Убачыўшы гэтых дзіўных хуткаходных пачвараў, людзі на беразе здранцвелі ад страху. Ні воклічаў, ні крыкаў — мёртвае маўчанне. Потым хрыплы шэпт і рух ног — боўтанне па вадзе. Якісьці чалавек, напалохаўшыся, не здагадаўшыся скінуць груз з плячэй, павярнуўся і краем свайго чамадана так моцна стукнуў, што ледзь не зваліў мяне з ног. Нейкая жанчына адпіхнула мяне і кінулася бегчы. Я таксама пабег з натоўпам, але ўсё ж не страціў развагі. Я падумаў аб страшэнным цеплавым промні. Нырнуць у ваду! Лепш за ўсё!
— Нырайце! — крычаў я, але ніхто мяне не слухаў.
Я кінуўся ўніз па пакатым беразе прама насустрач марсіяніну, які набліжаўся, і рынуўся ў ваду. Хтосьці зрабіў тое самае. Я паспеў заўважыць, як толькі што адчаленая лодка, рассоўваючы людзей, урэзалася ў бераг. Дно пад нагамі было слізкае ад ціны, а рака настолькі мелкая, што я прабег каля дваццаці футаў, а вада дасягала мне толькі да пояса. Калі за ярдаў дзвесце над маёй галавой паказаўся марсіянін, я лёг ніцма ў ваду. У маіх вушах, як удары грому, аддаваўся ўсплеск вады — людзі скакалі з лодак. Іншыя спешна высаджваліся, узбіраліся на бераг.
Але марсіянін глядзеў на мітуслівых людзей так, як чалавек на мурашак, ступіўшы нагой на мурашнік. Калі, задыхаючыся, я падняў галаву над вадой, каўпак марсіяніна быў павернуты да батарэяў, якія ўсё яшчэ абстрэльвалі раку; наблізіўшыся, ён чымсьці ўзмахнуў, відаць, генератарам цеплавога промня.
У наступны момант ён быў ужо на беразе і ступіў на сярэдзіну ракі. Калені яго пярэдніх ног упіраліся ў супрацьлеглы бераг. Яшчэ момант — і ён выпрастаўся ва ўвесь рост ужо каля самага пасёлка Шапертон; следам за тым шэсць пушак (ніхто не ведаў пра іх на тым беразе, бо яны былі прыхаваны ў ваколіцы) далі залп. Сэрца маё моцна забілася. Пачвара ўжо нацэліла камеру цеплавога промня, калі першы снарад разарваўся за шэсць ярдаў над яго каўпаком.
Я крыкнуў ад здзіўлення. Я забыў пра астатніх чатырох марсіянаў: уся мая ўвага была паглынута падзеямі. Амаль адначасова з першым разарваліся два другія снарады; каўпак тузануўся, ухіляючыся ад іх, але чацвёрты трапіў прама ў твар марсіяніну.
Каўпак трэснуў і разляцеўся ва ўсе бакі кускамі чырвонага мяса і бліскучага металу.
— Забіты! — закрычаў я не сваім голасам.
Мой крык падхапілі людзі, якія стаялі вакол мяне ў рацэ.
Ад радасці я гатовы быў выскачыць з вады.
Абезгалоўлены гігант пахіснуўся, як п'яны, але не ўпаў, захаваўшы нейкім цудам раўнавагу. Нікім не кіруемы, з высока ўзнятай камерай, якая выпускала цеплавы прамень, ён хутка, але няўпэўнена ступаў па Шэпертоне. Яго жывы мозг быў разарваны на кускі, і пачвара стала цяпер сляпой машынай разбурэння. Яна крочыла па прамой лініі, наштурхнулася на званіцу шэпертонскай царквы і, раструшчыўшы яе, як таранам, шарахнулася, спатыкнулася і з грукатам рухнула ў раку.
Раздаўся аглушальны выбух, і смерч вады, пары, гразі і абломкаў металу ўзляцеў высока ў неба. Як толькі камера цеплавога промня апусцілася ў ваду, яна стала ператварацца ў пару. У тую ж секунду агромністая мутная хваля, кіпучая, гарачая, пакацілася супраць цячэння. Я бачыў, як людзі барахталіся, стараючыся выбрацца на бераг, і чуў іх енк, што прыглушаўся шумам бурнай вады і грукатам таго марсіяніна.
Не зважаючы на гарачыню, забыўшыся пра небяспеку, я паплыў па бурлівай рацэ, адпіхнуўшы нейкага чалавека ў чорным, і дабраўся да павароткі. З паўдзюжыны пустых лодак бездапаможна гайдаліся на хвалях. Далей, уніз па цячэнні, упоперак ракі ляжаў марсіянін, амаль увесь пад вадой.
Густыя воблакі пары ўзнімаліся над месцам падзення, і праз іх рваную мігатлівую павалоку час ад часу я глядзеў на вялізныя органы пачвары, якая ўздрыгвала і выкідвала ў паветра фантаны гразі і пены. Шчупальцы размахвалі і біліся, як рукі, і калі б не бязмэтнасць гэтых рухаў, то можна было б падумаць, што нейкая раненая істота змагаецца за жыццё сярод хваляў. Чырванавата-бурая вадкасць з гучным шыпеннем струменем біла ўверх з машыны.
Мая ўвага была адцягнута ад гэтага відовішча магутным рэвам, нібы раўла паравая сірэна. Нейкі чалавек, стоячы па калені ў вадзе каля берага, нешта крычаў мне, паказваючы пальцам, але я не мог зразумець яго слоў. Азірнуўшыся, я ўбачыў другіх марсіянаў, якія вялізнымі крокамі рухаліся ад Чэртсі да берага ракі. Пушкі ў Шэпертоне адкрылі агонь, але на гэты раз безвынікова.