А зараз я нагадваю хрысціяніна, ад якога адступілася раскоша. Разам з Дзютэртрам я, вядома, выканаю сваю ролю, выканаю яе сумленна, але так, як спраўляюць абрады, у якіх ужо няма рэлігійнага сэнсу. Калі ў іх ужо няма бога. Калі я застануся жывы, я пачакаю, пакуль настане ноч, каб трошкі прайсціся па дарозе, што перасякае нашу вёску, і там, у сваёй блаславёнай самоце, я, магчыма, зразумею, чаму я павінен памерці.
ІІ
Я ачынаюся ад сваіх летуценняў. Маёр здзіўляе мяне дзіўнай прапановай:
— Калі вам задужа не па душы гэтае заданне… Калі вы сёння не ў форме, я магу…
— Ну што вы, пан маёр!
Маёр выдатна ведае, што падобная прапанова неда-рэчная. Але калі экіпаж не вяртаецца, усе ўспамінаюць, якія пахмурныя былі твары людзей перад вылетам. Гэтую пахмурнасць тлумачаць прадчуваннем. I грызуць сябе за тое, што не надалі ёй значэння.
Ваганні маёра напамінаюць мне пра Ізраэля. Пазаўчора я курыў ля акна ў аддзеле разведкі. Праз акно я заўважыў Ізраэля. Ён некуды спяшаўся. Нос у яго быў чырвоны. Доўгі нос, вельмі яўрэйскі і вельмі чырвоны. Ён неспадзявана ўразіў мяне, гэты чырвоны нос Ізраэля.
Да Ізраэля, нос якога падаўся мне такім дзіўным, я пачуваў глыбокую прыязнасць. Гэта быў адзін з найадважнейшых лётчыкаў у нашай групе. Адзін з самых адважных і самых сціплых. Яму столькі надзяўблі пра яўрэйскую асцярожлівасць, што ён лічыў за асцярожлівасць нават сваю адвагу. Бо гэта ж асцярожлівасць — быць пераможцам.
Дык вось, я заўважыў яго доўгі чырвоны нос, які бліснуў на адзін толькі момант, бо Ізраэль крочыў вельмі хутка і адразу ж знік разам са сваім носам. Без намеру жартаваць я абярнуўся да Гавуаля:
— Чаго гэта ў яго такі нос?
— Гэткім ужо матка яго адарыла, — адказаў Гавуаль. I дадаў: — Бязглуздае заданне на малой вышыні. Ён зараз вылятае.
— А!
А ўвечары, калі мы перасталі ўжо чакаць звароту Ізраэля, я, канечне, успомніў гэты нос, які на выключна спакойным твары з нейкім асаблівым талентам выказаў надзвычайную заклапочанасць. Калі б гэта я загадаў вылятаць Ізраэлю, выгляд гэтага носа доўга праследаваў бы мяне як папрок. На загад вылятаць Ізраэль, безумоўна, адказаў толькі адно: «Ёсць, пан маёр. Ясна, пан маёр. Слухаю, пан маёр». На твары Ізраэля, безумоўна, не ўздрыгнуў ніводзін мускул. Але спакваля, падступна, здрадніцкі пачаў загарацца яго нос. Ізраэль умеў валодаць выразам свайго твару, але не колерам свайго носа. I нос злоўжыў гэтым, самавольна ўмяшаўся ў справу. Нос, без ведама Ізраэля, маўкліва выказаў маёру сваё глыбокае неадабрэнне.
Магчыма, пагэтаму маёр і не любіць адпраўляць у палёт тых, якія, на яго думку, прыгнечаны прадчуваннямі. Прадчуванні амаль заўсёды ашукваюць, але з-за іх баявыя загады набываюць гучанне выраку. Аліяс камандзір, а не суддзя.
Вось што на днях адбылося з сяржантам Т.
Наколькі Ізраэль быў адважны, настолькі Т. быў баязлівы. Гэта адзіны знаёмы мне чалавек, якога так відочна мучыў страх. Калі Т. атрымліваў баявы загад, з ім тварылася нешта неверагоднае. Ён проста ўпадаў у транс. Яго апаноўвала здранцвенне, яно павольна і няўмольна захліствала яго з ног да галавы. 3 твару быццам змывала ўсякі выраз, а вочы загараліся пустым бляскам.
У процівагу Ізраэлю, чый нос здаўся мне такім збянтэжаным — збянтэжаным ад магчымай смерці Ізраэля — і адначасова вельмі ўгневаным, Т. не выяўляў ніякага хвалявання. Ён не рэагаваў: ён панікаў.
Пад канец размовы рабілася зразумела, што Т. проста-такі ахоплены жахам. I ад гэтага па твары яго пачынаў разлівацца нейкі няўзрушны спакой. 3 гэтага моманту Т. быў як недасягальны. Адчувалася, як паміж ім і светам распасціраецца пустыня абыякавасці. Ніколі і нідзе, ані ў кога на свеце я не назіраў, каб нервовае ўзбуджэнне выяўлялася ў такой форме.
— Я ні ў якім разе не павінен быў пасылаць яго тады, — гаварыў пазней маёр.
У той дзень, калі маёр абвясціў яму пра вылет, Т. не толькі спалатнеў, але нават пачаў усміхацца. Проста ўсміхацца. Так, мусіць, усміхаюцца пакутнікі, калі кат пераходзіць ужо ўсялякія межы.
— Вы занядужалі. Я замяню вас…