Выбрать главу

Так мы страцілі Чалавека. А страціўшы Чалавека мы пазбавілі цеплыні тое самае братэрства, якое прапаведавала наша духоўная культура, бо братам магчыма быць толькі ў нечым і немагчыма быць братамі наогул. Дзяліцца з некім яшчэ не азначае быць яму братам. Братэрства ўзнікае толькі ў самаахвяраванні. Яно ўзнікае ў агульным дарунку нечаму болей велічнаму, чым мы самі. Але, падмяніўшы гэты корань любога сапраўднага быцця бясплённым здрабненнем, мы звялі наша братэрства толькі да ўзаемнай маўклівай цярплівасці.

Мы перасталі даваць. Але калі я гатовы даваць толькі самому сабе, я нічога не атрымліваю, бо я не ствараю нічога такога, ад чаго я неаддзельны, а значыць, я — нішто. I калі ад мяне пачнуць вымагаць, каб я памёр дзеля нейкіх выгод, я адмоўлюся паміраць. Выгода найперш за ўсё загадвае жыць. Якое парыванне любові акупіць маю смерць? Паміраюць за дом, а не за рэчы і сцены. Паміраюць за храм — не за камяні. Паміраюць за народ — не за натоўп. Паміраюць з любові да Чалавека, калі ён аснова Супольнасці. Паміраюць толькі за тое, дзеля чаго варта жыць.

Наш лексікон, здавалася, амаль не зыначыўся, аднак словы, калі мы спрабавалі імі карыстацца, страціўшы свой рэальны сэнс, вялі нас да безвыходных супярэчнасцей. I мы былі змушаны заплюшчваць вочы на гэтыя звады. Не ўмеючы будаваць, мы змушаны былі пакінуць сярод поля кучу камення і з апаскаю гаварыць пра Калектыў, не смеючы ўдакладняць, што мы маем на ўвазе, бо на самой справе мы мелі на ўвазе нешта неіснавальнае. Слова «Калектыў» не мае сэнсу датуль, пакуль Калектыў не нітуецца нечым. Сукупнасць не ёсць Сутнасць.

Калі наша Грамадства яшчэ мела права на існаванне, калі ў ім яшчэ захоўвалася нейкая павага да Чалавека, дык таму толькі, што сапраўдная духоуная культура, якой мы здраджвалі сваім невуцтвам, усё яшчэ выпраменьвала сваё асуджанае святло і без нашага ведама ратавала нас.

Як нашы праціўнікі здолелі зразумець тое, чаго ўжо не разумелі мы самі? Яны бачылі ў нас толькі кучу камянёў. Яны спрабавалі вярнуць сэнс Калектыву, сэнс, які мы самі ўжо не ўмелі растлумачыць, бо забыліся пра Чалавека.

Адны з іх адразу ж, нядоўга думаючы, прыйшлі да крайніх лагічных вывадаў. Кучы камянёў яны надалі самагоднае значэнне. Камяні павінны быць атаясамлены з камянямі. I кожны камень падначалены толькі самому сабе. Анархія яшчэ помніць пра культ Чалавека, але цалкам пераносіць яго на паасобныя асобы. I гэта вядзе да супярэчнасцей, яшчэ болей непрымірымых, чым нашы.

Іншыя пазбіралі камяні, бязладна параскіданыя сярод поля. Яны прапаведавалі правы Мас. Але іхняя тэорыя непрыгодная. Бо калі нельга дапусціць, кааб адзін чалавек тыраніў Масу, дык, вядома, нельга дапусціць і таго, каб Маса падаўляла аднаго чалавека.

Трэція завалодалі гэтымі бяссільнымі камянямі і з сукупнасці іх стварылі Дзяржаву. Сходная Дзяржава таксама не ўзвышае людзей. Яна таксама толькі ўвасабленне Сукупнасці. Яна ёсць улада Калектыву, перададзеная ў рукі асобы. Яна ёсць панаванне каменя, які з выгляду атаясамлівае сябе з іншымі камянямі, над сукупнасцю камянёў. Гэта Дзяржава, не тоячыся, прапаведуе мараль Калектыву, якую мы пакуль адхіляем, але да якой самі ж ідзём спакваля, бо мы забылі пра Чалавека, — а ён жа адзін мог паслужыць апраўданнем нашага непрымання.

Прыхільнікі гэтага новага веравызнання не дапусцяць, каб некалькі шахцёраў рызыкавалі жыццём дзеля выратавання аднаго засыпанага ў шахце таварыша. Бо гэта нанесла б шкоду кучы камянёў. Яны даб'юць цяжкапараненага, калі ён будзе замінаць прасоўванню арміі. Пра дабро для Супольства яны будуць меркаваць з дапамогай матэматыкі — і матэматыка будзе кіраваць імі. Ім няма выгоды ўзвышацца да нечага болей вялікаснага, чым яны самі. I таму яны ўзненавідзяць усё, што будзе розніцца ад іх, бо яны па-за межамі саміх сябе не знойдуць нічога, з чым яны маглі б зліцца. Любы чужы звычай, інакшая раса, інакшая думка непазбежна стане для іх абразай. Яны не будуць здольны прылучаць да сябе, бо кааб прылучыць Чалавека да сваёй веры, трэба не адсекчы яго, а растлумачыць яму ягоную ролю, паказаць мэту яго памкнення і даць яму магчымасць практычна выпрабаваць свае сілы. Прылучыць да сваёй веры заўсёды азначае вызваліць. Храм можа прылучаць да сябе камяні, і яны набываюць у ім сэнс. А куча камянеў нічога не прылучае да сябе, і, не ўмеючы рабіць гэтага, яна проста гняце. I гэта праўда — але чыя віна ў гэтым?

Я болей не здзіўляюся таму, што куча камянёў якая гняце ўсім сваім цяжарам, перамагла камяні, бязладна раскіданыя сярод поля.