Яго словы пацвердзілі маю здагадку. Сабраўшыся з думкамі, я ўстаў і паклаў яму на плячо руку.
— Будзьце мужчынам, — сказаў я. — Вы проста разгубіліся. Добрая вера, калі яна не можа супрацьстаяць няшчасцю. Падумайце, колькі разоў у гісторыі чалавецтва бывалі землетрасенні, патопы, войны і вывяржэнні вулканаў. Чаму бог павінен быў зрабіць выключэнне для Ўэйбрыджа?.. Бог жа не страхавы агент.
Ён моўчкі слухаў.
— Але як мы можам выратавацца? — раптам спытаў ён. — Яны недасягальныя, яны бязлітасныя…
— Можа быць, ні тое, ні другое, — адказаў я. — Чым больш магутныя яны, тым больш асцярожнымі і разумнымі павінны быць мы. Адзін з іх забіты тры гадзіны таму.
— Забіты? — усклікнуў ён, зірнуўшы на мяне. — Хіба можа быць забіты боскі вястун?
— Я бачыў гэта, — прадаўжаў я. — Мы з вамі трапілі ў самую звалку і толькі ўсяго.
— Што гэта там мігае ў небе? — нечакана спытаў ён. Я растлумачыў яму, што гэта сігналы геліёграфа і што яны азначаюць дапамогу, якую нясуць нам людзі.
— Мы знаходзімся якраз у самай гушчы, хоць вакол усё спакойна. Мільганне ў небе апавяшчае пра немінучую навальніцу. Вунь там, я так думаю, марсіяне, а ў баку Лондана, там, дзе пагоркі ўзвышаюцца над Рычмандам і Кінгстанам, пад сховаю дрэваў капаюць траншэі і ўстанаўліваюць зброю. Марсіяне, відаць, пойдуць па гэтай дарозе.
Не паспеў я кончыць, як ён ускочыў і перапыніў мяне жэстам.
— Слухайце! — сказаў ён.
З-за нізкіх пагоркаў за рэчкаю даносіўся глухі гул аддаленай стральбы і якісьці далёкі жахлівы крык. Потым усё заціхла. На захадзе, высока, над дымам, што засцілаў Уэйбрыдж і Шэпертон, пабліскваў бледны месяц.
— Нам трэба ісці па гэтай сцежцы на поўнач, — сказаў я.
XIV. У Лондане
Мой малодшы брат быў у Лондане ў той час, калі ва Ўокінгу ўпаў першы цыліндр. Ён быў студэнт-медык і рыхтаваўся да будучага экзамену; да суботы ён нічога не чуў аб прыбыцці марсіянаў. Ранішнія суботнія газеты ў дадатак да вялікіх спецыяльных артыкулаў пра Марс, пра жыццё на ім і гэтак далей надрукавалі даволі туманнае паведамленне, якое здзіўляла сваёй кароткасцю.
Паведамлялася, што марсіяне, напалоханыя набліжэннем натоўпу, забілі некалькі чалавек з дапамогай хуткастрэльнай пушкі. Тэлеграма заканчвалася словамі: «Марсіяне, хоць і здаюцца грознымі, не вылезлі з ямы, у якую ўпаў снарад, і, відаць, не могуць гэтага зрабіць. Магчыма, гэта выклікана большаю сілай зямнога прыцягнення». У перадавіцах асабліва падкрэслівалася гэта апошняя акалічнасць.
Канешне, усе студэнты, якія рыхтаваліся да экзамену па біялогіі ва ўніверсітэце, куды накіраваўся ў той дзень і мой брат, вельмі зацікавіліся паведамленнем, але на вуліцах не было асаблівага ажыўлення. Вячэрнія газеты выйшлі з сенсацыйнымі загалоўкамі. Але яны паведамілі толькі пра рух войска да пусткі і пра палыхаючыя сасновыя лясы паміж Уокінгам і Ўэйбрыджам. У восем гадзін «Сент-Джэймс газэт» у тэрміновым выпуску коратка паведаміла пра тое, што сапсаваўся тэлеграф. Меркавалі, што лінія пашкоджана соснамі, якія ўпалі ў выніку пажару. Гэтай ноччу — калі я ездзіў у Лезерхэд, і назад, — яшчэ нічога не было вядома пра бітву.
Брат не турбаваўся пра нас, бо ведаў з газет, што цыліндр знаходзіцца па меншай меры за дзве мілі ад майго дома. Ён збіраўся паехаць ка мне ў гэтую ноч, каб, як ён потым расказваў, паглядзець на пачвараў, пакуль іх не знішчылі. Ён паслаў мне тэлеграму а чацвёртай гадзіне, а вечарам пайшоў у мюзік-хол; тэлеграма да мяне так і не дайшла.
У Лондане ноччу з суботы на нядзелю таксама распачалася навальніца, і брат мой даехаў да вакзала Ватэрлоо з рамізнікам. На платформе, з якой звычайна адпраўляецца дванаццацігадзінны цягнік, ён даведаўся, што ў гэтую ноч цягнікі чамусьці не ходзяць да Ўокінга. Чаму, ён так і не змог дабіцца: чыгуначная адміністрацыя і тая дакладна нічога не ведала. На вакзале было ўсё спакойна; чыгуначнікі меркавалі, што адбылося крушэнне паміж Байфлітам і вузлавой станцыяй Уокінг. Вячэрнія цягнікі, якія ішлі звычайна праз Уокінг, накіроўваліся праз Вірджынія-Уотэр ці Гілфард. Многа клопатаў дадала чыгуначнікам змена маршрутаў экскурсіі саўтгемптонскай і портсмутскай Уваскрэснай лігі. Нейкі рэпарцёр вячэрняй газеты, памылкова ўспрыняўшы брата за начальніка руху (на якога брат быў крыху падобны), спрабаваў узяць у яго інтэрв'ю. Нават чыгуначнікі не тлумачылі крушэнне сувяззю з марсіянамі.
Пасля я чытаў у нейкай газеце, быццам яшчэ раніцай у нядзелю «ўвесь Лондан быў наэлектрызаваны паведамленнямі з Уокінга». У сапраўднасці нічога падобнага не было. Большасць жыхароў Лондана ўпершыню пачула пра марсіянаў толькі ў панядзелак раніцай, калі ўсчалася паніка. Нават тыя, хто чытаў газеты, не адразу зразумелі спехам складзенае паведамленне. Большасць лонданцаў нядзельных газет не чытае.