Выбрать главу

Яша змоўк. Яму не падабаліся Алёшава фанабэрыстасць і жорсткасць. Але пярэчыць Алёшу, калі ён злаваўся, было нельга. Гэта магло дрэнна скончыцца для таго, хто адважыўся б выступіць супроць Тарабана.

На нейкі час Яша адарваўся ад войска. Каровы прабілі іхняй Рагулі бок, і яе не пускалі ў статак. Цэлыя два тыдні Яша ганяў Рагулю пасвіць адну. За гэты час хлопец проста знябыўся. Ён баяўся, што вайна з Першамайкай пачнецца без яго. Гэта было б самай большай карай для Яшы. Як бы ён глядзеў тады ў вочы хлопцам сваёй вуліцы! За час, праведзены ў адзіноце, Яша проста знелюбіў павольную і ціхую Рагулю. Хугчэй бы зарастаў яе бок.

Рагулю нарэшце парашылі пусціць у статак, і Яша ў той жа вечар пабег на Тарабанаў двор. Там ён супакоіўся. Сапраўдная вайна з Першамайкай яшчэ не пачыналася. Былі асобныя сутычкі, але белагаловы Косця бою не прымаў. Ён вёў нейкую хітрую палітыку.

За час Яшавай адсутнасці руды Алёша прыдумаў гімн для слабадскога войска. Хлопцы маршыравалі па вуліцы і спявалі:

Аты-баты, йшлі салдаты, Аты-баты, ваяваць, Аты-баты, йшлі салдаты Першамайку разганяць...

Песня спадабалася Яшу. Пад яе было лёгка ісці, і яна прыдавала адвагі і смеласці. Кожную раніцу Слабодка, адбіваючы крок, ішла з гэтай песняй купацца ў Цітавай копанцы. Першамайскія хлопцы не паказваліся. Усе лічылі, што яны проста баяцца сілы Слабодкі. Але хутка пайшлі трывожныя чуткі. Нехта расказаў Алёшу, што да Аркадзя Панядзелка прыходзілі пасланцы з Першамайкі, і ён аб нечым з імі дамаўляўся. Гэта была здрада. Аркадзь лічыўся цяпер камандзірам палка, у яго полк уваходзілі не толькі хлопцы з чыгункі, а і са Слабодкі, і калі б ён цяпер перайшоў на бок Першамайкі, гэта зблытала б усе планы вайны. Трэба было нешта неадкладна прыдумаць.

— Ідзі прывядзі мне Аркадзя, — загадаў Яшу руды Алёша. — Ты з ім разам вучышся, проста пазаві яго да сябе гуляць.

Яша пайшоў. Ён не любіў Аркадзя і ніколі не хадзіў да яго. Каб Яшава ўлада, ён ніколі не прымаў бы Аркадзя ў слабадское войска. Хоць яго бацька і лавіў бандытаў, але Аркадзь здраднік. Ясна, што такому давяраць нельга. I навошта яшчэ Алёша прызначыў яго камандзірам палка? Цяпер гэты Аркадзь выдаў белагаловаму Косцю ўсе іхнія планы...

З такімі невясёлымі думкамі прыйшоў Яша на чыгуначны пасёлак, дзе жыў Аркадзь. Ён застаў яго дома, але Аркадзь нават не захацеў з Яшам размаўляць.

Не пайду я да цябе, — сказаў ён. — Ведаю я вашы хітрыкі... Хочаце мяне да Тарабана зацягнуць.

Дык ты ж прысягу падпісваў! — не сцярпеў Яша, адразу выдаўшы свае намеры. — Як жа цяпер?

Пляваць я хацеў на гэтую прысягу. Косця ў сто разоў разумнейшы за вашага Тарабана. Не хачу я з вамі, і канец. I хлопцы нашы не пойдуць...

Дык чаму ж ты адразу не ішоў да Косці?

