Выбрать главу

I ён выцягвае з кішэні нейкія паперкі. Потым дапытліва глядзіць на мяне і пытаецца:

— Як ты паляціш?

— Цераз Альбэр.

— Я так і ведаў. Я так і ведаў. Ах, як пагана!

— Не выкідвай конікаў. Што здарылася?

— Табе нельга ляцець!

Мне нельга ляцець! Які ён харошы, гэты Вэзэн! Хай ён вымаліць у пана бога, каб сапсаваліся ларынгафоны!

— Табе не прарвацца.

¬— Чаму гэта мне не прарвацца?

— Таму, што над Альбэрам нядрэмна прасуюць тры звёны нямецкіх знішчальнікаў. Адно на вышыні шэсць тысяч метраў, другое — сем з палавінай, трэцяе — дзесяць тысяч. Ніводнае не пакідае неба, пакуль не прыходзіць змена. Гэта бясспрэчна неадольная загарода. Ты трапіш у пастку. А потым, ты вось толькі глянь…

I Вэзэн паказвае мне паперку, на якой ён накрэсліў нейкія незразумелыя схемы.

Ішоў бы ён да д'ябла, гэты Вэзэн! Словы «бясспрэчна неадольная загарода» падзейнічалі на мяне. Мне мроіцца чырвоны сігнал і парушэнне дарожных правілаў. Але тут парушэнне правілаў — смерць. I асабліва ненавісна мне слова «бясспрэчна». У мяне такое адчуванне, што я ўжо ўзяты на прыцэл.

Намаганнем волі я змушаю сябе разважаць спакойна. Праціўнік «бясспрэчна» мусіць абараняць свае пазіцыі — а як жа інакш?! Усе гэтыя словы проста бязглуздзіца!.. Дый начхаць мне на знішчальнікаў! Калі я спушчуся да сямісот метраў, мяне саб'е зенітная артылерыя. Яна ўжо не схібіць! I я раптам накідваюся на Вэзэна:

— Карацей кажучы, ты вырашыў неадкладна паведаміць мне, што існуе нямецкая авіяцыя і што мой вылет — штука даволі рызыкоўная! Бяжы і далажы пра гэта генералу!..

Бо, калі ўжо на тое пайшло, Вэзэну нічога не каштавала б па-сяброўску супакоіць мяне, назваўшы гэтыя славутыя знішчальнікі проста нейкімі самалётамі, якія шныраць у раёне Альбэра…

Сэнс быў бы абсалютна той самы!

IV

Усё гатова. Мы ў кабіне. Застаецца толькі выпрабаваць ларынгафоны…

— Як чуеце мяне, Дзютэртр?

— Чую вас добра, пан капітан.

— А вы, стралок, добра чуеце мяне?

— Я… ага… выдатна!

— Дзютэртр, вы чуеце стралка?

— Чую яго добра, пан капітан.

— Стралок, вы чуеце лейтэнанта Дзютэртра?

— Я… ага… выдатна.

— Чаму вы ўвесь час гаворыце: «Я… ага… выдатна»?

— Шукаю аловак, пан капітан.

Ларынгафоны не сапсаваны.

— Стралок, ціск у балонах нармальны?

— Я… ага… нармальны…

— Ва ўсіх трох?

— Ва ўсіх трох.

— Дзютэртр, гатова?

— Гатова.

— Тады паехалі.

I я адрываюся ад зямлі.

V

Страх узнікае тады, калі страчана пэўнасць, што я — гэта я. Калі я чакаю весткі, ад якой залежыць, быць мне ў радасці альбо ў горы, я тады адкінуты ў небыццё. Пакуль няпэўнасць трымае мяне ў невядомасці, мае пачуцці і мае паводзіны — усяго толькі часовая маскіроўка. Час, секунда за секундай, падобна на тое, як ён стварае дрэва, — перастае ствараць тую асобу, якой я буду праз гадзіну. Гэтае незнаёмае «я» ідзе мне насустрач звонку, як прывід. I тады мяне апаноўвае страх. Благая навіна выклікае не страх, а пакуту — гэта ўжо зусім іншая рэч.

Але вось час перастаў сплываць марна. Я нарэшце бяруся за справу. Я ўжо не люструюся ў безаблічную наступнасць. Я ўжо не той, хто, мажліва, у космах полымя ўвойдзе ў штопар. Будучае ўжо не ўяўляецца мне нейкім дзіўным прывідам. 3 гэтага моманту яго паступова пачынаюць ствараць мае дзеянні. Я той, хто сочыць за компасам і трымае курс 313. Хто рэгулюе абароты вінтоў і тэмпературу масла. Звычайныя, натуральныя клопаты. Хатнія турботы, дробныя штодзённыя абавязкі, за якімі нават не заўважаеш, як старэеш. Дзень абарочваецца добра дагледжаным домам, старанна адглянцаваным плашчаком, правільна адрэгуляваным паступленнем кіслароду. Я акурат правяраю падачу кіслароду, бо мы імкліва набіраем вы-шыню: шэсць тысяч семсот метраў.

— 3 кіслародам усё ў парадку, Дзютэртр? Як самаадчуванне?

— Усё ў парадку, пан капітан.

— Эй, стралок! Кісларод у парадку?

— Я… ага… У парадку, пан капітан…

— Вы ўсё яшчэ шукаеце аловак?

Я раблюся і тым, хто націскае на кнопку S і на нопку А, каб праверыць свае кулямёты. Дарэчы…

— Эй, стралок! Там ззаду, у вашым сектары, няма ніякага буйнага населенага пункта?

— Гм… не, няма, пан капітан.

— Тады давайце. Праверце кулямёты.

Я чую чэргі.

— Добра працуюць?

— Добра.

— Усе кулямёты?

— Гм… Ага… усе.

Я таксама страляю. Цікава, куды ляцяць усе гэтыя кулі, якімі мы проста так паліваем родныя абшары. Яны ніколі нікога не заб'юць. Зямля вялікая.