Фермер моўчкі кроіць хлеб. Дзённыя клопаты надалі яму суровую, высакародную паважнасць. I, нібы творачы нейкі свяшчэнны абрад, ён дзеліць гэты хлеб — магчыма, апошні раз.
А мне ўяўляюцца навакольныя палі, якія ўскаласілі зерне для хлеба. Заўтра іх захопіць вораг. Дарэмна чакаць лавіны ўзброеных людзей! Зямля вялікая. I нашэсце, магчыма, праявіцца тут усяго толькі з'яўленнем адзінокага вартавога, такога самотнага ў бязмежнай пространі, — шэрая плямка на ўзмежку пшанічнага поля… 3 выгляду нішто не адменіцца, але чалавеку дастаткова і аднаго знаку, каб усё зыначылася.
Подых ветру, які прабягае па каласістай ніве, заўжды нагадвае подых ветру на моры. Але калі нам здаецца, што на ніве ён пакідае больш прыкметны след, дык гэта таму, што вецер, перабіраючы калоссе, быццам падлічвае нашы скарбы. Быццам пераконваецца ў надзейнасці будучыні. Гэтак лашчаць жонку, спакойна праводзячы рукой па яе валасах.
А заўтра гэтая пшаніца стане зусім іншая. Пшаніца — гэта нешта большае, чым харч. Харчаванне чалавека — не адкорм скаціны. У хлеба столькі прызначэнняў! Хлеб стаў для нас сродкам з'яднання людзей, бо людзі дзеляць яго за агульным сталом. Хлеб стаў для нас сімвалам велічнасці працы, бо потам здабываецца ён. Хлеб стаў для нас вечным спадарожнікам спачування, бо яго раздаюць у часіну бедстваў. Смак Раздзеленага хлеба ні з чым не зраўнаць. I вось цяпер уся моц духоўнага спажытку, духоўнага хлеба, якая народжана гэтым полем, у небяспецы. Заўтра мой фермер, кроячы хлеб, магчыма, ужо не будзе служыць цяперашняму родаваму выратаванню. Заўтра, магчыма, гэты хлеб ужо не зацепліць сённяшняе святло ў вачах радні гаспадара. Бо хлеб — што алей у каганцы. Ён таксама ператвараецца ў святло.
Я гляджу на пляменніцу — яна вельмі прыгожая — і думаю: хлеб, сілкуючы яе, ператвараецца ў журботнае хараство. Ён ператвараецца ў цноту. Ён робіцца слодыччу маўчання. I вось, з-за адной толькі шэрай плямкі на ўскрайку пшанічнага мора гэты ж самы хлеб, нават калі ён будзе заўтра сілкаваць той жа самы каганец, магчыма, ужо не дасць такога ж святла. Галоўнае ў моцы хлеба зыначыцца.
Я змагаўся, каб уратаваць найперш за ўсё гэтае асаблівае святло, а потым ужо цялесны спажытак. Я змагаўся за тую асаблівую праменнасць, у якую пераўвасабляецца хлеб у дамах маёй радзімы. У гэтай загадкава-маўклівай дзяўчынцы больш за ўсё мяне хвалюе адухоўленасць яе аблічча. Нейкая няўлоўная гармонія рысаў яе твару. Паэма, адлюстраваная на старонцы, а не сама старонка.
Яна адчула, што за ёю назіраюць. Падняла на мяне вочы. Мне здалося, што яна ўсміхнулася мне… Гэта было падобна на лёгкі павеў на чуйнай роўнядзі вод… Я ўсхваляваны. Я адчуваю прысутнасць непаўторнай душы, якая загадкава існуе толькі тут, і нідзе болей. Я п'ю асалоду спакою і думаю: «Вось ён, спакой царства невымоўнасці…»
Я бачыў праменнае святло пшаніцы.
Твар пляменніцы стаў прадонны, поўны таямніц. Фермерша ўздыхае, азіраецца і маўчыць. Фермер, агорнуты думкамі пра заўтрашні дзень, замыкаецца ў сваім роздуме. I за маўчаннем гэтых людзей тоіцца ўнутранае багацце, вясковая спадчына, — і над гэтым таксама завісла небяспека.
I я з уразлівай яскравасцю ўсведамляю сваю адказнасць за гэтыя нябачныя скарбы. Я выходжу з дому. Я нетаропка крочу. Я нясу ў сабе гэты груз, і ён не гняце мяне, ён прыемны мне, быццам на руках у мяне закалыханае дзіця, якое прыпала да маіх грудзей.
Я абяцаў сабе размову з маёй вёскай. Але цяпер мне няма чаго казаць. Я нагадваю плод, звязаны з дрэвам, пра якое я думаў некалькі гадзін таму назад, калі да мяне вярнуўся спакой. Я проста адчуваю сябе неаддзельным ад сваіх людзей. Я неаддзельны ад іх, як яны неаддзельныя ад мяне. Калі мой фермер дзяліў хлеб, ён нічога не адрываў ад сябе. Ен дзяліў і абменьваў. Нас сілкавала адна і тая ж пшаніца. Фермер не бяднеў. Ён багацеў, бо ён смачнеў, ягоны хлеб, ператвораны ў спажытак за агульным сталом. Калі ўдзень я і дзеля гэтых людзей вылецеў на баявое заданне, я таксама нічога не аддаў ім. Мы, лётчыкі нашай групы, нічога ім не аддаём. Мы — тое, чым яны ахвяруюць на вайне. Я разумею, чаму Ашэдэ ваюе без напышлівых слоў, нагадваючы вясковага каваля, які працуе для сваіх аднавяскоўцаў. «Хто вы?» — «Я тутэйшы каваль». Каваль працуе, і ён шчаслівы.
I калі мяне поўніць надзея, а іх, магчыма, роспач, я і тады нічым не рознюся ад іх. Я проста ўвасабляю іншую долю надзеі. Канечне, мы пераможаны ўжо. Усё ледзьве ліпіць. Усё касуецца. Але мяне не пакідае спакой пераможцы. Я пярэчу сам сабе? А мне начхаць на словы! Я гэткі ж, як Пеніко, Ашэдэ, Аліяс, Гавуаль. Мы не можам растлумачыць, адкуль узялося гэтае пачуццё перамогі. Але мы адчуваем адказнасць. Немагчыма адчуваць адказнасць і кідацца ў роспач.