Выбрать главу

Я разумею, што такое пакора. Яна не тоесная прыніжэнню. Яна — сама крыніца дзеяння. Калі ў намаганні апраўдаць сябе, я тлумачу свае няшчасці ліхім лёсам, я падпарадкоўваюся ліхому лёсу. Калі я тлумачу іх здрадай, я падпарадкоўваюся здрадзе. Але калі я бяру ўсю адказнасць на сябе, гэтым самым я адстойваю чалавечыя магчымасці. Я магу ўздзейнічаць на лёс таго, ад чаго я неаддзельны. Я — адна з часцінак супольнасці людзей.

Такім чынам, ува мне нехта ёсць, з кім я змагаюся, каб расці. I мне быў неабходны гэты цяжкі палёт, каб я мог выявіць у сабе асобу, з якой я змагаюся, і аддзяліць яе ад чалавека, які вырастае ўва мне. Не ведаю, які ён, гэты ўзніклы перада мною вобраз, але я думаю: асоба — гэта ўсяго толькі шлях. Чалавек, які выбірае шлях, — вось што самае галоўнае.

Мяне ўжо не здавальняюць палемічныя ісціны. Навошта вінаваціць асобы? Яны толькі шляхі і раздарожжы. Я ўжо не магу тлумачыць замярзанне маіх кулямётаў нядбайствам службоўцаў, а бяздзейнасць саюзнікаў — іхнім эгаізмам. Паражэнне, канечне, выяўляецца і ў банкруцтве сякіх-такіх асоб. Але ж чалавека лепіць духоўная культура. I калі культуры, да якой я адношу сябе, пагражае небяспека з-за банкруцтва асоб, дык я маю права запытацца у сябе, чаму яна не вылепіла іх інакшымі.

Любая духоўная культура, як і любая рэлігія, абвінавачвае сама сябе, калі яна жаліцца на адсутнасць энтузіязму ў сваіх прыхільнікаў. Гэта яе абавязак — натхніць іх. Гэтаксама, калі яна скардзіцца на нянавісць праціўнікаў. Яе абавязак — захапіць іх сваім вераваннем. А між тым мая культура, якая некалі даказала, што можа выстаяць перад любымі нягодамі і ўспалымняць сваіх апосталаў, зламаць лютасць ворагаў, вызваліць прыгнечаныя народы, сёння не здолела ні натхніць людзей, ні захапіць іх сваім вераваннем. Калі я прагну зразумець, дзе караняцца прычыны майго паражэння, калі я хачу і спадзяюся ўваскрэснуць, мне перш за ўсё неабходна набыць тую крыніцу духоўных сіл, якую я страціў.

Бо духоўную культуру можна параўнаць з пшаніцай. Пшаніца харчуе чалавека. Але і чалавек у сваю чаргу клапоціцца пра пшаніцу, адвяваючы ў свірне зерне. I запас зерня зберагаецца, як спадчына, ад ураджаю да ўраджаю.

Мне недастаткова ведаць, які гатунак зерня я хачу вырасціць, каб узышоў менавіта гэты гатунак. Калі я заклапочаны, каб выратаваць вызначаны тып чалавека — і ягоныя магчымасці, — я павінен выратаваць прынцыпы, якія фарміруюць яго.

Калі ж я збярог вобраз маёй духоўнай культуры, то я ўжо не бачу асноў, на якіх яна ўзводзілася. Сёння я раптам раблю адкрыццё, што словы, якімі я дагэтуль карыстаўся, ужо не адлюстроўваюць сутнасці. Так, я прапаведаваў Дэмакратыю, не падазраючы, што не даводзіў людзям звод непарушных маральных законаў, а толькі выказваў добрыя пажаданні. Я хацеў, каб людзі былі братамі, вольнымі і шчаслівымі. Канечне. А хто ж з гэтым не згодзіцца? Я ўмеў сказаць, якім павінен быць чалавек. А не кім ён павінен быць.

Я выказваўся, не ўдакладняючы значэння слоў, пра супольнасць людзей. Як быццам духоўная атмасфера, якую я меў на ўвазе, не была плёнам своеасаблівай яе структуры. Мне здавалася, што гаворка ідзе пра натуральную відавочнасць. Але натуральнай відавочнасці не існуе. Фашысцкае войска ці гандаль рабамі гэта таксама нейкая чалавечая супольнасць.

Я жыў у чалавечай супольнасці ўжо не як яе стваральнік. Я карыстаўся выгодамі пануючага ў ёй міру, яе цярплівасцю, яе працвітаннем. Я нічога не ведаў пра яе, апрача таго, што я яе жыхар. Я жыў у ёй як рызнічы ці як брамнік. Гэта значыць, як паразіт. Гэта значыць, як пераможаны.

Такія пасажыры карабля. Яны карыстаюцца караблём, але нічога не даюць яму ўзамен. У прытулку ўтульных кают, па-за якімі ім хоць трава не расці, яны праводзяць свой вольны час. Яны нічога не ведаюць пра цяжкую работу шпангоўтаў, якія стрымліваюць вечны напор вады. Ці ж маюць яны права скардзіцца, калі бура на трэскі пашкуматае іхні карабель?

Калі асоба вырадзілася, калі я пераможаны, на што мне скардзіцца?

Ёсць нейкая агульная мера вартасцей, якімі я хацеў бы адзяліць людзей маёй духоўнай культуры. Ёсць краевугольны камень той асаблівай супольнасці, якую яны павінны стварыць. Ёсць першааснова, ад якой некалі пайшло ўсё: і карані, і ствол, і голле, і плады. Што ж гэта за першааснова? Гэта магутнае зернейка, кінутае ў глебу, на якой вырастаюць людзі. Толькі яно можа зрабіць мяне пераможцам.

Мне здаецца, я шмат што зразумеў за гэтую маю незвычайную ноч у вёсцы. Вакол мяне нейкая дзівосная цішыня. Самы нязначны гук, як музыка звона, поўніць усю прастору. Усё стала вельмі блізкае мне. I гэтае жаласлівае бляянне авечак, і тое далёкае акліканне, і скрып прычыненых некім дзвярэй. Быццам усё гэта адбываецца ўва мне самім. Я павінен неадкладна ўхапіць сэнс гэтага пачуцця, пакуль яно не знікла…