Куды хацеў, туды і ішоў, — адказаў Аркадзь. — А ты не сунь носа, куды не просяць...

На гэтым размова і скончылася. Сваёй задачы Яша не выканаў. Не мог жа ён сілком зацягнуць да сябе гэтага Панядзелка. Хлопец вярнуўся на Тарабанаў двор і пра ўсё расказаў Алёшу.

У той жа дзень пад павеццю тэрмінова засядаў штаб. Алёша ўпершыню разгубіўся. Ён не ведаў, што рабіць. Хлопцы крычалі, усяляк пагражалі Аркадзю, а Тарабан сядзеў і маўчаў. Ён здаваўся нейкім прыбітым, прыніжаным. Такім яго Яша не бачыў ніколі.

Я яго злаўлю і заб'ю, — прапанаваў Цярэшка Лузанік. — Няхай ведае...

Калі заб'еш, то ён ужо нічога не будзе ведаць, — перабіў Цярэшку Алесь Бахілка. — Яму трэба проста добра ўсыпаць. Каб не круціў хвастом. Нашым — дык нашым, а вашым — дык вашым.

Спаймаць, зняць штаны і крапівой, крапівой, — падтрымаў Бахілку Змітрок Калашкан. — Каб ён цэлы месяц не мог сесці. I скардзіцца сорамна будзе...

Пры апошніх словах Алёша падняў галаву. Яго вочы загарэліся. Усе бачылі, што Алёша нешта зноў прыдумаў.

— Аркадзя трэба злавіць, — сказаў ён ціхім, але рашучым голасам. — Але біць яго не будзем. Раз ён знюхаўся з першамайцамі, то біццём не паможаш. Аркадзя трэба прывесці сюды. Зробім на яго засаду...

IX

Палавіна слабадскога войска вечарам пайшла ў засаду каб узяць у палон уласнага камандзіра палка. Засаду зрабілі каля Панядзелкавай хаты. Стаіўшыся за вуглом, хлопцы чакалі. Дома Аркадзя не было, значыць, ён недзе гуляў і сваёй хаты, вядома, абмінуць не мог. Чакаць Аркадзя прыйшлося доўга.

Са сваім Косцем мілуецца, — прашаптаў нехта. — Трэба было на поплаве ля сцежкі схавацца, тады б іх абодвух сцапалі...

Спыніць размовы! — уладна загадаў Алёша.

Нарэшце паказаўся Аркадзь. Ён ні аб чым не здагадваўся і весела насвістваў. Аркадзь падышоў ужо да сваіх веснічак, але тут перад ім, нібы з-пад зямлі, вырасла постаць Тарабана.

Не спяшайся, — сказаў Алёша. — Трэба пагаварыць. Аркадзь закрычаў. Але яго адразу акружылі шчыльным кальцом, заціснулі далонню рот і павялі. Яша вёў свайго аднакласніка пад левую руку. Аркадзь калаціўся як асінавы ліст, яго рука была халодная і ліпкая.

— Пусціце, — хныкаў ён па дарозе. — Мой бацька міліцыі скажа...

Нядаўняга камандзіра палка завялі ў густы высокі дзядоўнік, што рос на слабадскім выгане. Яго ніколі не касілі, і дзядоўнік разросся, як лес. Сюды ніколі ніхто не заглядваў.

Скідай штаны! — загадаў Аркадзю руды Алёша. Панядзелка пачало трэсці як у ліхаманцы. Хлопцы памаглі Аркадзю спусціць штаны.

Не біце мяне, — прасіўся ён. — Я вам усё раскажу.

