Выбрать главу

Я думаю: «Усё гэта абстрэл над Арасам…» Яго снарады прабілі нейкую абалонку. Мусіць, цэлы гэты дзень я рыхтаваў у сабе прытулак для Чалавека. Я быў усяго толькі бурклівы аканом. Усяго толькі асоба. Але вось з'явіўся Чалавек. Ён проста ўладкаваўся на маё месца. Ён паглядзеў на бязладны натоўп і ўбачыў народ. Свой народ. Чалавек — агульная мера для гэтага народа і для мяне. Вось чаму, калі я вяртаўся ў авіягрупу, мне здавалася, што мяне прыцягвае цяпло вялікага кастра. Маімі вачыма глядзеў Чалавек — Чалавек, агульная мера для ўсіх маіх таварышаў.

Ці не знак гэта часам? Я амаль гатовы паверыць у прыкметы… Усё гэтай ноччу нібы ўступіла ў маўклівую змову. Кожны гук дасягае мяне як нейкі адрасаваны мне заклік, адначасна і выразны, і незразумелы. Я слухаю, як ноч напаўняюць нечыя спакойныя крокі…

— Гэй! Добры вечар, капітан!..

— Добры вечар!

Я не ведаю гэтага чалавека. Гэтак аклікаюць адзін аднаго лодачнікі пры сустрэчы на рацэ.

I мяне зноў агарнула загадкавае пачуццё роднаснасці. Чалавек, які пасяліўся ўва мне сёння, не перастае распазнаваць сваіх. Чалавек — агульная мера для ўсіх народаў і рас…

Той, хто аклікнуў мяне, вяртаўся дадому са сваім клункам клопатаў, думак і ўяўленняў. Са сваім асабістым, затоеным у душы набыткам. Я мог бы падысці да яго і загаварыць. На светлай вясковай вуліцы мы абмяняліся б якімі-кольвечы ўспамінамі. Гэтак абменьваюцца скарбамі купцы, калі сустракаюцца ў дарозе з далёкіх астравоў.

Калі сярод людзей маёй духоўнай культуры нехта мысліць іначай, чым я, ён не толькі не абражае мяне гэтым, а, наадварот, — узбагачае мяне. Аснова нашай еднасці — Чалавек, які вышэй кожнага з нас. I таму нашы спрэчкі па вечарах у групе 2/33 не толькі не шкодзяць нашаму братэрству, але, наадварот, мацуюць яго: бо нікому ж з нас нецікава слухаць уласнае рэха або глядзецца ў люстэрка.

Аднолькава пазнаюць сябе ў Чалавеку і французы Францыі, і нарвежцы Нарвегіі. Чалавек нітуе іх у сваім адзінстве і адначасова, не пярэчачы сабе, памагае росквіту таго непаўторнага, што ўласціва кожнаму з гэтых народаў. Дрэва таксама выяўляе сябе ў кроне, якая не падобна на карэнне. I калі ў Нарвегіі пішуць казкі пра снег, калі ў Галандыі вырошчваюць цюльпаны, калі ў Іспаніі імправізуюць фламенка, усё гэта ўзбагачае Чалавека, які жыве ў кожным з нас. Вось, магчыма, чаму мы, лётчыкі з групы 2/33, хацелі змагацца за Нарвегію…

I вось цяпер мне здаецца, што я набліжаюся да завяршэння маёй доўгай вандроўкі. Я не адкрываю нічога новага, але я нібы ачынаюся ад сну і наноў бачу ўсё тое, на што ўжо даўно перастаў глядзець.

Мая духоўная культура заснавана на кульце Чалавека ў паасобнай асобе. Вякамі яна імкнулася выявіць Чалавека, падобна таму, як яна вучыла бачыць храм у кучы камення. Яна прапаведавала Чалавека, які вышэй паасобнай асобы…

Бо Чалавек маёй духоўнай культуры не вызначаецца паасобнымі людзьмі. Наадварот, людзі вызначаюцца ім. У ім, як і ў любой Сутнасці, маецца нешта такое, чаго не могуць вытлумачыць элементы, якія ствараюць яе. Храм ёсць нешта зусім іншае, чым проста нагрувашчанне камення. Храм — гэта геаметрыя і архітэктура. Не каменне вызначае храм, а, наадварот, храм узбагачае каменне сваім асаблівым сэнсам. Ягоныя камяні узвышаны тым, што яны — камяні храма. Самыя разнастайныя камяні служаць яго адзінству. Нават страхавідныя каменныя пудзілы і тыя ўдзельнічаюць у агульным гімне храма.

Але я спакваля забыўся пра маю ісціну. Я пачаў меркаваць, што Чалавек ёсць сукупнасць людзей, як Камень ёсць сукупнасць каменьчыкаў. Я атаясаміў храм са звычайнай кучай камянёў, і неўпрыкмет спадчына маёй духоўнай культуры знікла. Неабходна ўзнавіць Чалавека. Ён — сутнасць маёй культуры. Ён — аснова маёй Супольнасці. Ён — крыніца маёй перамогі.

XXVI

Лёгка стварыць парадак у грамадстве, на падпарад-каванні кожнага члена вызначаным правілам. Лёгка выхаваць сляпога, які пакорна падпарадкоўваўся б па-вадыру альбо Карану. Але наколькі цяжэй вызваліць чалавека, навучыўшы яго панаваць над сабой.

Што азначае «вызваліць»? Калі ў пустыні я вызвалю чалавека, які нікуды не імкнецца, чаго варта будзе ягоная свабода? Свабода існуе толькі для некага, хто некуды імкнецца. Вызваліць чалавека ў пустыні, значыць, абудзіць у ім смагу і паказаць яму дарогу да калодзежа. Тады толькі ягоныя дзеянні набудуць сэнс. Няма сэнсу вызваляць камень, калі не існуе сілы прыцягнення. Бо вызвалены камень не рушыць з месца.