— Бяжыце цалуйцеся са сваім Косцем! — закрычаў ён на ўсю вуліцу. — Мне на вас напляваць. Толькі пабачу, як вы летам пакупаецеся! Гэтыя першамайцы вас і блізка не пусцяць да копанкі...
Тарабан аддзяліўся ад усіх і пакрочыў прэч. Ніхто яго не пазваў, ніхто не пабег услед. Хлопцы стаялі разгубленыя і не ведалі, што рабіць.
— Пайшоў і няхай ідзе, — сказаў Змітрок Калашкан. — Вельмі нос задраў, слова нельга сказаць пры ім. Вайна — гэта адно, а п'еса — зусім другое. Ды ніхто і не збіраецца бегчы за Косцем...
Назаўтра Тарабан першым падышоў да хлопцаў. Пра Косцю ён болей не ўспамінаў, і ўсе ўздыхнулі з палёгкай. Усё-такі не варта спрачацца паміж сабой тым, хто жыве на адной вуліцы.
Праз тыдзень пачаліся заняткі, і ўсё пайшло ранейшым парадкам: Мяжа, якая падзяляла класы, усё-такі засталася. Слабодка не збіралася здаваць заваяваных пазіцый, нягледзячы на тое, што першамайцы са сваім Косцем выступілі ў п'есе.
Аднойчы ў клас, дзе вучыўся Яша, зайшла піянерважатая Таня Цырульнікава. Яна сказала, што ўсім, хто цяпер вучыцца ў другім класе, трэба рыхтавацца да ўступлення ў піянеры. Яна яшчэ сказала, што ў піянеры спачатку прымуць тых, хто добра вучыцца і ў каго добрыя паводзіны. Перад усім класам Таня Цырульнікава заявіла, што хутчэй за ўсіх у піянеры прымуць Яшу і Лізу.
З гэтага дня Таня Цырульнікава пачала часта заходзіць у другі клас. Яна хацела арганізаваць тут танцавальны гурток. Але запісвацца ў такі гурток хлопцы адмовіліся. У яго запісаліся адны дзяўчаты. Хлопцы сказалі піянерважатай, што яны згодны ўдзельнічаць толькі ў п'есах пра вайну. Тады Таня наважыла, апрача танцавальнага, арганізаваць і драматычны гурток. У гэты гурток запісаліся ўсе хлопцы са Слабодкі і Першамайкі, якія вучыліся ў другім класе. На рэпетыцыю трэба было заставацца пасля заняткаў кожную суботу.
Але п'есу Таня Цырульнікава падабрала нецікавую. У п'есе паказвалася, як нямецкія рабочыя змагаюцца з фашыстамі. Ніякай вайны ў п'есе не было. Трэба было толькі маршыраваць па сцэне з чырвоным сцягам, спяваць песні і крычаць «Рот фронт!». Пад канец фашысты самі ўцякалі. Самая сумная роля дасталася Яшу. Яму перад канцом належала выйсці на сцэну і сыпануць лістоўкі.
Хлопцы ўсё ж не вешалі насоў. Яны спадзяваліся, што пасля гэтай нецікавай Таня Цырульнікава знойдзе і добрую п'есу. Таму яны і засталіся на рэпетыцыі.
Але і гэтую нецікавую п'есу на сцэне не паставілі. Аднойчы вечарам усе прыйшлі на рэпетыцыю, а піянерважатай не было. Таню чакалі, можа, цэлую гадзіну, а янаўсё не прыходзіла. Тады Яша і яшчэ адзін хлопец з Першамайскай вуліцы пайшлі яе сустракаць. Яны ўбачылі піянерважатую на школьным агародзе. Яна цалавалася пад бярозкай з нейкім высокім хлопцам. Таня не толькі цалавалася, яна яшчэ чамусьці і плакала...
Гэтую навіну Яша з першамайскім хлопцам мігам прынеслі ў клас, дзе іх чакалі астатнія артысты. Глядзець на тое, як цалуецца піянерважатая, хадзілі па чарзе ўсе хлопцы. Пазней высветлілася, што ў той вечар Таня праводзіла ў армію трактарыста, з якім дружыла. Але хлопцы аднадушна вырашылі, што звязвацца з такой важатай, якая цалуецца ды яшчэ і румзае, проста не варта. На рэпетыцыі болей ніхто не прыходзіў, і драматычны гурток распаўся.
VII
Набліжалася вясна. Сагнала ўжо снег з палёў і балота, дзяўчаты прынеслі ў клас першыя кветкі кураслепу. Другі клас паўтараў пройдзенае. Самымі лепшымі ўрокамі Яша лічыў тыя, калі Марыя Рыгораўна прыносіла ў клас маленькія кніжачкі і гучна іх чытала. У такія хвіліны ў класе наступала мёртвая цішыня. Было чуваць, як дзынкае аб аконнае шкло ажыўшая пасля зімы муха. Затаіўшы дыханне, Яша слухаў гісторыю пра мужнага хлопчыка Гаўроша, які загінуў на барыкадах, пра маленькую Казету, якая ўпусціла ў студню сярэбраную манету, за што яе моцна білі. Марыя Рыгораўна прачытала многа такіх цікавых кніжачак перад класам. Найбольш падабаліся ўсім апавяданні пра грамадзянскую вайну і пра розных звяроў. Той дзень, калі настаўніца прыносіла новую кніжачку быў для Яшы святам. З нецярпеннем чакаў ён апошняга ўрока, на якім пачыналася гучнае чытанне.
