Пакуль марсіяне рыхтаваліся да новай вылазкі, а чалавецтва збіралася даць ім адпор, я з вялікай цяжкасцю і мучэннямі прабіраўся ад дымных пажарышчаў Уэйбрыджа да Лондана.
Убачыўшы на вадзе ўніз па цячэнню пустую лодку, я скінуў частку свайго прамоклага адзення, падплыў да яе і такім чынам выбраўся з раёна разбурэнняў. Вёслаў не было, я стараўся грэбсці абпаленымі рукамі і паволі набліжаўся да Голіфорда і Ўолтана, баязліва азіраючыся па зразумелых прычынах. Я выбраў водны шлях, бо на вадзе лягчэй было выратавацца пры выпадку сустрэчы з гігантамі.
Вада, якая закіпела пры падзенні марсіяніна, выпаралася, і таму амаль на працягу мілі абодва берагі былі ахутаны параю.
Між іншым, адзін раз мне пашанцавала разгледзець чорныя фігуркі людзей, якія беглі лугамі прэч ад Уэйбрыджа. Голіфорд здаваўся вымерлым, гарэла некалькі прыбярэжных дамоў. Непрывычна было бачыць пад гарачым блакітным небам спакойнае і бязлюднае паселішча, над якім узляталі языкі полымя і клубіўся дым. Першы раз бачыў я пажар без мітуслівага натоўпу. Сухі чарот на водмелі дыміўся і ўспыхваў; і агонь паволі падбіраўся да стагоў сена, што стаялі воддаль.
Доўга я плыў па цячэнні, стомлены і змардаваны ўсім перажытым. Нават на вадзе было вельмі горача. Але страх адольваў стомленасць, і я зноў пачаў грэбсці рукамі. Сонца пякло маю аголеную спіну. Калі за паваротам паказаўся Ўолтанскі мост, ліхаманка і слабасць пераадолелі страх; я прычаліў на водмелі Мідлсэкса і ў поўнай непрытомнасці ўпаў на траву. Сонца паказвала на пяць гадзін. Потым я падняўся, прайшоў з паўмілі, нікога не сустрэўшы, і зноў улёгся ў цяньку пад дрэвамі. Помню, я гаварыў сам з сабою ўслых, як ачмурэлы. Мяне мучыла смага, і шкадаваў я, што не напіўся на рэчцы. Я чамусьці злаваўся на сваю жонку; мяне вельмі раздражняла, што я ніяк не мог дабрацца да Лезерхэда.
Не помню, як паявіўся святар, — магчыма, я задрамаў. Я ўбачыў, што ён сядзіць побач са мною ў запэцканай сажаю кашулі. Падняўшы ўверх гладка выбрыты твар, ён пільна, глядзеў на бледныя водбліскі, што прабягалі па небе. Яно было ўслана баранчыкамі — лёгкімі пушыстымі аблокамі, крышку падфарбаванымі летнім заходам сонца.
Я прыўзняўся, і ён павярнуўся да мяне.
— У вас ёсць вада? — спытаў ён.
З хвіліну мы маўчалі, разглядаючы адзін аднаго. Вераемна, я здаўся яму дзіўным: амаль голы — на мне былі толькі прамоклыя наскрозь штаны і шкарпэткі, — чырвоныя ад апёкаў, з тварам і шыяй, чорнымі ад дыму. У яго быў выгляд слабавольнага чалавека: нізкі лоб, вялікія блакітныя вочы глядзелі ўважліва і сумна.
Ён гаварыў адрывіста, гледзячы ў прастору.
— Што адбываецца? — спытаў ён. — Што азначае ўсё гэта?
Я паглядзеў на яго і нічога не адказаў.
Ён выпрастаў белую тонкую руку і загаварыў, як у жалобе:
— Як гэта магло здарыцца? Чым мы саграшылі? Я скончыў ранішнюю службу і прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву і падрыхтавацца да пропаведзі, і раптам — агонь, землетрасенне, смерць! Садом і Гамора! Прапала ўся наша праца, уся праца… Хто такія гэтыя марсіяне?
— А хто такія мы самі? — адказаў я, адкашліваючыся.
Ён абхапіў рукамі калені і зноў павярнуўся да мяне. З паўхвіліны ён моўчкі глядзеў на мяне.
— Я прагульваўся па дарозе, каб асвяжыць галаву, — паўтарыў ён. — І раптам — агонь, землетрасенне, смерць!
Ён змоўк; падбародак яго ледзь не дакранаўся да каленяў.
Потым зноў загаварыў, размахваючы рукою:
— Уся праца… усе нядзельныя школы… У чым мы вінаватыя? У чым вінаваты Ўэйбрыдж? Усё знікла, усё разбурана. Царква! Мы толькі тры гады назад яе занава адбудавалі. І вось яна знікла, выцерта з твару зямлі! За што?
Новая паўза, і зноў ён загаварыў, як звар'яцелы.
— Дым ад гэтага пажарышча будзе вечна ўзносіцца да неба! — усклікнуў ён.
Яго вочы бліснулі, тонкі палец паказваў на Ўэйбрыдж.
Я пачаў здагадвацца, што гэта псіхічнахворы. Страшная трагедыя, сведкам якой ён стаў (відаць, яго выратавалі ногі, ён уцёк з Уэйбрыджа), давяла яго да вар'яцтва.
— Далёка адсюль да Санбэры? — спытаў я па-дзелавому.
— Што ж нам рабіць? — сказаў ён. — Няўжо гэтыя вылюдкі паўсюль? Няўжо зямля аддадзена пад іх уладу?
— Далёка адсюль да Санбэры?
— Толькі ж сёння раніцай я служыў раннюю абедню…
— Абставіны памяняліся, — сказаў я спакойна. — Не гаруйце. Ёсць яшчэ надзея.
— Надзея!
— Так, надзея, нягледзячы на ўвесь гэты жах!
Я пачаў яму выкладваць свае думкі аб нашым становішчы. Спачатку ён слухаў з цікаўнасцю, але неўзабаве зноў стаў абыякавы і адвярнуўся.
— Гэта — пачатак канца, — перарваў ён мяне. — Канец. Дзень Страшнага суда. Людзі будуць маліць горы і скалы ўпасці на іх і схаваць ад асобы, якая займае прастол.