Другая пачвара пасунулася за першай. Артылерыст асцярожна папоўз па гарачых дагарках верасу к Хорселу. Яму ўдалося дапаўзці да канавы, што цягнулася ўздоўж дарогі, і такім чынам ён дабраўся да Ўокінга. Далейшы аповяд артылерыста быў амаль з выклічнікаў. Праз Уокінг нельга было прайсці. Нямногія ацалелыя жыхары, здавалася, страцілі розум; іншыя згарэлі зажыва ці атрымалі апёкі. Ён павярнуў у бок ад пажару і схаваўся ў закапцелых развалінах; тут ён убачыў, што пачвара вяртаецца. Яна дагнала аднаго з уцекачоў, схапіла яго сваім стальным шчупальцам і размажджэрыла яму галаву аб сасновы пень. Калі сцямнела, артылерыст папоўз далей і дабраўся да чыгуначнага насыпу.
Потым ён, крадучыся, накіраваўся праз Мэйбэры ў бок Лондана, думаючы, што там будзе бяспечней. Людзі хаваліся ў скляпах, канавах, і многія з уцалеўшых беглі к Уокінгу і Сэнду. Яго мучыла смага. Каля чыгуначнай аркі ён убачыў разбіты вадаправод: вада біла фантанам з лопнутай трубы.
Вось і ўсё, што я мог у яго выпытаць. Ён крыху супакоіўся, расказаўшы мне пра ўсё, што яму давялося бачыць. З апоўдня ён нічога не еў; ён напомніў мне аб гэтым у пачатку сваёй гаворкі; я знайшоў у кладоўцы крыху бараніны, хлеба і прынёс яму паесці. Мы не запальвалі лямпу, баючыся прыцягнуць увагу марсіянаў, і нашы рукі часта судакраналіся, намацваючы яду. Пакуль ён расказваў, вакольныя прадметы сталі выступаць з цемры, за акном ужо можна было адрозніць вытаптаную траву і зламаныя кусты ружаў. Здавалася, па лагчынцы праімчаўся натоўп людзей ці статак жывёлаў. Цяпер я мог разгледзець твар артылерыста, замурзаны, бледны, — такі ж, магчыма, быў у мяне.
Наеўшыся, мы асцярожна падняліся ў мой кабінет, і я зноў выглянуў у адчыненае вакно. За адну ноч квітнеючая даліна ператварылася ў папялішча. Пажар затухаў. Там, дзе раней бушавала полымя, цяпер чарнелі клубы дыму. Разбураныя і разварочаныя дамы, паваленыя, абвугленыя дрэвы — уся гэта страшная, злавесная карціна, скрытая да гэтага часу начной цемраю, цяпер, у перадсвітальных прыцемках, наглядна паўстала перад намі. Што-нішто цудам уцалела сярод усеагульнага разбурэння: белы чыгуначны семафор, частка аранжарэі, зелянеючай сярод развалінаў. У гісторыі войнаў не было такога няшчаднага ўсеагульнага разбурэння. Пабліскваючы ў ранішнім святле, тры металічныя гіганты стаялі каля ямы, іх каўпакі паварочваліся, як быццам яны любаваліся сваім апусташэннем.
Мне падалося, што яма стала шырэйшая. Спіралі зялёнага дыму няспынна ўзляталі насустрач ранішняй зары — падымаліся, клубіліся, падалі і знікалі.
Каля Чобхема ўзнімаліся слупы полымя. Яны ператвараліся ў слупы крывавага дыму пры першых сонечных промнях.
XII. Разбурэнне Ўэйбрыджа і Шэпертона
Калі зусім развіднела, мы адышлі ад вакна, адкуль назіралі за марсіянамі, і ціха спусіцліся ўніз.
Артылерыст пагадзіўся са мною, што ў доме заставацца небяспечна. Ён вырашыў ісці ў бок Лондана; там ён далучыцца да сваёй батарэі нумар 12 коннай артылерыі. Я ж хацеў вярнуцца ў Лезерхэд. Ашаломлены магутнасцю марсіянаў, я вырашыў неадкладна вывезці жонку ў Ньюхэвен, каб адтуль выехаць за мяжу. Мне было ясна, што ваколіцы Лондана непазбежна стануць арэнай разбуральнай барацьбы, перш чым удасца знішчыць пачвараў.
Але на шляху ў Лезерхэд знаходзіўся трэці цыліндр пад аховай гігантаў. Калі б я быў адзін, я, відаць, даверыўся б свайму лёсу і пусціўся напрасткі. Але артылерыст адгаварыў мяне.
— Наўрад ці вы паможаце жонцы, калі зробіце яе ўдавой, — сказаў ён.
У рэшце рэшт я згадзіўся ісці разам з ім, пад сховаю лесу, на поўнач да Стрыт-Кобхема. Адтуль я павінен быў зрабіць вялікі крук праз Эпсом, каб трапіць у Лезерхэд.
Я хацеў адправіцца цяпер жа, але мой спадарожнік, салдат, быў вопытнейшы за мяне. Ён прымусіў мяне абшукаць увесь дом і знайсці біклагу, у якую наліў віскі. Мы набілі ўсе свае кішэні сухарамі і скрылямі мяса. Потым выйшлі з дому і пусціліся бягом уніз па размытай дарозе, па якой я ішоў мінулай ноччу. Дамы здаваліся вымерлымі. На дарозе ляжалі побач тры апаленыя целы, пазбаўленыя жыцця цеплавым промнем. Дзе-нідзе валяліся кінутыя ці згубленыя рэчы: гадзіннік, туфлі, сярэбраная лыжка і іншыя дробныя прадметы. На паваротцы да паштовай канторы ляжала на баку са зломаным колам распрэжаная цялежка, нагружаная скрынкамі і мэбляй. Незгараемая каса была, відаць, наспех адкрыта і кінута сярод хламу.