Я вярнуўся апоўдні, каля дзвюх гадзінаў, крайне стомлены, бо дзень, як я ўжо сказаў, быў гарачы і душны; каб асвяжыцца, я прыняў халодны душ. А палове пятай я адправіўся на чыгуначную станцыю па вячэрнюю газету, бо ў ранішніх газетах было толькі вельмі недакладнае апісанне гібелі Стэнта, Гендэрсана, Оджылві і іншых. Але і вячэрнія газеты нічога новага не паведамлялі. Марсіяне не паказваліся. Яны, відаць, чымсьці былі занятыя ў сваёй яме, і адтуль, як і раней, даносіўся металічны стук і ўвесь час вырываліся клубы дыму. «Новыя спробы ўстанавіць кантакт пры дапамозе сігналаў аказаліся безвыніковымі», — стэрэатыпна паведамлялі газеты. Адзін з сапёраў сказаў мне, што хтосьці, стоячы ў канаве, падняў сцяг на доўгім дрэўку. Але марсіяне надалі гэтаму столькі ўвагі, колькі б мы надалі ўвагі рыканню каровы.
Мушу прызнацца, што гэтыя ваенныя рыхтункі моцна ўсхвалявалі мяне. Маё ўяўленне разыгралася, і я прыдумваў усякія магчымыя спосабы знішчэння няпрошаных гасцей; я, як школьнік, марыў аб баталіях і воінскіх подзвігах. Тады мне здавалася, што барацьба з марсіянамі няроўная. Яны ж так бездапаможна барахталіся ў сваёй яме.
Каля трэцяй гадзіны з боку Чэртсі ці Адлстона пачуўся гул — пачаўся абстрэл сасновага лесу, куды ўпаў другі цыліндр, — з мэтай разбурыць яго перш, чым ён раскрыецца. Але палявая зброя для абстрэлу першага цыліндра марсіянаў прыбыла ў Чобхем толькі к пятай гадзіне.
У шэсць гадзін, калі мы з жонкай пілі гарбату, жыва абмяркоўваючы распачатую бітву, з боку пусткі пачуўся глухі выбух, і следам бліснуў агонь. Праз некалькі секундаў раздаўся грукат так блізка ад нас, што нават зямля задрыжала. Я выбег у сад і ўбачыў, што вершаліны дрэваў вакол усходняга каледжа ахоплены дымным чырвоным полымем, а званіца невялікай царквы, што стаяла побач, абвальваецца. Вежа ў стылі мінарэта знікла, і страха каледжа мела такі выгляд, быццам па ёй стралялі стотоннай зброяй. Труба на нашым доме трэснула, як быццам у яе трапіў снарад. Рассыпаючыся, абломкі яе пракаціліся па чарапіцы, і вокамгненна паявілася груда чырвоных чарапкоў на клумбе, пад акном майго кабінета.
Мы з жонкай стаялі збянтэжаныя і напалоханыя. Потым я даўмеўся, што паколькі каледж разбураны, то вяршыня Мэйбэры-Хіла апынулася ў радыусе дзеяння цеплавога промня марсіянаў.
Схапіўшы жонку за руку, я пацягнуў яе на дарогу. Потым я выклікаў з дому служанку; я паабяцаў ёй, што сам схаджу наверх па яе куфар, які яна ніяк не хацела пакінуць.
— Тут заставацца нельга, — сказаў я.
У той жа час з пусткі зноў пачуўся гул.
— Але куды ж мы пойдзем? — спытала яна ў роспачы.
З хвіліну я нічога не мог прыдумаць. Потым успомніў пра яе сваякоў у Лезерхэдзе.
— Лезерхэд! — крыкнуў я.
Яна паглядзела на адхон пагорка. Напалоханыя людзі выбягалі з дамоў.
— Як жа нам дабрацца да Лезерхэда? — спытала яна.
Каля падножжа пагорка я ўбачыў атрад гусараў, які праязджаў пад чыгуначным мостам. Трое з іх уехалі ў адчыненыя вароты Ўсходняга каледжа; двое пачалі абыходзіць суседнія дамы. Сонца, якое праглядвала праз дым ад палымнеючых дрэваў, здавалася крывава-чырвоным і адкідвала злавеснае святло на ўсё наваколле.
— Стойце тут, — сказаў я. — Вам тут нішто не пагражае.
Я пабег у карчму «Плямісты сабака», бо ведаў, што ў гаспадара ёсць конь і двухкалёсная брычка. Я спяшаўся, адчуваючы, што неўзабаве пачнуцца масавыя ўцёкі жыхароў з нашага боку пагорка. Гаспадар карчмы стаяў каля касы; ён і не падазраваў, што робіцца вакол. Нейкі чалавек, стоячы да мяне спіной, з ім размаўляў.
— Менш за фунт не вазьму, — заявіў карчмар. — Ды і везці няма каму.
— Я даю два, — сказаў я цераз плячо незнаёмага.
— За што?
— І прывязу назад апоўначы, — дадаў я.
— Божа! — усклікнуў карчмар. — Якая спешка! Два фунты і самі прывезяце назад? Што ж адбываецца?
Я таропка растлумачыў, што вымушаны ехаць з дому і наняў, такім чынам, брычку. У той час я і не падумаў, што карчмару самому трэба было б пакінуць сваё жыллё. Я сеў у двухколку, пад'ехаў да свайго саду і, пакінуўшы яе пад назіркам жонкі і служанкі, забег у дом і спакаваў самыя дарагія рэчы, сталовае серабро і да таго падобнае. Букавыя дрэвы перад домам разгарэліся яркім полымем, а краты агароджы накаліліся дачырвана. Да нас спешна падбег гусар. Ён заходзіў у кожны дом і папярэджваў жыхароў, каб яны выбіраліся. Ён ужо пабег далей, калі я выйшаў на ганак са сваім скарбам, завязаным у сурвэтку.