Выбрать главу

Усю ноч марсіяне нястомна працавалі, стукалі нейкімі інструментамі, прыводзячы ў гатоўнасць свае машыны; сяды-тады ўзвіваліся ў зорнае неба ўспышкі зеленавата-белага дыму.

К адзінаццаці гадзінам праз Хорсел прайшла рота салдатаў і ачапіла пустку. Пазней праз Чобхем прайшла другая рота і ачапіла пустку з паўночнага боку. Некалькі афіцэраў з Інкерманскіх казармаў ужо раней пабывалі на пустцы і адзін з іх, маёр Ідэн, знік без вестак. Апоўначы камандзір палка паявіўся каля Чобхемскага моста і пачаў распытваць натоўп. Ваенныя ўлады, відаць, зразумелі сур'ёзнасць сітуацыі. К адзінаццаці раніцы, як на наступны дзень паведамілі газеты, эскадрон гусараў і каля чатырохсот салдатаў Кардзіганскага палка з двумя кулямётамі «максім» выступілі з Олдэршота.

Праз некалькі секундаў пасля апоўначы натоўп на дарозе ў Чэртсі паблізу Ўокінга ўбачыў метэарыт, які ўпаў у сасновы лес на паўночным захадзе. Ён падаў, бліскаючы зеленаватым святлом, накшталт летняй маланкі. Гэта быў другі цыліндр.

IX. Бітва пачынаецца

Субота, наколькі мне помніцца, прайшла трывожна. Гэта быў пакутлівы дзень, гарачы і душны; барометр, як мне сказалі, то хутка падаў, то падымаўся. Я амаль не спаў — жонцы пашанцавала заснуць, — і падняўся рана. Перад снеданнем выйшаў у сад і пастаяў там, прыслухоўваючыся: з пусткі даносіліся толькі трэлі жаўранкаў.

Малочнік паявіўся як звычайна. Я пачуў скрып яго цялежкі і падышоў да веснічкаў пачуць апошнія навіны. Ён расказаў мне, што ноччу марсіянаў акружылі войскі і што чакаюць артылерыю. Следам за гэтым пачуўся знаёмы супакойлівы грукат цягніка, які праносіўся ў бок Уокінга.

— Іх не будуць забіваць, — сказаў малочнік, — калі толькі можна будзе абысціся без гэтага.

Я ўбачыў свайго суседа ў садзе, паталкаваў з ім крыху і пайшоў снедаць. Раніца была самая звычайная. Мой сусед быў упэўнены, што войскі захопяць у палон марсіянаў або знішчаць іх у той жа дзень.

— Шкада, што яны такія непрыступныя, — заўважыў ён. — Было б цікава даведацца, як яны жывуць на сваёй планеце. Мы маглі чаму-небудзь навучыцца.

Ён пайшоў да плота і падаў мне жменю трускалак — ён быў дбайны і шчыры садоўнік. Пры гэтым ён паведаміў мне пра лясны пажар каля Байфлідскага поля для гольфа.

— Кажуць, там упала другая такая ж самая штука, нумар другі. Але ж з нас дастаткова і першай, страхавым таварыствам гэта абыдзецца не танна, — сказаў ён і дабрадушна засмяяўся. — Лясы ўсё яшчэ гараць. — І ён паказаў на дымавую заслону. — Торф і хвоя будуць тлець некалькі дзён, — дадаў ён і, уздыхнуўшы, загаварыў пра «бяднягу Оджылві».

Паснедаўшы, замест таго, каб сесці за працу, я вырашыў пайсці на пустку. Каля чыгуначнага моста я ўбачыў групу салдатаў — гэта былі, здаецца, сапёры — у маленькіх круглых шапачках, брудных чырвоных расшпіленых мундзірах, з-пад якіх віднеліся блакітныя кашулі, у чорных штанах і ў ботах да каленяў. Яны паведамілі мне, што за канал нікога не пускаюць. Зірнуўшы на дарогу ў напрамку моста, я ўбачыў вартавога, салдата Кардзіганскага палка. Я загаварыў з салдатамі, расказаў ім пра марсіянаў, якіх я ўчора бачыў. Салдаты ж яшчэ іх не бачылі, вельмі цьмяна іх уяўлялі, засыпаючы мяне пытаннямі. Сказалі, што не ведаюць, хто загадаў рушыць войскі; салдаты думалі, што адбыліся хваляванні Коннай гвардыі. Сапёры, больш дасведчаныя, чым простыя салдаты, прафесійна абмяркоўвалі незвычайныя ўмовы магчымай бітвы. Я расказаў ім пра цеплавы прамень, і яны пачалі спрачацца.

— Падпаўзці да іх пад страхоўкай і атакаваць, — сказаў адзін.

— Нічога падобнага! — адказаў другі. — Чым жа можна засцерагчыся ад такой гарачыні? Сушняком — каб лепш спячыся? Трэба падысці да іх як мага бліжэй і выкапаць сховішчы.

— К чорту сховішчы! Ты толькі і ведаеш што сховішчы. Табе б нарадзіцца баязліўцам, Сніпі!

— Дык у іх зусім, значыць, няма шыі? — спытаў раптам трэці — маленькі, задуменны, смуглы салдат з люлькай у зубах.

Я яшчэ раз апісаў марсіянаў.

— Накшталт васьміногаў, — сказаў ён. — Значыць, з рыбамі ваяваць будзем.

— Забіць такіх пачвараў — гэта нават не грэх, — сказаў першы салдат.

— Пусціць у іх снарад, ды і прыкончыць разам, — прапанаваў маленькі смуглы салдат. — А то яны яшчэ чаго-небудзь натвораць.

— Дзе ж твае снарады? — запярэчыў першы. — Чакаць нельга. Па-мойму, іх трэба атакаваць, ды чым хутчэй.

Так размаўлялі салдаты. Неўзабаве я пакінуў іх і пайшоў на станцыю па ранішнія газеты.

Я баюся надакучыць чытачу апісаннем гэтай нуднай раніцы і яшчэ больш нуднага дня. Мне не давялося зірнуць на пустку, бо нават званіцы ў Хорселі і Чобхеме былі ў руках ваенных уладаў. Салдаты, да якіх я звяртаўся, самі нічога толкам не ведалі. Афіцэры былі вельмі занятыя і таямніча маўчалі. Жыхары адчувалі сябе ў поўнай бяспецы пад аховай войскаў. Маршал, гандляр тытунём, паведаміў мне, што яго сын загінуў каля ямы. На ўскраінах Хорсела ваеннае начальства загадала жыхарам заперці і пакінуць свае дамы.