Нечакана злавеснае зялёнае святло азарыла дарогу наперадзе і сасновы лес каля Адлстана. Я адчуў, што лейцы нацягнуліся. Вузкая палоска зялёнага агню прарэзала свінцовую хмару і ўпала налева, на поле. Трэцяя падаючая зорка!
Следам за ёй бліснула асляпляльна-фіялетавая маланка блізкай навальніцы і, быццам узарваная ракета, грымнуў гром. Конь натапырыўся і панёсся.
Я імчаўся ўніз пакатым схілам да падножжа Мэйбэры-Хіла. Штораз, амаль няспынна ўспыхвала маланка. Частыя грымоты суправаджаліся нейкім дзіўным патрэскваннем, нібы дзесьці працавала гіганцкая электрычная машына. Успышкі святла асвятлялі мяне, і дробны град балюча сек па твары. Спачатку я глядзеў толькі на дарогу, потым маю ўвагу захапіла тое, што вельмі хутка рухалася ўніз па бачным мне схіле Мэйбэры-Хіла. Спачатку я ўспрыняў гэта за мокрую страху дома, але пры святле маланак, што бліскалі адна за адной, разглядзеў нешта такое, накшталт рухомага прадмета па супрацьлеглым схіле гары. Затым хвілінная беспрасветная цемра — і раптоўна нясцерпны бляск, які ператварыў ноч у дзень; чырвоны будынак прыстанішча на гары, зялёныя верхавіны соснаў і загадкавы прадмет паказаліся ярка і выразна.
Але што я ўбачыў! Як мне гэта апісаць? Агромністы, вышэйшы за дамы, трыножак, які крочыў па маладым сасновым зарасніку і ламаў на сваім шляху сосны; машыну з бліскучага металу, якая таптала верас; стальныя, выпушчаныя з яе тросы; яе грукат, што зліваўся з рокатам грому. Бліснула маланка, і трыножак выразна выступіў з цемры; ён стаяў на адной назе, дзве другія павіслі ў паветры. Ён знікаў і зноў паяўляўся пры новай успышцы маланкі ўжо на сотню ярдаў бліжэй. Вы сабе можаце ўявіць складное крэсла, якое, вагаючыся, ступае па зямлі? Гэткім было гэта відовішча пры мімалётных успышках маланкі. Але замест крэсла ўявіце сабе агромністую машыну, прыладжаную на трыножку.
Нечакана сосны наперадзе расступіліся, як расступаецца кволы лазняк, калі праз яго пракладваецца чалавечы шлях. Яны ламаліся і падалі, і праз секунду паказаўся другі вялізны трыножак, які, здавалася, крочыў на мяне. А я імчаўся галопам насустрач яму! Калі я ўбачыў другую пачвару, мае нервы не вытрымалі. Не адважыўшыся зірнуць на яе яшчэ раз, я з усёй сілы тузануў правую лейчыну. У тую ж хвіліну двухколка перакулілася, аглоблі з трэскам пераламаліся, я адляцеў убок і цяжка шмякнуўся ў лужыну.
Я адпоўз і схаваўся, скурчыўшыся, за кустамі жаўтазелля. Конь ляжаў нерухома (бедная жывёла зламала шыю). Пры бляску маланкі я ўбачыў чорнае кузава перакуленай двухколкі і сілуэт кола, якое прадаўжала паволі круціцца. Яшчэ секунда — і каласальны механізм прайшоў міма мяне і стаў падымацца к Пірфарду.
Зблізку трыножак здаўся мне яшчэ больш дзіўным; відаць, гэта была кіруемая машына. Машына з металічным звонкім ходам, з доўгімі гнуткімі бліскучымі шчупальцамі (адно з іх ухапілася за маладую сасну), якія звісалі ўніз і грымелі, стукаючыся аб корпус. Трыножак, відаць, выбіраў дарогу, і медная накрыўка ўверсе паварочвалася ў розныя бакі, напамінаючы галаву. Да каркаса машыны ззаду было прымацавана пляценне з нейкага белага металу, падобнае на вялізную рыбацкую карзіну; з суставаў пачвары вырываліся клубы зялёнага дыму. Праз некалькі імгненняў яна ўжо знікла.
Вось што ўбачыў я вельмі невыразна пры святле маланкі, сярод асляпляльных успышак і чорнай цемры.
Праходзячы міма, трыножак урачыста зароў, заглушыўшы ўдары грому: «Элу… элу…» — і праз хвіліну далучыўся да другога трыножка, які за паўмілі далей нахіліўся над чымсьці ў полі. Я не сумняваюся, што там ляжаў трэці з дзесяці цыліндраў, якія былі пушчаны да нас з Марса.
Некалькі хвілінаў я ляжаў пад дажджом, у цемнаце, назіраючы пры ўспышках святла, як гэтыя пачварныя істоты з металу рухаліся ўдалечыні. Пайшоў дробны град, і абрысы іх то расплываліся ў тумане, то выступалі пры ўспышках. У прамежках маланак іх паглынала ноч.
Я вымак да ніткі, зверху — град, знізу — лужа. Прайшоў нейкі час, пакуль я ачуняў, выбраўся з лужы на сухое месца і пачаў думаць, куды мне схавацца.
Непадалёку, на бульбяным полі, стаяла вясковая вартоўня. Я падняўся і, прыгнуўшыся, скарыстоўваючы ўсякія прыкрыцці, пабег да вартоўні. Дарэмна я стукаўся ў дзверы, ніхто не абазваўся (можа, там нікога і не было). Тады, хаваючыся ў канаве, паўзком я дабраўся, не заўважаны пачварнымі машынамі, да сасновага лесу каля Мэйбэры.