I Панядзелак расказаў. Ён выклаў усё як на далоні. Белагаловы Косця, аказваецца, пачаў да яго пад'язджаць з першых дзён канікулаў. Аркадзь спачатку не згаджаўся. Яму падабалася быць камандзірам палка ў арміі Слабадской вуліцы. Але Косця паабяцаў навучыць Аркадзя рабіць планёры. Ён нават зычыў даць адзін гатовы планёр хлопцам з чыгункі. Акрамя гэтага, на Першамайцы майструюць самакаты. На гэтых самакатах можна ездзіць без нічыёй дапамогі. Трэба толькі вадзіць уперад-назад за рычаг, як на дрыгзіне, і самакат рухаецца. Слабадскія ж хлопцы не ўмеюць рабіць ні планёраў, ні самакатаў. Яны толькі ваю-юць...

— Я адбяру ўсе іхнія самакаты і планёры! — не вытрымаў Алёша. — Летась жа мы гулялі іхнім валейбольным мячом. Дадзім ім добра, дык усё наша будзе. Прыцягнуць самі як міленькія.

Аркадзь, захліпаючыся, расказваў, дзе схаваны два першамайскія самакаты. На іх ездзяць па чарзе ўсе хлопцы, а вечарам іх ставяць у гараж. Гараж знаходзіцца за агародамі, у бярэзніку. Яго ноччу ніхто не ахоўвае.

Можна цяпер пайсці і забраць іх, — захліпаўся Панядзелак. — Я туды дарогу добра ведаю.

Я не злодзей! — адрэзаў Алёша. — Красці я не пайду. Разаб'ю Першамайку, і гэты Косця прывалачэ мне ўсё ў зубах...

Цяпер Аркадзь пачаў расказваць пра самае галоўнае. Ён стаяў без штаноў у калючым дзядоўніку і на яго смешна было глядзець. Добра яшчэ, што ўжо зусім сцямнела і Аркадзю не мрыходзілася хаваць сваіх вачэй.

Заўтра Аркадзь Панядзелак са сваімі хлопцамі збіраўся перайсці да першамайцаў. З белагаловым Косцем яны дамовіліся, што ўжо раніцай будуць купацца ў Цітавай копанцы. Яны разлічвалі, што без станцыйных хлопцаў Слабодка нападаць не адважыцца...

Панядзелак выдаў яшчэ адзін сакрэт Першамайкі. Там, аказваецца, цяпер камуна. У першамайскіх хлопцаў усё агульнае. У іх ёсць магазін, сталовая і майстэрня. Каб атрымаць што-небудзь са сталовай ці з магазіна, трэба папрацаваць у майстэрні. Ёсць і агарод — адна градка гуркоў і адна памідораў.

Аркадзь расказваў далей зусім дзіўнае і незразумелае. Белагаловы Косця прымае ў сваю камуну не толькі хлопцаў, а і дзяўчат. Дзяўчаты, праўда, прымаюцца не ўсе, а толькі тыя, якія ўмеюць гуляць у «ялавога» і «кругавога».

Навіны былі вельмі цікавыя. Яша слухаў Панядзелка раскрыўшы рот. Ніякая разведка не магла дазнацца столькі, колькі расказаў Аркадзь. Можа, толькі ён брэша? Яша ніяк не мог уцяміць: як гэта ў першамайцаў усё агульнае? Алёша летась, як адабралі валейбольны мяч у першамайцаў, таксама казаў, што ён будзе агульны. А сам што хацеў, тое з ім і рабіў. I калі Яша прапанаваў зрабіць для мяча адну патайную хованку, каб адтуль яго маглі браць усе, Алёша нават збіў яго. Ён хацеў распараджацца мячом толькі адзін. Яша не верыў, што белагаловы Косця катаецца на самакатах нароўні з усімі, што яму таксама трэба працаваць у майстэрні, каб што-небудзь атрымаць з магазіна. Аркадзь Панядзелак, мабыць, проста хлусіць. Не можа ўсё быць агульным. Ёсць у Яшы ножык-складанчык. Дык хіба ён яго каму аддасць? Нізавошта. Гэты ножык Яша сам знайшоў, калі хадзілі з бацькам драць лазу, і ёгг належыць аднаму яму.