— Вы ведаеце, што там робіцца? — спытаў я, паказваючы на вершаліны сасновага лесу, за якім былі марсіяне.
— Што? — павярнуўся ён. — Я кажу ім, што гэта нельга пакідаць.
— Смерць! — крыкнуў я. — Смерць ідзе на нас! Смерць!
Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, — я прыспешыў за артылерыстам. На рагу вуліцы я павярнуўся. Салдат адышоўся ад старога, а той усё яшчэ стаяў каля сваёй скрынкі і вазонаў з архідэямі, разгублена гледзячы ў бок лесу.
Ніхто ва Ўэйбрыджы не мог сказаць нам, дзе размяшчаецца штаб. Такога беспарадку я ніколі не бачыў. Паўсюль павозкі, экіпажы ўсіх відаў і разнамасныя коні. Шаноўныя жыхары мястэчка, спартсмены ў касцюмах для гольфа і веславання, святочна апранутыя жанчыны — усе пакаваліся; звычайныя разявакі энергічна памагалі, дзеці шумелі, задаволеныя такой незвычайнай нядзельнай забавай. Сярод усеагульнай мітусні мясцовы вядомы святар, не зважаючы ні на што, пад звон царкоўны служыў раннюю абедню.
Мы з артылерыстам прыселі на прыступцы калодзежа і збольшага падсілкаваліся. Патрулі — ужо не гусары, а грэнадзёры ў белых мундзірах — папярэджвалі жыхароў і прапаноўвалі ім або адыходзіць, або хавацца ў падвалах, як толькі пачнецца страляніна. Мінаючы чыгуначны мост, мы ўбачылі вялікі натоўп на станцыі і вакол яе; платформа кішэла людзьмі і была завалена скрынкамі і вандзэлкамі. Звычайны расклад быў парушаны, верагодна, для таго, каб падвезці войскі і зброю да Чэртсі; потым я чуў, што адбылася страшэнная даўка і бойка за месцы ў экстранных цягніках, пушчаных у другой палове дня.
Мы заставаліся ва Ўэйбрыджы да паловы дня. Каля шэпертонскага шлюза, дзе зліваюцца Тэмза і Ўэй, мы памаглі дзвюм старэнькім нагрузіць цялежку. Вусце ракі Ўэй мае тры рукавы, тут можна набыць лодку і ходзіць паром. На другім беразе віднелася харчоўня і перад ёй лагчынка, а далей над дрэвамі падымалася званіца шэпертонскай царквы — цяпер яна заменена шпілем.
Тут мы засталі шумны, узбуджаны натоўп беглякоў. Хоць панікі яшчэ не было, але жадаючых перабрацца на другі бераг аказалася значна больш, чым маглі змясціць лодкі. Людзі падыходзілі, задыхаючыся пад цяжкаю ношай. Адна сямейная пара цягнула нават невялікія ўваходныя дзверы ад свайго дома, на якіх былі складзены іх пажыткі. Нейкі мужчына сказаў нам, што хоча паспрабаваць паехаць са станцыі ў Шэпертоне.
Усе гучна размаўлялі; хтосьці нават строіў жарты. Многія думалі, што марсіяне — гэта проста людзі-веліканы; яны могуць напасці на горад і спустошыць яго, але, вядома, у рэшце рэшт будуць знішчаны. Усе трывожна паглядалі на другі бераг, на лугі каля Чэртсі, але там было спакойна.
На тым баку Тэмзы, акрамя месца, дзе прычальвалі лодкі, таксама было спакойна — рэзкі кантраст з Сэрэем. Людзі, выходзячы з лодак, падымаліся ўверх па дарозе. Вялікі паром толькі што пераплыў. Тры ці чатыры салдаты стаялі на лужку каля харчоўні і кпілі з беглякоў, не прапаноўваючы ім сваіх паслуг. Харчоўня была зачынена, як звычайна ў гэты час.
— Што гэта? — крыкнуў раптам адзін з лодачнікаў. — Ціха ты! — цыкнуў хтосьці каля мяне на брахлівага сабаку. Гук паўтараўся, на гэты раз з боку Чэртсі: прыглушаны гул — пушачны выстрал.
Пачаўся бой. Прыхаваныя дрэвамі батарэі за ракою направа ад нас уступілі ў агульны хор, цяжка бухаючы адна за адной. Закрычала жанчына. Усе спыніліся як укопаныя і павярнулі ў бок блізкага, але нябачнага бою. На шырокіх лугах не было нічога, акрамя кароў, якія мірна пасвіліся, і серабрыстых вербаў, нерухомых у промнях гарачага сонца.
— Салдаты затрымаюць іх, — няўпэўненым тонам прагаварыла жанчына каля мяне.
Над лесам паказаўся дымок.
І раптам мы ўбачылі — далёка ўверх па цячэнні ракі — клуб дыму, які ўзляцеў і завіс у паветры; і тут жа глеба ў нас пад нагамі задрыжала, аглушальны выбух скалануў паветра; разляцеліся шыбы ў суседніх дамах. Усе анямелі ад здзіўлення.
— Вунь яны! — закрычаў якісьці чалавек у сіняй куфайцы. — Вунь там! Бачыце! Вунь там!
Хутка, адзін за адным паявіліся пакрытыя бранёй марсіяне — адзін, два, тры, чатыры — далёка-далёка над маладым ляском за лугамі над Чэртсі. Спачатку яны здаваліся маленькімі фігуркамі ў каўпаках і рухаліся быццам на колах, але з хуткасцю птушак.
Яны спешна спускаліся да ракі. Злева, наўскасяк, да іх набліжаўся пяты. Іх браня блішчэла на сонцы; набліжаючыся, яны хутка павялічваліся. Самы дальні з іх на левым фланзе высока падняў вялікую скрынку, і страшны цеплавы прамень, які я ўжо бачыў у ноч на суботу, слізгануў у бок Чэртсі і ўдарыў па горадзе.