Выбрать главу

I калі Ашэдэ, адстаяўшы свае правы і яшчэ палаючы ад абурэння, пераможцам выйшаў са штаба, прыціскаючы да грудзей свой хранометр, я гатовы быў расцалаваць Ашэдэ. Мне раскрыліся скарбы яго душы. Ён будзе змагацца за свой хранометр. Яго хранометр існуе. I ён памрэ за сваю краіну. Яго краіна існуе. Як існуе Ашэдэ, непарыўна звязаны з імі. Ён сатканы са сваіх незлічоных повязяў са светам.

Вось чаму я люблю Ашэдэ, не адчуваючы патрэбы казаць яму пра гэта. Я страціў Гіёмэ, майго лепшага сябра — ён загінуў у палёце, — і пра яго я таксама пазбягаю гаварыць. Мы ляталі на адных і тых жа лініях, мы разам удзельнічалі ў іх пракладанні. У нас была адзіная сутнасць. Я адчуваю, што разам з ім загінула і нейкая частка мяне. У маёй моўчы Гіёмэ заўжды са мною. Я неаддзельны ад Гіёмэ.

Я неаддзельны ад Гіёмэ, неаддзельны ад Гавуаля, ад Ашэдэ. Я неаддзельны ад групы 2/33. Неаддзельны ад маёй радзімы. Усе мы, з групы 2/33, неаддзельныя ад яе…

XXIII

Як я адмяніўся! Апошнімі днямі, маёр Аліяс, мне было вельмі горка. Гэтымі днямі, калі браніраванае нашэсце напатыкала толькі пустку, бязглуздыя заданні каштавалі нашай групе семнаццаці экіпажаў з дваццаці трох. I мне здавалася, што ўсе мы ўслед за вамі згадзіліся быць статыстамі і строіць з сябе забітых у нейкім спектаклі. Гэта праўда, маёр Аліяс, мне было горка, і гэта было самаашуканствам!

Усе мы ўслед за вамі сутаргава хапіліся за літару доўгу, сутнасць якога ўжо зблякла. Вы інстынктыўна вымагалі ад нас не перамогі — яна была немагчыма, — а сцверджання нашай сутнасці. Вы, як і мы, ведалі што дабытыя намі звесткі нікому не будуць перададзены. Але вы ратавалі абрады, сэнс якіх быў схаваны. Вы сур'ёзна распытвалі нас — як быццам нашы адказы маглі прыдацца на нешта — пра размяшчэнне танкаў, пра баржы, грузавыя машыны, чыгуначныя станцыі, цягнікі на станцыях. Часам вы нават абуралі мяне сваім недаверам:

— Ну што вы! 3 месца пілота бясспрэчна можна весці назіранне!

I ўсё-такі вы мелі рацыю, маёр Аліяс.

Над Арасам я ўзяў на сябе адказнасць за гэты натоўп, што віраваў пада мною. Я звязаны толькі з тымі, каму я даю. Я разумею толькі тых, з кім я звязаны непарыўнымі повязямі. Я існую толькі ў той ступені, У якой мяне мацуюць мае карані. Я неаддзельны ад гэтага натоўпу. Гэты натоўп неаддзельны ад мяне. Пры хуткасці пяцьсот трыццаць кіламетраў і на вышыні дзвесце метраў цяпер, калі я спусціўся пад хмару, я далучаюся да яго ў гэтым вечаровым змроку, як пастух, які адным поглядам пералічвае, гуртуе і яднае свой статак. Гэты натоўп ужо не натоўп: ён — народ. Хіба ж я магу быць у роспачы?

Нягледзячы на твань паражэння, мяне, быццам я прылучаўся да нейкага таінства, перапаўняе няўтрымная святочная радасць. Я аточаны вэрхалам разгрому, і ўсё-такі я адчуваю сябе пераможцам. Хто з маіх таварышаў, вяртаючыся з задання, не адчувае сябе пераможцам? Капітан Пеніко расказваў мне пра свой ранішні палёт: «Калі мне здавалася, што якая-небудзь зенітка надта добра прыстралялася да мяне, я пікіраваў проста на яе на поўнай хуткасці, на брыючым палёце, даваў па ёй кулямётную чаргу, якая адразу ж тушыла гэты чырванаваты агонь, як смерч, праносіўся над гарматным разлікам… Гармата быццам выбухала! Людзі разбягаліся хто куды, спатыкаліся і падалі на зямлю. У мяне было такое ўражанне, што я гуляю ў кеглі». I Пеніко смяяўся, Пеніко пераможна смяяўся. Пеніко — капітан-пераможца!

Я знаю: баявое заданне пераўвасобіла нават таго стралка з экіпажа Гавуаля, які, апынуўшыся ноччу ўнутры храма, узведзенага васьмюдзесяццю чатырма пражэктарамі, прайшоў пад скляпеннем іх промняў, як салдат на вяселлі праходзіць пад скрыжаванымі шпагамі.

— Можаце ўзяць курс дзевяноста чатыры.

Дзютэртр толькі што сарыентаваўся па Сене. Я знізіўся да ста метраў. Зямля з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну коціць на нас вялікія прамавугольнікі канюшыны або пшаніцы і трохвугольнікі лясоў. Я адчуваю дзіўнае фізічнае задавальненне назіраць, як нос майго самалёта нястомна расхінае іх, быццам крыгі. Унізе з'яўляецца Сена. Калі я пралятаю над ёй пад вуглом, яна адступае, быццам паварочваецца вакол сваёй восі. Гэты рух выклікае ўва мне такую ж асалоду, як плаўны ўзмах касы на лузе. Сядзець мне ёмка. Я гаспадар на борце сваёй машыны. Бакі не працякаюць. Я згуляю ў покер з Пеніко, выйграю ў яго чарку каньяку, потым пастаўлю мат Лакардэру. Вось які я, калі я пераможца!