой хранометр… Гэтага вы не можаце вымагаць ад мяне!
Калі ўспалымнелы самалёт Ашэдэ прызямляецца на аэрадроме, а сам ён нейкім цудам застаецца жывы, ваенная дысцыпліна і павага да чыноў могуць прымусіць яго неадкладна перасесці ў іншы самалёт і паляцець на другое заданне, на гэты раз, магчыма, ужо зусім пагібельнае… Але ён неабавязаны перадаваць у нядбайныя рукі свой дзівосны хранометр, які каштаваў яму трохмесячнага заробку і які ён штовечара заводзіць з сапраўды мацярынскай клапатлівасцю. Дастаткова глянуць, як чалавек абыходзіцца з рэччу, каб зразумець, што ён нічога ў ёй не цяміць.