У Яшы быў рубель, і ён захацеў купіць сабе хоць адну з прачытаных настаўніцай кніжачак. Але нават у самай вялікай краме, дзе прадавалі дзёгаць, хамуты, гарэлку і соль і дзе за прылаўкам стаяў стары Тарабан, ніякіх цікавых кніжак не было. Там стаялі толькі тоненькія брашуркі пра першую пяцігодку, пра Асінбуд і пра шкоднасць рэлігіі. Але яны былі напісаны сумна, як задачнік, і Яша іх не купіў.
Яша ведаў, што цікавыя кніжкі ёсць у бібліятэцы, дзе іх і бярэ Марыя Рыгораўна. Але ў школьную бібліятэку запісвалі з трэцяга класа. Туды для Яшы пакуль што доступу не было. Тады хлопец наважыў запісацца ў сельсавецкую бібліятэку. Там яго не ведалі, іЯша моглёгка зманіць, штоёнужо вучыццаў трэцім класе. Але і ў сельсавецкай бібліятэцы хлопцу не пашанцавала. Бібліятэкарша пачала ўжо запісваць яго прозвішча ў картачку, калі ў пакой зайшла Таня Цырульнікава.
— Добры гэта вучань? — спытала ў яе бібліятэкарша.
— Вучыцца добра, але недысцыплінаваны, — адказвала піянерважатая. — З драматычнага гуртка ўцёк, сябруе з хуліганамі...
Гэта і вырашыла справу. У бібліятэку Яшу не запісалі. Добра яшчэ, што выручыла Ліза. Яна прынесла ў клас кнігу пра Бураціна і залаты ключык. Пасля таго як кніжку прачыталі ў класе, Ліза дала яе Яшу. Ніколі Яша не чытаў такой цікавай кніжкі. Ён ведаў на памяць усе прыгоды хітрага і адважнага Бураціна, але з кнігай не хацелася расставацца. Тады Яша вырашыў перапісаць яе. Ён спісаў дзесяць сшыткаў у клетку, але дайшоў толькі да палавіны. Можа б, Яша перапісаў і ўсю кнігу, але якраз нахлынулі важныя падзеі, і «Прыгоды Бураціна» прыйшлося аддаць Лізе.
Руды Алёша, які вучыўся ў чацвёртым класе, выбіў акно. Ён высадзіў яго з рамай, і Тарабана збіраліся выключыць са школы. Гэта была непрыемнасць. Калі б Алёшу выключылі, то першамайцы ўзрадаваліся б. Яны б задралі свае насы і пальцамі паказалі б на Слабодку. Глядзіце, маўляў, які ў іх камандзір, яго нават са школы вытурылі...
Але Алёшу ўсё ж не выключылі. Яму вынеслі толькі вымову. Слабодка ўздыхнула з палёгкай...
А далей падзеі пайшлі адна цікавейшая за другую. Самым вартым увагі ў тую вясну былі, вядома, вайсковыя манеўры. На балоце, недалёка ад Цітавай копанкі, «чырвоныя» ваявалі з «сінімі». Там цэлы дзень бухалі з сапраўдных гармат, стракаталі з кулямётаў, стралялі з вінтовак. Слабодка з цікавасцю сачыла за манеўрамі. Руды Алёша нават прапанаваў чырвонаармейцам свае паслугі. Ён згаджаўся ісці ў разведку. Але Алёшу чырвонаармейцы прагналі.
Калі манеўры скончыліся, Слабодка хадзіла збіраць на балота страляныя патроны. Першамайцы іх таксама збіралі. Вайны паміж вуліцамі яшчэ не было, але адчувалася, што яна ўспыхне, як толькі пачнуцца канікулы. Вельмі ўжо зноў пачалі фанабэрыцца гэтыя першамайцы!
У велікодны вечар да Яшы забег задыханы Змітрок Калашкан.
— Пойдзем да царквы, — сказаў ён. — Там будзе нешта цікавае.
Яша апрануўся і пабег услед за Змітраком. Там ужо сабраліся ледзь не ўсе іхнія хлопцы. На цвінтары сапраўды рабілася нешта цікавае. У царкве спявалі веруючыя, а на цвінтары, пабраўшыся за рукі, — камсамольцы. З царквы несліся спевы пра Бога, а камсамольцы даказвалі пад гармонік, што Бога няма.
Але камсамольцы не толькі спявалі. Яны прыдумалі яшчэ хітрэйшую штуку. Калі з царквы збіраліся выносіць Хрыстова цела, на цвінтар прыгрукатаў трактар. На трактары сядзеў стары Крук у вывернутым кажусе і з рагамі на галаве.
Крук быў вядомы на ўсю акругу прайдзісвет і задзіра. Без яго не абыходзілася ні вяселле, ні святочны кірмаш. Кажуць, сам ён жаніўся разоў восем. Паедзе ў далёкую вёску, дзе яго не ведаюць, і жэніцца.
Усяночная прайшла цікава. Багамольцы з пратэсамі хадзілі вакол царквы, а ўперадзе на трактары ехаў стары Крук. Гаварылі пасля, што камсамольцам уляцела за іхні ўчынак. Але слабадскія і першамайскія хлопцы іх цалкам ухвалялі. Камсамольцы сапраўды даказалі, што Бога няма. Бо каб быў Бог, то ён жа пакараў бы старога Крука. Смальнуў бы па ім маланкай або наслаў якую хваробу. Стары ж Крук хадзіў сабе жывы і здаровы. Яму нават нішто не забалела.