Выбрать главу

Дамы ў гэтай частцы не вельмі пацярпелі, гарэла толькі вартоўня прытулка. Цеплавы прамень збрыў коміны і прайшоў далей. Акрамя нас, на Мэйбэры-Хіле не было ні душы. Большая частка жыхароў збегла, верагодна, у Стары Ўокінг па той дарозе, па якой я ехаў у Лезерхэд, ці схавалася дзе-небудзь.

Мы спусціліся па дарозе ўніз, прайшлі міма мокрага чалавечага трупа ў чорным касцюме. Увайшлі ў лес ля падножжа гары і дабраліся да палатна чыгункі, нікога не сустрэўшы. Лес па той бок чыгункі здаваўся скразным бураломам, большая частка дрэў была павалена і толькі дзе-нідзе злавесна тырчалі абпаленыя ствалы з цёмна-бурай лістотай.

На нашым баку агонь толькі абпаліў бліжэйшыя дрэвы, вялікага апусташэння не было. У адным месцы лесарубы, відавочна, працавалі яшчэ ў суботу. Паваленыя свежапрыбраныя дрэвы ляжалі на просецы на кучы пілавіння каля паравой лесапільні. Побач стаяла пустая хібара. Было ціха; паветра здавалася нерухомым. Нават птушкі кудысьці зніклі. Мы з артылерыстам перамаўляліся шэптам і часта азіраліся па баках. Калі-нікалі мы спыняліся і прыслухоўваліся.

Неўзабаве мы падышлі да дарогі і пачулі стук капытоў: у бок Уокінга ехалі тры кавалерысты. Мы гукнулі іх, яны спыніліся, і мы паспяшылі да іх. Гэта былі лейтэнант і два радавыя 8-га гусарскага палка з нейкай прыладай накшталт тэадаліта; артылерыст растлумачыў мне, што гэта геліёграф.

— Вы першыя, каго я сустрэў на гэтай дарозе за ўсю раніцу, — сказаў лейтэнант. — Што тут творыцца?

У яго твары і голасе адчувалася рашучасць. Салдаты глядзелі на нас з цікаўнасцю. Артылерыст спусціўся з насыпу на дарогу і аддаў чэсць.

— Пушку нашу ўзарвалі мінулай ноччу, сэр. Я схаваўся. Даганяю батарэю, сэр. Вы, напэўна, убачыце марсіянаў, калі праедзеце яшчэ з паўмілі па гэтай дарозе.

— Якія яны сабою, чорт бы іх пабраў? — спытаў лейтэнант.

— Гіганты ў брані, сэр. Сто футаў вышыні. Тры нагі; цела накшталт алюмініевага, з вялізнай галавою ў каўпаку, сэр.

— Расказвай! — усклікнуў лейтэнант. — Што за лухту ты нясеш?

— Самі ўбачыце, сэр. У іх руках нейкая скрынка, сэр; з яе папыхвае агонь і забівае на месцы.

— Накшталт пушкі?

— Не, сэр. — І артылерыст пачаў апісваць дзеянне цеплавога промня. Лейтэнант перапыніў яго і павярнуўся да мяне. Я стаяў на насыпе каля дарогі.

— Вы таксама бачылі гэта? — спытаў ён.

— Чыстая праўда ўсё, — адказаў я.

— Ну, — сказаў лейтэнант, — я думаю, і мне не лішне паглядзець на іх. Слухай, — звярнуўся ён да артылерыста, — нас адправілі сюды, каб выселіць жыхароў з дамоў. Ты заявіся да брыгаднага генерала Марвіна і далажы яму ўсё, што ведаеш. Ён стаіць ва Ўэмбрыджы. Дарогу ведаеш?

— Я ведаю, — сказаў я.

Лейтэнант павярнуў каня.

— Вы кажаце, паўмілі? — спытаў ён.

— Не болей, — адказаў я і паказаў на вершаліны дрэваў на поўдзень. Ён падзякаваў мне і паехаў. Больш мы яго не бачылі.

Пасля мы ўбачылі трох жанчын і дваіх дзяцей на дарозе каля рабочага доміка; яны загружалі ручную цялежку вандзэлкамі і хатнім скарбам. Яны былі настолькі занятыя, што не сталі з намі гаварыць. Каля станцыі Байфліт мы выйшлі з сасновага лесу. У промнях ранішняга сонца мясцовасць здавалася мірнай! Тут мы былі ўжо за межамі дзеяння цеплавога промня; калі б ні апусцелыя дамы, ні мітусня і зборы жыхароў, ні салдаты на чыгуначным мосце, якія глядзелі ўздоўж лініі на Ўокінг, дзень быў бы падобны на звычайную нядзелю.

Некалькі падводаў і фургонаў са скрыпам рухалася па дарозе на Адлстон. Праз вароты ў загарадзі мы ўбачылі на лузе шэсць пушак-дванаццаціфунтовак, якія былі акуратна расстаўлены на роўнай адлегласці адна ад адной і накіраваныя ў бок Уокінга. Прыслуга стаяла побач у чаканні, зарадныя скрынкі знаходзіліся на патрэбнай адлегласці. Салдаты стаялі быццам на аглядзе.

— Вось гэта здорава! — сказаў я. — Ва ўсякім выпадку, яны дадуць добры залп.

Артылерыст нерашуча спыніўся каля варотаў.

— Я пайду далей, — сказаў ён.

За мостам, бліжэй да Ўэйбрыджа салдаты ў белых рабочых куртках насыпалі доўгі вал, за якім тырчалі пушкі.

— Гэта ўсё роўна што лук і стрэлы супраць маланкі, — сказаў артылерыст. — Яны яшчэ не бачылі вогненнага промня.

Афіцэры, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў рабоце, глядзелі паверх дрэваў на паўднёвы захад; салдаты часта адрываліся ад работы і таксама паглядалі ў той бок.

Байфліт быў у разгубленасці. Жыхары пакавалі пажыткі, а дваццаць гусараў прыспешвалі іх. Тры ці чатыры чорныя санітарныя фургоны з крыжам на белым крузе і якісьці стары омнібус выгружаліся на вуліцы сярод іншых павозак. Многія жыхары апрануліся па-святочнаму. Салдаты даводзілі ім пра небяспеку становішча. Якісьці зморшчаны дзядок сярдзіта спрачаўся з капралам, патрабуючы, каб захапілі яго вялікую скрынку і дзесяткі два вазонаў з архідэямі. Я спыніўся і тузануў дзядка за рукаво.