Група не спала ўжо трое сутак і ледзьве трымаецца на нагах.
Маёр устае, падыходзіць да Лакардэра і абрывае яго сон, у якім Лакардэр, магчыма, абыгрываў мяне ў шахматы:
— Лакардэр, вы паляціце на світанні. Разведка на брыючым палёце.
— Слухаю, пан маёр.
— Вам трэба было б паспаць…
— Так точна, пан маёр.
Лакардэр зноў сядае. Маёр выходзіць з пакоя, за ім цягнецца і Жэле, як снулая рыбіна на кручку вуды. Вось ужо не трое сутак, а цэлы тыдзень Жэле не клаўся спаць. Нароўні з Аліясам ён не толькі вылятаў у разведку, але і нёс на сваіх плячах адказнасць за ўсю групу. Чалавечая вынослівасць не бязмежная. Жэле перайшоў ужо межы вынослівасці. I ўсё-такі абодва яны — плывец і тапелец — зноў адпраўляюцца па прывідныя загады.
Да мяне падыходзіць заклапочаны Вэзэн, — сам ён пры гэтым спіць на нагах, як лунацік:
— Ты спіш?
— Я…
Я прыхіліўся галавой да спінкі крэсла — я выявіў тут крэсла. Я таксама засынаю, але мяне мучыць голас Вэзэна:
— Усё гэта дабром не скончыцца!
Усё гэта дабром не скончыцца… Бясспрэчна неадольная перашкода… Дабром не скончыцца…
— Ты спіш?
— Я… Не… Што дабром не скончыцца?
— Вайна.
Вось гэта навіна! Я зноў упадаю ў дрымоту. I мармычу:
— …якая вайна?
— Як «якая вайна»?!.
Нядоўга цягнуцца такой размове. Ах, Паўла, калі б у авіягруп былі цірольскія нянькі, уся група 2/33 ужо даўно была б у пасцелі!
Маёр з размаху расчыняе дзверы:
— Вырашана. Перабазіруемся.
За ім стаіць канчаткова абуджаны Жэле. Ён адкладзе на заўтра сваё «так, канечне». А сёння ўночы ён зноў будзе чэрпаць сілы для знемагальнай працы з нейкіх яму і самому не вядомых крыніц.
Мы ўстаём. Мы вымаўляем: «А!.. Ну што ж…» Што мы можам сказаць?
Мы нічога не скажам. Мы забяспечым перабазіроўку. Адзін Лакардэр дачакаецца світання, каб вылецець на заданне. Калі ён застанецца жывы, то далучыцца да нас ужо на новым аэрадроме.
Заўтра мы таксама нічога не скажам. Заўтра — для сведкаў — мы будзем пераможаныя. А пераможаныя мусяць маўчаць. Як зярняты.