Я тут жа нырнуў і з цяжкасцю плыў, затрымліваючы дыханне, пакуль хапала сілы. Вада бурліла і хутка награвалася.
Калі я вынырнуў на хвіліну, каб перавесці дыханне, і адкінуў валасы з вачэй, то ўбачыў, што вакол белымі кругамі ўзнімаецца пара, засланяючы марсіянаў. Шум быў аглушальны. Затым я ўбачыў шэрых веліканаў, якія ў тумане здаваліся яшчэ большымі. Яны прайшлі міма, двое з іх нагнуліся над астанкамі свайго калегі, якія яшчэ пеніліся і ўздрыгвалі.
Трэці і чацвёрты таксама спыніліся, адзін — за ярдаў дзвесце ад мяне, другі — бліжэй да Лэйлхема. Генератары цеплавога промня былі высока ўзняты, і промні з шыпеннем падалі ў розныя бакі.
Паветра звінела ад аглушальнага хаосу гукаў: металічны рык марсіянаў, грукат падаючых дамоў, трэск ахопленых полымем дрэваў, платоў, хлявоў, гул і шыпенне агню. Густы чорны дым узнімаўся ўверх і перамешваўся з клубамі пары над ракой. Дакрананне цеплавога промня, які «хадзіў» па Ўэйбрыджы, выклікала ўспышкі асляпляльнага белага полымя і дымныя скокі вогненных языкоў. Самыя блізкія дамы стаялі яшчэ некранутымі, чакаючы свайго часу, змрочныя, цёмныя, ахутаныя параю, а за імі бушаваў агонь.
З хвіліну я стаяў па грудзі ў кіпятку, разгублены, без надзеі на выратаванне. Праз пару я бачыў, як людзі вылазяць з вады, чапляючыся за чарот, як лягушкі, што скачуць па траве; іншыя ў паніцы бегалі па беразе.
Раптам белыя ўспышкі цеплавога промня сталі набліжацца да мяне. Ад яго дакранання рушыліся ахопленыя полымем дамы; дрэвы з гучным трэскам ператвараліся ў вогненныя слупы. Прамень слізгаў уверх і ўніз па берагавой сцежцы, змятаючы людзей, якія разбягаліся, і нарэшце спусціўся на ваду, ярдаў за пяцьдзесят ад таго месца, дзе я стаяў, потым перанёсся на другі бераг, к Шэпертону: вада закіпела і стала ператварацца ў пару. Я кінуўся на бераг.
У наступны момант вялізная гарачая хваля абрушылася на мяне. Я закрычаў і, паўсляпы, апараны, здзічэлы ад болю, стаў выбірацца на бераг. Варта было мне пакаўзнуцца, і ўсё было б скончана. Знясілены, я ўпаў перад марсіянамі на шырокай пясчанай водмелі, дзе пад вуглом сыходзяцца Ўэй і Тэмза. Я не сумняваўся, што мяне чакае смерць.
Помню, як у сне, што нага марсіяніна прасунулася за ярдаў дваццаць ад маёй галавы, вязнучы ў пяску, разварочваючы яго. Пасля працяглага і пакутлівага прамежку часу я ўбачыў, як чатыры марсіяніны пранеслі астанкі свайго калегі; яны ішлі, то ясна бачныя, то прыхаваныя павалокаю дыму, які распаўзаўся па рацэ і лугах. Потым паціху я пачаў усведамляць, што нейкім цудам не загінуў.
XIII. Сустрэча са святаром
Адчуўшы на сабе так нечакана сілу зямной зброі, марсіяне адступілі на свае пачатковыя пазіцыі на Хорселскай пустцы; яны спяшаліся вынесці астанкі свайго разарванага снарадамі калегі і таму не звярталі ўвагі на такіх бездапаможных беглякоў, як я. Калі б яны кінулі яго і рушылі далей, то не сустрэлі б на сваім шляху ніякага супраціўлення, акрамя некалькіх батарэяў пушак-дванаццаціфунтовак, і, безумоўна, дасягнулі б Лондана раней, чым туды дайшла чутка пра іх набліжэнне. Іх нашэсце было б такім жа нечаканым, смертаносным і страшным, як землетрасенне, у выніку якога сто гадоў назад быў разбураны Лісабон.
Дарэчы, ім не трэба было спяшацца. З міжпланетнай прасторы кожныя дваццаць чатыры гадзіны, дастаўляючы ім падмацаванне, падаў цыліндр. Між тым ваенныя і марскія ўлады рыхтаваліся з ліхаманкавай паспешлівасцю, зразумеўшы нарэшце страшную сілу праціўніка. Штохвілінна ўстанаўлівалі новыя пушкі. Да змяркання з кожнага куста, з кожнай прыгараднай дачы бліз Кінгстана і Рычманда ўжо тырчала чорнае пушачнае жарало. На ўсёй выпаленай і спустошанай прасторы ў дваццаць квадратных міляў вакол лагера марсіянаў на Хорселскай пустцы, сярод папялішчаў і развалін, пад чорнымі, абгарэлымі астаткамі соснаў, поўзалі самаадданыя разведчыкі з геліёграфамі, гатовыя тут жа папярэдзіць артылерыю аб набліжэнні марсіянаў. Але марсіяне зразумелі сілу нашай артылерыі і нябеспеку ад блізкасці з людзьмі; кожны, хто разыкнуў бы падысці да аднаго з цыліндраў бліжэй, чым за мілю, заплаціў бы жыццём.
Відаць, гіганты, патрацілі дзённыя гадзіны на перавозку грузу другога і трэцяга цыліндраў — другі ўпаў каля Адлстона на пляцоўку для гульні ў гольф, трэці каля Пірфарда — бліз ямы на Хорселскай пустцы. Узвышаючыся над пачарнелым верасам і разбуранымі будынкамі, на варце стаяў адзін марсіянін, астатнія ж спусціліся са сваіх баявых машын у яму. Яны старанна працавалі да позняй ночы; з ямы вырываліся клубы густога зялёнага дыму, які быў бачны з узгоркаў Мероў і нават, як кажуць, з Бенстэда і Эпсома.